Адна з 48-мі талентаў

Личности

Ліза падчас выступлення на конкурсе.
Ліза падчас выступлення на конкурсе.

У нядзелю, 13 лістапада, на тэлеканале “АНТ” стартаваў агульнарэспубліканскі конкурс дзіцячай творчасці “Талент краіны”. Мэта гэтага маштабнага праекта, арганізаванага агульнанацыянальным тэлебачаннем, Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, — раскрыць творчы патэнцыял юных талентаў і звярнуць увагу на іх далейшае развіццё.

У кастынгах конкурсу прынялі ўдзел каля тысячы дзяцей з усіх куткоў Беларусі ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў. Многія раней удзельнічалі ў замежных праектах, такіх, як расійскі “Голас. Дзеці”, украінскі “Голас” або “Танцы на ТНТ”, займаюцца з самага дзяцінства, наведваюць лепшыя творчыя школы Беларусі і з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі нацыянальных і міжнародных конкурсаў. Сярод іх арганізатары праекта адабралі 48 канкурсантаў (сольных выканаўцаў і калектываў), якія паспаборнічаюць за выхад у фінал і галоўны прыз — ганарар ад Прэзідэнцкага фонду — у чатырох намінацыях: “Вакал”, “Харэагра­фічнае мастацтва”, “Інструментальнае мастацтва” і “Арыгінальны жанр”. У лік апошніх увайшла і былая вучаніца Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза па класе цымбалаў Лізавета Глазава. Зараз Ліза, якой 14 гадоў, жыве ў Мінску і вучыцца ў сталічнай гімназіі-каледжы імя І. Ахрэмчыка. Яна — стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможца і прызёр многіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.

Выступленне дзяўчыны можна было ўбачыць у першым эфіры адборачнага тура, 13 лістапада, у старэйшай узроставай катэгорыі (11—15 гадоў). Канкурсантку падтрымлівалі не толькі мама і цяперашні педагог па класе цымбалаў Галіна Іванова, але і народны артыст Беларусі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Я. П. Гладкоў. Каменціруючы ігру Лізаветы, якая выканала кампазіцыю А. Цыганкова “Тустэп”, Яўген Пятровіч адзначыў, што гэта вельмі складаная п’еса, але Ліза выдатна справілася з ёй. Высока ацаніў выканальніцкае майстэрства юнай цымбалісткі і член журы — вядомы кампазітар і пра­дзюсар Леанід Шырын.

На жаль, у паўфінал Л. Глазава не прайшла. Але дзякуючы конкурсу, неўзабаве здзейсніцца яе запаветная мара — выступіць разам з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча. Дырэктар гэтага аркестра Барыс Ліўшыц, які прысутнічаў у зале, запрасіў дзяўчыну прыняць удзел у цыкле канцэртаў “Віртуозы цымбалаў”, які пройдзе ў красавіку на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота з архіва сям’і Глазавых.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.