“Утрымліваць высока ўзнятую планку”

Общество

Аляксандр Яўгеньевіч Кашырын уручае Ганаровую грамату настаўніцы СШ №5 Раісе Генадзьеўне Кашко.

Такое пажаданне  выказаў удзельнікам урачыстага сходу, прысвечанага Дню настаўніка, і ўсім педагогам Пастаўшчыны начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Яўгеньевіч КАШЫРЫН.

Шмат гадоў гэта свята прыхо     дзіць у першую нядзелю кастрычніка і так ці інакш датычыць кожнага, бо менавіта дзякуючы настаўнікам мы атрымалі веды і навыкі, змаглі выбраць сваю дарогу ў жыцці. І сёння ў нашым раёне каля 800 настаўнікаў і  выхавальнікаў ажыццяўляюць вучэбны і выхаваўчы працэсы. У гэтым ім садзейнічаюць амаль 500 тэхнічных і бухгалтаркіх работнікаў, вадзіцеляў і іншых спецыялістаў. Кожны на сваім месцы імкнецца добрасумленна і адказна выконваць службовыя абавязкі і задачы, якія стаяць перад аддзелам адукацыі, школамі, дзіцячымі садамі, іншымі ўстановамі.

Галоўныя з іх, як адзначыў у прывітанні А. Я. Кашырын, — даваць вучням трывалыя веды, выхоўваць усебакова развітую асобу. Калі зыходзіць з гэтых па­зіцый, то для педагогаў Пастаўшчыны мінулы навучальны год выдаўся асабліва плённым, стаў адным з самых паспяховых, бо вучні розных узростаў пры непасрэдным удзеле настаўнікаў дасягнулі высокіх паказчыкаў на розных абласных і рэспубліканскіх конкурсах і аглядах. Унушальныя дасягненні юных пастаўчан, якія ўдзельнічалі ў прадметных алімпіядах. На абласным этапе яны заваявалі 9 дыпломаў і ўпершыню за ўсю гісторыю  адукацыі раёна ўдастоены 3 дыпломаў пераможцы і прызёраў рэспубліканскага фіналу алімпіяды. Па колькасці атрыманых узнагарод сярод сельскіх раёнаў Віцебшчыны пастаўскія школьнікі трывала займаюць другое месца.

Настаўнікі СШ №3 Наталія Валянцінаўна Касцень і Наталля Генадзьеўна Пабя¬дзінская (крайнія злева і справа) узнагароджаны Ганаровымі граматамі райаддзела адукацыі. Праца намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №3 Таццяны Філіпаўны Крук адзначана Падзякай старшыні райвыканкама, а СШ №4 Алены Ві¬тальеўны Сцяпанавай — Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.

— Гэта заслуга не толькі дзяцей, але і выхавальнікаў дзіцячых садоў, настаўнікаў пачатковых класаў, настаўнікаў-прадметнікаў, педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, кіраўнікоў навучальных устаноў, метадыстаў райаддзела адукацыі, спорту і турызму. Словам, гэта наша агульная перамога і заслуга. Цяпер трэба так будаваць работу, каб утрымліваць  высока ўзнятую планку, — адзначыў А. Я. Кашырын.

Калі меркаваць  па добрай падрыхтоўцы школ да новага навучальнага года —  а яна праходзіла ва ўмовах абмежаваных фінансавых магчымасцей, — то і ў горадзе, і на сяле не збіраюцца здаваць заваяваных пазіцый. Важна і тое, што настаўнікі застаюцца ўплывовай сілай у грамадскім жыцці раёна. Гэта засведчылі нядаўнія выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ад імя райвыканкама і ўпраўлення адукацыі аблвыканкама А. Я. Кашырын па­дзякаваў усім педагогам раёна за рэзультатыўную працу ў ініцыятыўных групах, участковых камісіях, іншых выбарчых структурах.

Выступаюць юныя артысты Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай школы мастацтваў.

Цёплыя, сардэчныя віншаванні прагучалі ў адрас ветэранаў. Іх і ўсіх  ­удзельнікаў урачыстасці віталі таксама гурткоўцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі. А затым адбылася цырымонія ўзнагароджвання. Першымі Ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама атрымалі настаўнікі Раіса Генадзьеўна Кашко (СШ №5), Мікалай Алегавіч Атрахімовіч (Варапаеўская СШ) і Алена Пятроўна Макоўская (Дуніла­віцкая СШ), вучні якіх выдатна выступілі ў фінале рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Вялікай групе педагогаў — прадстаўнікам практычна ўсіх школ і дашкольных устаноў — былі ўручаны ўзнагароды раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Ад імя самай масавай грамадскай арганізацыі  прысутных у зале РДК, а ў іх асобе ўсіх педагогаў Пастаўшчыны, павіншавала старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Казіміраўна Грачанік. Яна ўручыла ўзнагароды абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі намесніку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталлі Уладзіміраўне Есьман і старшыням прафсаюзных камітэтаў Варапаеўскай СШ Мікалаю Алегавічу Атрахімовічу і СШ №1 г. Паставы Але Уладзіміраўне Дзямчук.

Выдатны музычны падарунак педагогам падрыхтавалі выхаванцы і выкладчыкі  Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў. Шчырымі апладысментамі сустракалі яны выступленні народнага ансамбля народнай песні “Маладзіца”, дзіцячага танцавальнага калектыву “Дзяцінства”, вакальнай групы, салістаў і іншых выканаўцаў. Усе засталіся ў захапленні ад канцэртнай праграмы.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.