“Я не баюся цяжкасцей”


Нямнога ў наш час знойдзецца жанчын, якія сталі мамамі для 11 дзяцей. Адна з іх — пастаўчанка Ірына Сямёнаўна Фядорына. Цяпла яе вялікага сэрца хапае не толькі на чатырох уласных дачок, але і на прыёмных хлопчыкаў і дзяўчынак.

Упершыню адказнасць за чужых малышоў Ірына Сямёнаўна ўзяла на сябе ў 25 гадоў. Тады з мужам і 5-гадовай дачкой Алінай яна пражывала ў Казахстане, у горадзе Тараз.

— У пад’ездзе нашага дома, некалькімі паверхамі ніжэй, жыла жанчына з трыма маленькімі дзець­мі, — расказвала І. С. Фядорына. — Па-суседску мы былі знаёмыя, яе малыя часта прыбягалі да мяне дамоў, гулялі з Алінай. Аднойчы яны засталіся адны: маці кінула іх і з’ехала з горада. Па законе, дзяцей павінны былі адправіць у дзіцячы дом. Ад думкі пра гэта сціскалася сэрца, і я прапанавала мужу забраць іх да сябе.

Так у сям’і з’явіліся 7-гадовая Алёна, 4-гадовая Света і 3-гадовы Ігар. Прыёмныя бацькі падарылі ім не толькі сваё цяпло і любоў, але і вывелі ў людзі, дапамаглі атрымаць вышэйшую адукацыю. Алёна вывучылася на повара і стала вядомым спецыялістам, Святлана працуе ўрачом, Ігар служыць у паліцыі. Усе трое жывуць у Расіі, маюць уласныя сем’і. Але па-ранейшаму не забываюць сваю другую маму: тэлефануюць ёй, прыязджаюць у госці, запрашаюць да сябе — і вельмі ўдзячны за ўсё, што яна для іх зрабіла.

Пяць гадоў таму Ірына Сямёнаўна аўдавела: у аўтакатастрофе загінуў муж. Пасля яго гібелі, застаўшыся адна з чатырма дзецьмі (на той момант нарадзіліся яшчэ тры дзяўчынкі: Галя, якой сёння 16, і блізняты Каця і Света — ім па 8 гадоў), жанчына прыняла рашэнне пераехаць у Беларусь. Спачатку пасялілася ў Андронах, а праз год, узяўшы крэдыт у банку, пабудавала кватэру ў Паставах, па вуліцы Юбілейнай.

Калі перабралася ў горад, пайшла ў ад­дзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама з цвёрдым намерам прадоўжыць практыку прыёмнага мацярынства. І неўзабаве яе і так немалое сямейства папоўнілася роднымі братамі — 4-гадовым Ільёй і 3-гадовым Вовам.

Яны пражылі ў прыёмнай мамы 3 гады. А нядаўна хлопчыкаў забрала да сябе старэйшая сястра Юля, з якой І. С. Фядорына яшчэ раней наладзіла сувязь. Таксама як і з другой іх сястрой, Сняжанай, і біялагічнай маці пагодкаў.

— Калі Юля патэлефанавала мне і сказала, што хоча аформіць апеку над Ілюшам і Вовам, я падтрымала яе ў гэтым, хоць і цяжка было аддаваць дзяцей, якія сталі роднымі, — гаварыла Ірына Сямёнаўна. — Паабяцала дапамагчы і па сённяшні дзень дапамагаю. Хлопчыкі часта прыходзяць у госці, называюць мяне мамай Ірай. Сябруюць з Кацяй і Светай, з якімі вучацца ў пачатковай школе, лічаць іх сёстрамі. Увогуле, у нашай сям’і ніколі не было канфліктаў паміж роднымі і прыёмнымі дзецьмі. І я ніколі не дзяліла іх на сваіх і чужых, усім старалася ўдзяляць аднолькава ўвагі.

У канцы мінулага года І. С. Фядорына рашылася на чарговы адчайны крок — узяла на выхаванне чатырохмесячную Насцю, ад якой пасля нараджэння адмовілася біялагічная маці, а затым яшчэ і аднагадовага Дзіму. Праўда, яго праз 6 месяцаў перадала роднай маме, паколькі тая вярнула сабе правы на дзіця. Зараз Ірына Сямёнаўна хоча ўдачарыць малую, якая стала любіміцай усёй сям’і, і збіраецца прыняць у яе яшчэ дзвюх дзяўчынак-сястрычак.

— Няўжо няцяжка выхоўваць столькі дзяцей, тым больш прыёмных, кожны з якіх мае ўласны характар і часта няпросты лёс? — шчыра здзіўляюся я. — Як удаецца знайсці ключык да іх сэрцаў?

— А я не баюся цяжкасцей, — усміхаецца мая суразмоўца. — Канешне, бывае рознае, дзеці ёсць дзеці: часам і пасваволяць, і нашкодзяць. Але стараюся не акцэнтаваць на гэтым увагу. Малых трэба любіць і разумець, шмат размаўляць з імі. І ніколі не прыніжаць іх біялагічных мам. Для кожнага дзіцяці яго матуля — самая лепшая, якой бы ні была. Таму заўсёды апраўдваю яе ў той сітуацыі, якая склалася, гавару: “Мама цяпер не побач, бо захварэла. Пазней ты зможаш з ёй бачыцца”.

Не сакрэт, што клопатаў у мнагадзетных мам, асабліва калі ёсць маленькія дзеці, шмат: трэба і есці ўсім прыгатаваць, і гару посуду і адзення перамыць, праверыць урокі ў старэйшых, пагуляць з малышамі, прыбраць у доме. І так кожны дзень. Спраўляцца з дамашняй работай Ірыне Сямёнаўне дапамагаюць дочкі. Старэйшая, Аліна, хоць і жыве асобна (яна сама ўжо мама дваіх малышоў), часта прыходзіць паняньчыцца з Насцяй. А яшчэ ўсе разам яны робяць сувеніры з гіпсу і бісеру, якія затым перадаюць сем’ям Шылей і Зубко для продажу на дабрачынных аўкцыёнах па зборы сродкаў на лячэнне іх хворых дзетак. Расказваючы пра гэта, І. С. Фядорына вельмі прасіла ўзгадаць на старонках газеты мастацкага кіраўніка Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра Ганну Васільеўну Вырвіч, якая арганізавала такую ж работу з мясцовымі школьнікамі, і заклікаць іншых нераўнадушных людзей прыняць удзел у дабрачыннай акцыі. Тым самым яшчэ раз пацвердзіла: для яе не бывае чужой бяды, асабліва калі яна закранае дзяцей.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.