Хроніка здарэнняў


Паквапіўся на молдынгі

У 2000 рублёў новымі грашыма ацэньваецца ўрон, нанесены невядомым 30-гадовай жыхарцы Пастаў. У сярэдзіне верасня ён зняў з аўтамашыны “БМВ-745”, якая належыць названай грама­дзянцы і знаходзі­лася ў двары аднаго з дамоў па вуліцы Цэнтральнай у Андронах, молдынгі з 8 устроенымі ў іх парктронікамі. Узбуджана крымінальная справа, вядзецца пошук злодзея.

Ведай, з кім піць

Вечарам 24 верасня 38-гадовы лынтупчанін, які пражывае па вуліцы Гагарына, распіваў у сябе дома спіртное з 23-гадовым суседам. На наступны дзень гаспадар агледзеўся: з кашалька ў куртцы, якая вісела ў жылым пакоі, прапалі 100 рублёў. Пад падазрэнне адразу ж трапіў сабутэльнік, які нідзе не працуе і неаднаразова быў асу­джаны. Менавіта ён і здзейсніў крадзеж. Цяпер хлопца чакае яшчэ адзін суд.

Багатыя “ўловы”

21 верасня з дома жыхара вёскі Чаранкі прапалі бензатрымер “Хітачы”, тэлевізар з вадкакрышталічным экранам “Філіпс” і тэлефонны апарат “Тэксэт”. Як аказалася, украў іх 25-гадовы непрацуючы пастаўчанін, які пражывае па вуліцы Заслонава і мае судзімасць. Малады чалавек затрыманы, украдзенае канфіскавана.

У ноч на 27 верасня з гаража жыхара вуліцы Ленінскай у г.п. Варапаева нехта вынес электрапілу, перфаратар і вуглавую шліфавальную машынку маркі “Дзіолд”, шрубакрут і электралобзік “Бош”, стальныя дыскі “Мерсэдэс-Бэнц” з шынамі “Мішлен”, а таксама набор ключоў — усяго на 1530 рублёў. У дадзеным выпадку злодзей пакуль не ўстаноўлены.

За хуліганства і таксікаманію

Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа ў адно­сінах да 27-гадовага непрацуючага жыхара вуліцы Юбілейнай у Паставах. У адну з начэй у канцы жніўня ён у нецвярозым стане з хуліганскіх намераў разбіў шкло ва ўваходных дзвярах былога прыватнага магазіна па вуліцы Касманаўтаў у райцэнтры.

Паўстане перад судом і 26-гадовая жыхарка вуліцы Гайдара, якая блізка “сябруе” з клеем “Момант”. Некалькі разоў, надыхаўшыся яго ў розных раёнах горада, яна пад кайфам знахо­дзілася ў грамадскіх месцах.

Тры пажары за два дні

Гарачым у прамым сэнсе гэтага слова выдаўся для работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пачатак мінулага тыдня. Вечарам у панядзелак, 26 верасня, у дыспетчарскую РАНС паступіла паведамленне аб пажары жылога дома ў вёсцы Груздава, дзе пражывала мнагадзетная сям’я з траімі малалетнімі дзецьмі. На момант пажару бацькі і малыя былі дома і самастойна пакінулі будынак. Ніхто з іх не пацярпеў.

У аўторак, 27 верасня, каля 17 гадзін загарэўся дах жылога дома па вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Андроны, дзе таксама абышлося без пацярпелых. Адна з версій узнікнення пажару — падпал неўстаноўленай асобай. У гэты ж дзень пасля 23 гадзін “чырвоны певень” разгуляўся ў адной з кватэр трохкватэрнага дома па вуліцы Вакзальнай у Паставах. Ратаўнікамі з задымленага памяшкання былі вынесены і перададзены медыкам 55-гадовы гаспадар, які пражываў адзін, і яго 56-гадовы госць (абодва нідзе не працуюць). Яны шпіталізаваны ў цэнтральную райбальніцу.

Па зводках РАУС і РАНС

падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.