Абудзіла лепшыя пачуцці


Людміла Паўлаўна Курыловіч уручае ў дар адну са сваіх работ дырэктару краязнаўчага музея Раісе Леанідаўне Курачэнка.
Людміла Паўлаўна Курыловіч уручае ў дар адну са сваіх работ дырэктару краязнаўчага музея Раісе Леанідаўне Курачэнка.

Амаль паўгода ў філіяле раённага краязнаўчага музея ў палацы Тызенгаўзаў  працавала выстава жывапісу пад назвай “Абуджэнне” нашай зямлячкі Людмілы Паўлаўны Курыловіч. У пачатку лістапада адбылося  ўрачыстае закрыццё выставы. У бліжэйшы час карціны ўбачаць жыхары горада Зеленаграда Маскоўскай вобласці, у якой даўно жыве сям’я мастачкі-аматаркі.

Людміла ўсяго паўтара года назад узялася за пэндзаль і мовай фарбаў даказала, што можа ўспрымаць навакольны свет па-свойму. На выставе было прадстаўлена 25 розных па тэматыцы і мастацкім выкананні работ. Усе яны выклікаюць захапленне, безліч станоўчых эмоцый і пачуццяў. Пра гэта,  вітаючы аўтара карцін  і ўсіх прысутных у выставачнай зале, вельмі цёпла, кранальна гаварыла дырэктар раённага краязнаўчага музея Р. Л. Курачэнка.

— На выставе пабывала больш за 600 чалавек, — адзначыла Раіса Леанідаўна. — Дзясяткі з іх, уражаныя творчасцю Людмілы  Паўлаўны, пакінулі свае водгукі, якія ледзь умясціліся ў дзвюх спецыяльных кнігах. Людзі ўражаны тым, што педагог-матэматык раскрыла сябе так нечакана ярка і непаўторна. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што Людміла Паўлаўна валодае вялікім творчым патэнцыялам і, несумненна, стане прафесіяналам у новай для сябе справе. Многае значаць падтрымка, натхненне, асяроддзе, у якім працуе творчы чалавек. Людмілу Паўлаўну разумеюць прыхільнікі яе творчасці і перакананы, што яна на правільным  шляху, робіць упэўненыя крокі на ніве мастацтва.

— Крыніцай натхнення, успамінаў для мяне з’яўляецца родная пастаўская зямля з чароўнымі краявідамі, працавітымі, творчымі людзьмі, — дзялілася сваімі ўражаннямі Л. П. Курыловіч. —  Вельмі рада, што першымі годна ацанілі мае работы менавіта землякі. А выстава ў музеі з’явілася дзякуючы прапанове цудоўнай жанчыны Алы Эдмундаўны Кейзік і выдатнаму арганізатару і кіраўніку Раісе Леанідаўне Курачэнка, якая падтрымала ідэю. Мы жывём няблізка ад малой радзімы, але пастаянна ведаем пра ўсё, што адбываецца на Пастаўшчыне, у Беларусі. Упэўнена, што наш сінявокі край і далей будзе служыць крыніцай натхнення, стварэння новых работ. Ёсць у мяне і яшчэ адзін доўгачаканы стымул: нядаўна стала бабуляй.

Прыхільнікі творчасці самадзейнай мастачкі на закрыцці выставы. Прыхільнікі творчасці самадзейнай мастачкі на закрыцці выставы. Прыхільнікі творчасці самадзейнай мастачкі на закрыцці выставы. Прыхільнікі творчасці самадзейнай мастачкі на закрыцці выставы.
Прыхільнікі творчасці самадзейнай мастачкі на закрыцці выставы.
Прыхільнікі творчасці самадзейнай мастачкі на закрыцці выставы.
Прыхільнікі творчасці самадзейнай мастачкі на закрыцці выставы.
Прыхільнікі творчасці самадзейнай мастачкі на закрыцці выставы.

Усе, хто прысутнічаў на закрыцці выставы, міжволі параў­ноў­валі Людмілу  Паўлаўну з яе маці, вядомым майстрам паэтычнага слова Нінай Маркаўнай Захарэвіч, якой ужо няма ў жывых. Яе вершы, улюбёнасць у родны край  — яшчэ адна крыні­ца, адкуль можна чэрпаць тэмы, вобразы, сюжэты новых карцін.

— Калі ўглядаешся ў “Півоні” Людмілы Паўлаўны, хочацца сказаць, што так мог намаляваць толькі прафесіянал, а не чалавек, які ўсяго год назад узяў у рукі пэндзаль і фарбы, — сказаў выкладчык Пастаўскай школы  мастацтваў імя А. Ромера, мастак  Іосіф Канстанцінавіч Атрахімовіч. —  Наша зямлячка адкрыла для сябе чароўны свет. Упэўнены, што яна будзе рухацца далей, адлюстроўваць на палатне ўсе свае светлыя пачуцці, якія ідуць ад сэрца.

На развітанне Л. П. Курыловіч падарыла раённаму краязнаўчаму музею адну са сваіх работ — “Пастаўскія краявіды” —  і сказала, што з цягам часу будзе  рада зноў сустрэцца на зямлі бацькоў і паказаць пастаўчанам   сваю творчасць.

 Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.