Створаны ў Пастаўскім каледжы мабільны атрад аховы правапарадку (МААП) зусім юны — пасля падпісання пагаднення аб узаемным супрацоўніцтве раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і райкама ГА “БРСМ” прайшло крыху больш за год. Аднак за гэты час пастаўскія ратаўнікі не раз звярталіся па дапамогу да моладзі. Юнакі і дзяўчаты прымалі ўдзел у рэйдах па лясных масівах у летні пажаранебяспечны перыяд, разам з работнікамі РАНС вучылі насельніцтва правільным паводзінам на вадаёмах, удзельнічалі ў прапагандысцкіх акцыях.
Для таго каб вучыць іншых асновам бяспечнай жыццядзейнасці, МААПаўцы самі павінны валодаць формамі і метадамі прафілактычнай работы па папярэджанні пажараў. Таму ў пачатку кастрычніка для іх былі арганізаваны спецыяльныя заняткі, на якіх прысутнічалі другі сакратар раённага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Вераніка Казлоўская і інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Мухля. Разглядаліся асноўныя пытанні па ліквідацыі ачагоў узгарання, аказанні першай медыцынскай дапамогі пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый і правілах паводзін у іх насельніцтва. Акрамя таго, маладым людзям было расказана пра мабільны дадатак “МНС Беларусі. Дапамога побач!”, дзе можна знайсці адказы на ўсе пытанні па бяспецы, якія ўзнікаюць у грамадзян у працоўнай дзейнасці і ў быце.
Такіх пытанняў вялікая колькасць. А значыць, і гэтыя заняткі не апошнія. Наперадзе яшчэ шмат ведаў, якія атрымаюць члены мабільнага атрада аховы правапарадку.
Алена ШАПАВАЛАВА.