Увасобяць ідэі ў жыццё

Общество

У прэзідыуме М. П. Нагановіч, К. Мацюшонак і Л. Жук.

6 кастрычніка адбылося чарговае пасяджэнне Маладзёжнай палаты пры пастаўскім раённым Савеце дэпутатаў, падчас якога падведзены вынікі работы за тры летнія месяцы, зацверджаны план мерапрыемстваў на 2016/2017 навучальны год.

У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел кіраўнік спраў райвыканкама У. З. Гутар, старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях мясцовага самакіравання і рэгламенту раённага Савета дэпутатаў, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама М. П. Нагановіч, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, дырэктар СШ №1 П. Ю. Трава, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў А. У. Мінкевіч, другі сакратар райкама БРСМ В. Л. Казлоўская, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С. У. Падгайская і намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце гарадскіх і сельскіх школ.

Пасля заняцця месцаў у прэзідыуме і абрання сакратарыята для вя­дзення пратакола пасяджэння, рэгістрацыі пытанняў і заяў (у яго склад увайшлі старшыня камісіі па пытаннях экалогіі, развіцця валанцёрскага руху і сувязях з грамадскімі арганізацыямі, СМІ Андрэй Гутараў і старшыня камісіі па папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, прапагандзе здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі Іван Шыман) намеснік старшыні Мала­дзёжнай палаты Лізавета Жук паведаміла прысутным пра тое, якімі грамадска значнымі справамі займалася актыўная моладзь раёна падчас летніх канікул. Яна падрабязна спыні­лася на праведзеных мерапрыемствах па кожным з пяці напрамкаў дзейнасці. У прыватнасці, маладзёжныя лідары прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня Незалежнасці нашай краіны: акцыях “За Беларусь!” і “Спяём гімн разам!”, арганізавалі начную дыскатэку. Удзельнікі  патрыятычных клубаў “Памяць” і “Падлетак” правялі пошукава-даследчыя экспедыцыі ў рамках праекта “Абеліск на карце раёна”, арганізавалі работы па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. А адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”, які адбыўся ў сярэдзіне жніўня паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў, настолькі спадабаўся дзяўчатам і юнакам, што яны вырашылі такія размовы ў фармаце круглага стала праводзіць як мага часцей.

Працуе сакратарыят.

Цікава, ярка, пазітыўна прайшоў фестываль фарбаў Холі, які ладзіўся ў гарадскім парку і быў прымеркаваны да Дня моладзі. Шмат маштабных і крэатыўных мерапрыемстваў адбылося і ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Прыняць у іх удзел пашчасціла самым актыўным, ініцыятыўным і творчым прадстаўнікам маладога пакалення нашага раёна, і яны годна прадставілі яго ў абласным цэнтры. А актывіст райкама ГА “БРСМ” Сяргей Падрэз і ўвогуле стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу 3D-малюнкаў “Любімае месца Беларусі”.

Шмат незабыўных уражанняў і яркіх эмоцый гасцям і гаспадарам падарыла сустрэча ў сацыяльным прытулку, куды члены Маладзёжнай палаты з цацкамі і спартыўнымі рэчамі наведаліся ў Дзень абароны дзяцей. Традыцыйна валанцёры з ліку моладзі дапамаглі падрыхтавацца да навучальнага года дзецям з маламаёмных сем’яў: сабралі для іх школьнае адзенне, абутак, канцылярскія прылады, вучэбныя дапаможнікі, спартыўныя тавары і іншыя рэчы. З падарункамі мала­дзёжны актыў прыйшоў і на адкрыццё ў райцэнтры дома сямейнага тыпу. Як заўсёды, духоўна ўзбагаціў удзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Аднаўленне святынь Беларусі”. Важнае месца ў рабоце Маладзёжнай палаты займае аказанне шэфскай дапамогі ветэранам Вя­лікай Айчыннай вайны і працы, інвалідам, адзінокім пажылым людзям і хворым дзецям. Адзін з апошніх такіх прыкладаў — дапамога ў зборы сродкаў на курс рэабі­літацыі ў Чэхіі Вані Зубко.

Без актывістаў палаты не абышлося і адкрыццё “вяровачнага гарадка”, якое адбылося ў сярэдзіне жніўня, як і шмат іншых мерапрыемстваў.

— Увесь гэты час мы былі актыўнымі і мэтанакіраванымі, зрабілі ўсё, што планавалі, і не без поспеху. Упэўнена, калі працягваць у такім рытме, з кожным годам нашы мэты, справы і ідэі будуць рэалізоўвацца і станавіцца яшчэ лепшымі, — падагуліла Ліза Жук.

 

Камісія па пытаннях адукацыі і прафарыентацыі школьнікаў абмяркоўвае план работы.

Агульны план работы на бягучы навучальны год агучыла старшыня Маладзёжнай палаты Кацярына Мацюшонак. Як і ў мінулым годзе, чакаецца шмат цікавых мерапрыемстваў і акцый. А вось свае прапановы па ўдасканаленні работы палаты яе члены ўносілі ў камісіях па кірунках. У прыватнасці, моладзь хоча ўзнавіць у раёне інтэлектуальную гульню «Што? Дзе? Калі?», наведваць усіх падшэфных ветэранаў кожнай установы адукацыі, арганізоўваць і праводзіць тэматычныя дыскатэкі для старшакласнікаў па чарзе ва ўсіх гарадскіх школах, а вясной, калі будуць перавыбары членаў Маладзёжнай палаты, закласці ўласную капсулу, каб праз некалькі гадоў сабрацца разам і праверыць, чые мары і планы на бліжэйшую будучыню здзейсніліся.

План зацверджаны, засталося толькі яго рэалізаваць. Аб тым, што з гэтым не будзе ніякіх праблем, яскрава сведчаць папярэднія поспехі маладзёжнага актыву раёна.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.