Хроніка здарэнняў


Устанавілі асобу злодзея

У жніўні з цялятніка фермы ААТ “Хацілы-агра” ў вёсцы Курты прапаў бык вагой 390 кілаграмаў. Неўзабаве супрацоўнікі міліцыі знайшлі яго ў хляве аднаго з нежылых дамоў у вёсцы Хацілы, які належыць жыхарцы Пастаў. Але да крадзяжу жанчына не мела ніякага дачынення і, пражываючы ў райцэнтры, нават не здагадвалася, што нехта прывёў у яе хлеў быка. Расследаванне ўзбуджанай крымінальнай справы нядаўна дало адказ на пытанне, хто злодзей. Ім аказаўся непрацуючы 24-гадовы жыхар завулка Будаўнікоў у райцэнтры, які ўжо мае судзімасць. Ён затрыманы.

Не даехалі да Еўрасаюза

8 кастрычніка на аўтадарозе Мядзел—Паставы—Браслаў, паблізу вёскі Андроны, супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманы 16 грамадзян Афганістана, якія незаконна знаходзіліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і на аўтамашынах накіроў­валіся ў адну з краін Еўрасаюза. Па факце арганізацыі незаконнай міграцыі раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа. Вя­дзецца следства.

Дарагая рыбка

30 верасня двое раней судзімых грама­дзян 1983 і 1993 гадоў нараджэння, адзін з якіх пражывае ў г.п. Свір Мядзельскага раёна, а другі — на Астравеччыне (Гро­дзенская вобласць), забароненым спосабам лавілі рыбу на возеры Вялікія Швакшты, якое знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”. Перш чым незаконны промысел быў спынены работнікамі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, яны паспелі здабыць 5 асобін вугра і 16 асобін акуня. Тым самым прычынілі ўрон навакольнаму асяроддзю на суму 3486 рублёў, што складае 166 базавых велічынь і з’яўляецца буйным памерам. Узбуджана крымінальная справа.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.