Адзін з лепшых у вобласці

Общество

Старшыня аблвыканкама М. М. Шарснёў уручае дыплом І. Г. Машлякевічу.
Старшыня аблвыканкама М. М. Шарснёў уручае дыплом І. Г. Машлякевічу.

На фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2016” у Сянно старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Шарснёў уручыў дыплом і грашовую прэмію дырэктару ААТ “Хацілы-агра” Вячаславу Іосіфавічу Крыштафовічу за самы высокі сярод гаспадарак Віцебшчыны выхад зерня на балагектар. Такой жа адзнакі быў удастоены і галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Іван Грыгор’евіч Машлякевіч, якому па выніках жніва 2016 года прысуджана другое месца сярод галоўных тэхнолагаў палёў Прыдзвінскага краю.

Для Івана Грыгор’евіча сёлетні год быў трэці па ліку, як ён узначаліў агранамічную службу вядомага ў вобласці і рэспубліцы сельгаспрадпрыемства. Рашыцца на такі крок мог чалавек, упэўнены ў сваіх ведах і сілах, здольны прадоўжыць справу, якую так умела вяла Надзея Міхайлаўна Кірплюк, якая, на вялікі жаль, дачасна пайшла з жыцця.

У Хацілы І. Г. Машлякевіч прыйшоў з пасады намесніка дырэктара Пастаўскага ільнозавода. Да гэтага была выдатная школа прафесійнага майстэрства на эксперыментальнай базе “Уваравічы” на Гомельшчыне, ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Пухавіцкага райвыканкама, канцэрне “Белмеліявадгас”, рэспубліканскай асацыяцыі “Беларускі лён”. Але ў рэшце рэшт вярнуўся да зямлі, з якой пачынаецца ўраджай.

— Мне пашанцавала, што трапіў менавіта ў гэты калектыў, — расказваў. — У гаспадарцы ёсць усё: тэхніка, насенне, удабрэнні, паліва, таму механізатары і стараюцца, трымаюцца работы, пастаянна ў ліку лепшых у раёне.

Залогам высокіх ура­джаяў зерневых і кармавых культур, якімі славіцца гаспадарка, з’яўляецца выкананне ўсяго комплексу тэхналагічных работ, якія праводзяцца з ранняй вясны да позняй восені. Аграном давярае механізатарам і ў той жа час кантралюе, наколькі якасна яны выконваюць работу. Напрыклад, на ворыве глебы абавязкова пацікавіцца яго глыбінёй. На пачатку жніва ўсе камбайны праходзяць абавязковую праверку на герметычнасць. Прынцыповасць галоўнага агранома правільна ўспрымаецца ўсімі, з кім ён працуе. А гэта ў першую чаргу механізатары. Пераважная большасць іх — сапраўдныя віртуозы, могуць у любы момант памяняць агрэгаты і выканаць любую работу. Вось і сёлета, пры надзвычай цяжкіх умовах надвор’я, яны паказалі, як трэба працаваць на зямлі, ратаваць ураджай.

 Для Івана Грыгор’евіча найбольш прыцягальнае насенняводства: гадавальнікі, вырошчванне элі­ты і суперэліты, высока­ўраджайных сартоў. Усё гэта ў ААТ “Хацілы-агра” ёсць, бо гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні і рэалізацыі якаснага насення зерневых культур. Вось і зараз над давя­дзеннем яго да высокіх пасяўных кандыцый шчыруюць аператары на чале з загадчыкамі складоў Марынай Скрыдлеўскай і Вольгай Галубоўскай.

І. Г. Машлякевіч не згодны з тымі, хто гаворыць, быццам для спецыялістаў агранамічнай службы з надыходам халадоў пачынаецца працяглы водпуск. Яго ўжо сёння непакоіць тое, як перазімуюць азімыя, бо сёлета рапс загінуў на ўсёй плошчы. Яшчэ вядзецца зяблевае ворыва. Час думаць пра стварэнне запасаў мінеральных удабрэнняў, ды і іншых клопатаў хапае. Тым больш у чалавека, які хоча і ўмее працаваць на зямлі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.