Вясковая шляхцянка


Інсцыніроўка паэмы А. Міцкевіча “Вяртанне бацькі”.

У рамках акцыі “Вахта Памяці” членамі аб’яднання “Літаратурнае краязнаўства” Лынтупскай сярэдняй школы было праведзена шмат экскурсій, творчых экспедыцый па родным краі, сустрэч са старажыламі — сведкамі мінулага. Асабліва запамінальным для дзяцей стала наведванне Гэнуэфы Францаўны Хмылка, якая жыве ў вёсцы Чопанішкі. Заслугоўвае павагі бадзёрасць духу гэтай жанчыны. У свае 92 гады, нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, якія выпалі на яе лёс, не страціла пачуцця гумару, засталася аптымісткай.

З вялікай радасцю прыняла   нас Гэнуэфа Францаўна  ў сваім доме, быццам цуду, дзівячыся  прыезду дзяцей. Гартаючы ва ўспамінах старонкі свайго жыцця, расказала  моладзі пра жахлівы час вайны, стварэнне калгасаў і цяжкую, непасільную для жанчыны працу. Але ні разу з вуснаў не прагучала нараканняў, слоў крыўды. Добрым словам адгукалася пра сваіх аднавяскоўцаў. За спагаду, дапамогу асабліва дзякавала сям’і Пяткевіч. “На такіх людзях свет трымаецца”, —  прызналася жанчына.

У дзяцінстве ў сям’і Гэнуэфы размаўлялі па-польску. На гэтай мове яна гаварыла ўсё жыццё, за што ў вёсцы яе празвалі шляхцянкай. Але не толькі мова стала адметнай рысай яе шляхетнасці. Яе вылучалі высакароднасць духу, шчырая вера, жыццёвая хрысціянская праведнасць. Сярод спявакаў (так называюць мясцовых жанчын, якія моляцца на пахаваннях) Гэнуэфа таксама была духоўным лідарам.

На развітанне  гаспадыня на польскай мове прачытала на памяць паэму Адама Міцкевіча “Вяртанне бацькі”. З захапленнем і  вялікай павагай слухалі яе дзеці, а вярнуўшыся ў школу, вырашылі праінсцэніраваць твор. Дзякуючы “вясковай шляхцянцы”, як бы наноў адкрылі мы для сябе вялікага паэта, дакрануліся да спрадвечных ісцін…

У вясковай глушы  гэта цудоўная жанчына стварыла свой асабісты свет, дзе на першым месцы стаяць Бог і дачка. Дзе што­дзённа ўзносяцца малітвы да Творцы і добрыя словы да лю­дзей. І хата на водшыбе стала сімвалам нязломнасці  духу, доказам вялікай чалавечай годнасці шляхцянкі, якая там жыве.

В. РУТКОЎСКАЯ, намеснік дырэктара

па выхаваўчай рабоце Лынтупскай ЯССШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.