За мацярынскую доблесць і самаадданую працу

Местная власть

У мінулую пятніцу, 14 кастрычніка, у аблвыканкаме адбыўся ўрачысты прыём-ушанаванне жанчын, якія вызначыліся ў выхаванні дзяцей, прафесійнай дзейнасці, а таксама актыўныя ў грамадскім жыцці. Сярод запрошаных былі жанчыны розных прафесій і ўзростаў, а аб’ядноўвае іх адно — яны цудоўныя мамы. Пяць удастоены ордэна Маці, 25 — дыпломаў і рэгіянальнай прэміі імя Героя Савецкага Саюза палачанкі Зінаіды Тусналобавай-Марчанка. У ліку ўзнагароджаных і дзве нашы зямлячкі — Марына Мечыславаўна Васільева з Гуты і Алена Аляксандраўна Валасевіч з Лынтуп (на здымку).

Марына Мечыславаўна Васільева працавала        ў райаграсэрвісе. Цяпер у водпуску па доглядзе сына Антона, якому год і тры месяцы. Сафійка на год за яго старэйшая, Мікіту — дзевяць, Юля і Вася (ім адпаведна 18 і 21 год) ужо пакінулі бацькоўскі дом: Юля вучыцца на апошнім курсе Полацкага педагагічнага каледжа, Вася — на чацвёртым курсе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, ён будучы гісторык. Самой Марыне — 39, мужу Васілію — 44. На свята ў аблвыканкам Марына Мечыславаўна ездзіла з сынам Мікітам.

— Уражанні засталіся незабыўныя, — дзялілася жанчына. — Вельмі хвалявалася, расчулілася да слёз. Ордэн атрымала з рук намесні­ка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Белавуса. Цёплыя словы, кветкі, столькі ўвагі, святочны стол  — усё гэта, безумоўна, кранула.

Алена Аляксандраўна Валасевіч — загадчыца Лынтупскага аддзялення дзённага знаходжання для грама­дзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва. Яна не толькі мама дзвюх цудоўных дачок, але і энтузіяст дома, на працы і ў грамадскім жыцці.

— Ад свята, канешне ж, у захапленні, — гаварыла А. А. Валасевіч. — Усё было надзвычай урачыста, прыгожа, хвалююча. Хочацца нізка пакланіцца як тым мнагадзетным маці, якія нарадзілі і выхоўваюць пяць і больш дзяцей, так і прыёмным за іх бязмежную любоў да дзетак, што засталіся без бацькоўскай апекі. Асабіста для мяне сям’я — гэта самае галоўнае, што маю ў жыцці. А прэмія імя Тусналобавай-Марчанка яшчэ раз прымушае задумацца над тым, наколькі мы, жанчыны, павінны быць і цярплівымі, і ласкавымі, і мужнымі. Мы ж захавальніцы сямейнага ачага. Гэта самая важная, хоць і нялёгкая праца.

Анна АНІШКЕВІЧ.

 Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.