
Зрабіць асабістыя і дзелавыя зносіны паміж людзьмі даступнымі, хуткімі, зручнымі і камфортнымі — асноўная задача РУП «Белпошта». Каб увасобіць гэтыя прынцыпы ў жыццё, работнікі паштовай сувязі пастаянна павышаюць узровень абслугоўвання кліентаў, удасканальваюць традыцыйныя і ўкараняюць новыя паслугі. Адным з такіх інавацыйных падыходаў да работы з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі стала адкрыццё офісаў комплекснага абслугоўвання «Бізнес-пошта».
У нашым горадзе «Бізнес-пошта» адкрылася два гады таму. Хутка і якасна тут абслугоўваюць кліентаў спецыяліст па продажах Эльвіра Анатольеўна Балошка, інструктар па падпісцы Алена Казіміраўна Кузьміч і аператар сувязі Таццяна Міхайлаўна Тарасевіч. Штомесяц яны апрацоўваюць тысячу адпраўленняў «1 клас», 8,5 тысячы пісьмаў, да 250-ці пасылак, 2—3 тысячы грашовых пераводаў, каля 60-ці экспрэс-адпраўленняў, аказваюць іншыя віды паслуг.
— Іх аператыўнай работай задаволены і кліенты, і кіраўніцтва. Гэта кваліфікаваныя, адказныя, ветлівыя і ўважлівыя спецыялісты з вопытам работы. А працоўны стаж Эльвіры Анатольеўны, якая ўзначальвае гэты невялікі калектыў, і наогул складае чвэрць стагоддзя. Яна не толькі выдатны работнік, але і мэтанакіраваны чалавек — нядаўна паступіла ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, каб пашырыць свае веды і атрымаць другую вышэйшую адукацыю, — характарызуе сваіх падначаленых намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Ірына Тэлесфораўна Нікіфаровіч.
На тэрыторыі раёна сваю дзейнасць ажыццяўляюць 189 арганізацый і больш за 400 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць патрэбу ў паслугах пошты. Большасць з іх з’яўляюцца рэгулярнымі кліентамі структурнага падраздзялення.
«Бізнес-пошта» прапануе кліентам поўны пералік паштовых і няпрофільных паслуг. Гэта прыём пасылак, грашовых пераводаў, пісьмовай карэспандэнцыі, паскоранай пошты EMS Belpost, папаўненне авансавых кніжак, рэалізацыя маркіраванай і немаркіраванай прадукцыі, ажыццяўленне падпіскі на друкаваныя СМІ і іншае.
— Цяпер многія людзі пішуць адно аднаму пры дапамозе інтэрнэту, але калі такая перапіска падыходзіць для асабістых кантактаў, то для перасылкі арыгіналаў дакументаў, якія павінны быць завераны подпісам і пячаткай, — не. Такім чынам можна адправіць дагаворы, накладныя, лісткі непрацаздольнасці, візы, пашпарты і г.д., — тлумачыць запатрабаванасць паслуг пошты ў карпаратыўных кліентаў Э. А. Балошка. — Калі карэспандэнцыю неабходна даставіць у самыя кароткія тэрміны, мы прапануем кліентам аформіць адпраўленне «1 клас». У адрозненне ад звычайнага пісьма, якое ідзе па Беларусі тры дні, такое будзе дастаўлена адрасату на наступны дзень пасля адпраўлення. Перавагай з’яўляецца і дапушчальная вага адпраўлення — да 100 грамаў (звычайнае — да 20-ці г). У такія ж тэрміны — «сёння на заўтра» — прыбудзе па адрасе прызначэння адпраўленне паскоранай пошты EMS Belpost. Пры дапамозе гэтай паслугі можна аформіць экспрэс-дастаўку дакументаў або тавараў у любы населены пункт краіны з магчымасцю прасачыць шлях праходжання адпраўлення.
Дзякуючы паскоранай пошце EMS Belpost пісьмо або пасылку можна адправіць не толькі па Беларусі, але і ў любую кропку свету, і яны будуць дастаўлены атрымальніку ў максімальна кароткі тэрмін. Дарэчы, на экспрэс-дастаўку тавараў і дакументаў у Расію і Казахстан да 31 кастрычніка ў залежнасці ад рэгіёна дзейнічае скідка да 10%. Паслугамі лінейкі «Камфорт» пераважна карыстаюцца тыя, хто хоча дакладна ведаць, што пісьмо або посылка ўжо прыйшлі ў пункт прызначэння альбо ўручаны адрасату. Пра гэта атрымальніку, адпраўніку або абодвум (у залежнасці ад выбранай паслугі) паведамляюць пры дапамозе званка або SMS-рассылкі.
Слушны спосаб заявіць пра сябе — заказаць прамую паштовую рассылку. З яе дапамогай рэкламна-інфармацыйны матэрыял заказчыка паштальёны разнясуць у кожную паштовую скрыню. Кажучы лічбамі, пра вашы прапановы даведаюцца як мінімум 14200 чалавек (менавіта столькі скрынь абслугоўваецца на тэрыторыі нашага раёна). Аплата напрамую залежыць ад колькасці флаераў — чым больш, тым танней. Яшчэ адна цікавая прапанова — шырокі выбар паштовак рознай тэматыкі для папулярнага ва ўсім свеце руху пасткросінг. Як адзначаюць у офісе «Бізнес-пошты» раённага вузла паштовай сувязі, гэты занятак асабліва распаўсюджаны ў маладзёжным асяроддзі, таму менавіта моладзь і з’яўляецца асноўным пакупніком такіх паштовак. Сярод буйных арганізацый і прадпрыемстваў раёна папулярнасцю карыстаюцца абслугоўванне з дапамогай авансавых кніжак і паслуга «Паштовы кур’ер кожны дзень», якая прадугледжвае штодзённае комплекснае абслугоўванне з выездам да кліента: прыём і дастаўку пісьмовай карэспандэнцыі, газет і часопісаў, бланкаў строгай справаздачнасці, марак, канвертаў, паштовак і тавараў, заказаных у паштовым інтэрнэт-магазіне.
Кліенты належным чынам ацанілі адсутнасць чэргаў, якасць і хуткасць абслугоўвання ў офісе «Бізнес-пошты». Пра гэта сведчыць той факт, што з кожным месяцам іх колькасць разам з колькасцю паслуг, якія там аказваюцца, і аб’ёмам выкананых работ узрастае, павялічваецца план. Але нагрузка спецыялістаў гэтага структурнага падраздзялення раённага вузла паштовай сувязі не палохае. Яны толькі радуюцца, што могуць быць карыснымі людзям і вытрымліваць канкурэнцыю на рынку прапаноў.
Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.