А разам весялей

Общество

Л. А. Балотнікава каменціруе слайды.

Стварэнне ветэранскай арганізацыі работнікаў дзяржаўных устаноў ініцыявала былы намеснік старшыні райвыканкама Ала Эдмундаўна Кейзік. Старшынёй савета ветэранаў на арганізацыйным пасяджэнні была выбрана Людміла Аляксандраўна Балотнікава (былы дырэктар СШ №4). З таго часу мінула пяць гадоў. З гэтай нагоды і адбылася чарговая сустрэча.

Ветэраны працы сабраліся ва ўтульнай, прыгожа аформленай зале аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Расселіся за сталом, багатым прысмакамі, грэліся духмянай гарбатай. Святочную атмасферу, цудоўны настрой стварала вядучая Алеся Гур’ева, якая  падрыхтавала цікавую забаўляльную праграму. Работнікі аддзялення забяспечылі культурны адпачынак, з канцэртнымі нумарамі выступілі Аляксей Конанаў, Наталля Гутар, Юрый Вайцяхоўскі. Са словамі прывітання да прысутных звярнулася старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Францаўна Літвіновіч.

Свае вершы чытае М. М. Жук.

Ветэранам было што абмеркаваць, успомніць і пра што пагаварыць. Л. А. Балотнікава сабрала матэрыял пра многіх ветэранаў, і слайды з іх фота­здымкамі дэманстраваліся на вялікім экране з дапамогай відэапраектара. У той дзень пагарталі старонкі жыцця аўтара праекта, а таксама былых дырэктара завода “Паставымэбля” Рычарда Вікенцьевіча Зямчонка, пракурора Віктара Людвігавіча Скіпскага, начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Ганны Уладзіміраўны Ермаковай, начальніка аддзела культуры Наталлі Мікалаеўны Булавінцавай, кіраўніка спраў райвыканкама Вольгі Казіміраўны Мышко, начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімі­ра Яраслававіча Магільніцкага, начальніка раённага вузла электрасувязі Паўла Яўгеньевіча Зубко. Здымкі каменціраваліся, і ўсе ва ўспамінах вярталіся ў насычаныя падзеямі гады.

Восень багатая на святы. Вядучая сустрэчы прыгадала Дзень пажылых людзей, прафесійнае свята настаўнікаў, Дзень маці, 7 лістапада. Найбольш успамінаў было звязана з апошняй датай.

Было што прыгадаць В. Л. Скіпскаму, К. Ф. Марцынкевічу і П. Я. Зубко.

— Для нашага пакалення Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі быў сапраўднай урачыстасцю, — гаварыла Вольга Казіміраўна Мышко. — Святочныя шэсці, мітынгі, урачыстыя вечары, канцэрты… Нельга забываць, што савецкая ўлада дала шмат. Напрыклад, калі раней вышэйшую адукацыю атрымлівалі толькі тыя, хто меў заможных бацькоў, то пасля рэвалюцыі — усе, хто быў здольны да вучобы. Бясплатнай стала медыцына (раней людзі прадавалі апошнюю карову, каб атрымаць лячэнне). Многія з прысутных працавалі ў партыйных органах, не шкадавалі сіл, часу, стараліся рабіць усё для паляпшэння ўмоў працы, адпачынку людзей.

— Я ў рады Камуністычнай партыі ўступіў даволі маладым, — падтрымаў размову Уладзіслаў Уладзіміравіч Лапушынскі. — Партбілет маю і сёння. Партыя дысцыплінавала. Ганаруся, што працаваў у партыйных органах, мы пакінулі пасля сябе нядрэнны след.

Пад акампанемент Юрыя Вайцяхоўскага спявае Г. А. Зямчонак.

Ветэраны выказвалі свае думкі, актыўна дыскутавалі. А калі Юрый Вайцяхоўскі ўзяў у рукі баян, пусціліся ў танцы, затым дружна спявалі песні сваёй маладосці. А ў перапынках паміж песнямі  Ганна Уладзіміраўна Ермакова прачытала верш Ларысы Рубальскай, Мікалай Мікалаевіч Жук — уласныя, Галіна Антонаўна Козел расказала гумарэску “Хто такая бабуля”, Святлана Дзянісаўна Несцяровіч выканала песню Булата Акуджавы “Ма­літва”, а Генадзій Антонавіч Зямчонак — “Малиновый звон” і “Агроном”.

Патрыятычныя песні блізкія іх сэрцам.

— Сустрэча напоўніла энергіяй, — гаварылі, разыходзячыся. — Мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што душой па-ранейшаму маладыя. І няважна, што хтосьці даўно на заслужаным адпачынку, а нехта статус пенсіянера атрымаў нядаўна,  — усе ідзём на такія спатканні з радасцю. Яны мацуюць сувязь паміж намі. Добра, што ў горадзе адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, дзе можна камфортна сустрэцца з калегамі, даведацца пра жыццё адно аднаго. Будзем і надалей старацца як мага даўжэй заставацца ў дружным ветэранскім страі, несці зарад ба­дзёрасці і аптымізму, перадаваць маладому пакаленню традыцыі патрыятызму.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.