Адзначаны лепшыя

Местная власть

141

У мінулую пятніцу ў Доме культуры адбылося святкаванне дажынак і Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. На мерапрыемстве прысутнічала каля 500 чалавек. Гасцей — а сярод іх быў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Рычардавіч Зямчонак, — ветэранаў працы, работнікаў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу і іншых калектываў вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Сяргеевіч  Гутараў.

Гэта прафесійнае свята па праву лічыцца адным з галоўных у краіне, у тым ліку і на Пастаўшчыне, бо аб’ядноў­вае ўсіх, хто працуе ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, перапрацоўвае сыравіну, прадукцыю палёў і ферм. Лепшым прадстаўнікам гэтых галін, якія прысутнічалі ў зале, і была прысвечана харэаграфічная кампазіцыя пад назвай “Усё для зямлі роднай”, з якой пачалося мерапрыемства. Да глыбіні душы кранулі выступленні народнай групы аўтэнтычнай песні Андронаўскага сельскага клуба, народнага ансамбля народнай песні “Вітанне”, сучасных танцавальных калектываў “Непаседы” і “Імпульс”. Як сімвал жыцця, дабрабыту і вечнага абнаўлення сама­дзейныя творцы паднеслі кіраўніку раённай вертыкалі В. С. Гутараву каравай са збожжа новага ўраджаю.

— Удзельнікі сённяшняй урачыстасці добра ведаюць, што лёгкага хлеба не бывае, не выключэнне і сёлетняе жніво, — адзначыў Віктар Сяргеевіч. — Вельмі неспрыяльным падчас сяўбы і ўборачнай кампаніі выдалася надвор’е. Тым не менш з кожнага гектара атрымана ў сярэднім па 30,4 цэнтнера зерня, а валавы намалот склаў 53 тысячы тон. Па гэтых паказчыках раён заняў пятае месца ў вобласці, а ААТ “Хацілы-агра” прызнана лепшым сярод сельгаспрадпрыемстваў па атрыманні збожжа на балагектар ворыва. Прызёрамі абласнога спаборніцтва, якіх ушаноўвалі на “Дажынках” у Сянно, сталі маладзёжны экіпаж Віктара Андрэевіча Рогава з ААТ “Навасёлкі-Лучай” і галоўны аграном ААТ “Хацілы-агра” Іван Грыгор’евіч Машлякевіч.

Усяго на збожжавай ніве сёлета працавала 96 экіпажаў зернеўборачных камбайнаў. Тысячнікамі сталі Валерый Васільевіч Ярашэвіч, Вадзім Дзмітрыевіч Дуброўскі, Андрэй Грыгор’евіч Сокалаў, Сяргей Уладзіміравіч Гіль, Аляксандр Віктаравіч Смолка з ААТ “Хацілы-агра”, “Камайскі-агра” і “Навасёлкі-Лучай”. Больш за тысячу тон зерня перавезлі 11 вадзіцеляў.

За працу на хлебнай ніве хочацца шчыра падзякаваць механізатарам, камбайнерам, вадзіцелям, аператарам сушыльных комплексаў, спецыялістам, кіраўнікам, работнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

Калі ў цэлым назваць вынікі ў сельскагаспадарчай вытворчасці, то за прайшоўшы перыяд года атрымана валавой прадукцыі на суму 50,5 мільёна рублёў, або па 21,9 тысячы на аднаго работніка. А ў ААТ “Хацілы-агра” гэты паказчык складае 40,2 тысячы рублёў, ААТ “Навасёлкі-Лучай” — 28,3. Іх фінансавыя дасягненні павінны стаць прыкладам для ўсіх астатніх гаспадарак, бо толькі з-за незайздроснага эканамічнага становішча ў шэрагу гаспадарак не змаглі ў тэрмін і ў поўным аб’ёме правесці ўсе агратэхнічныя мерапрыемствы, што і прывяло да недабору ўраджаю.

Гаворачы аб умацаванні эканомікі сельгаспрадпрыемстваў, В. С. Гутараў завастрыў увагу на неабходнасці павелічэння вытворчасці і рэалізацыі малака і мяса, якія прыносяць асноўны прыбытак гаспадаркам. У гэтым годзе атрыманы нядрэнны ўраджай шматгадовых траў, праведзена значная работа па стварэнні якаснай пашы. На зімова-стойлавы перыяд нарыхтавана 69,7 тысячы тон кармавых адзінак травяністых кармоў, або больш чым па 27 цэнтнераў на ўмоўную галаву жывёлы. Гэта на 7,3 цэнтнера перавышае ўзровень 2015 года. У жывёлаводаў ёсць усё для таго, каб арганізавана правесці стойлавае ўтрыманне дойнага статка, жывёлы на дарошчванні і адкорме.

Дзяржава заўсёды падтрымлі­вала сельскагаспадарчую галіну. Вось і сёлета ў раёне з усіх крыніц фінансавання ў яе ўкла­дзена 5,1 мільёна рублёў, у тым ліку 393 тысячы рублёў з мясцовага бюджэту. А ў цэлым за апошнюю пяцігодку гэта лічба склала 36,6 мільёна рублёў.

Удзячных слоў заслугоўваюць працоўныя калекты       вы прадпрыемстваў па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі. Дзякуючы ім, жыхары Пастаўшчыны забяспечаны ўласнай малочнай і мясной прадукцыяй, хлебабулачнымі вырабамі. Штогод нарошчвае экспарт прадукцыі малочны завод, сёлета ён склаў 120% да ўзроўню мінулага года. Амаль на 2 тысячы тон больш нарыхтаваў трасты механізаваны атрад ільнозавода. Карыстаецца попытам прадукцыя рыбгаса “Навінкі”, перапрацоўчых цэхаў райспажыўтаварыства, вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Фрэшфудпак” і іншых.

В. С. Гутараў шчыра падзякаваў ветэранам працы, шэфам сельгаспрадпрыемстваў, навучэнцам школ і каледжа і ў заключэнне адзначыў, што падчас нядаўняга наведвання Віцебскай вобласці кіраўнік дзяржавы даў даручэнне ўзняць развіццё вёскі на новы ўзровень. А гэта магчыма пры дасягненні высокай эканамічнай эфектыўнасці сельскай гаспадаркі.

Такой і павінна быць работа ўсіх калектываў аграпрамысловага комплексу. А іх на Пастаўшчыне нямала, што пацвердзіла цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў раённага спабор­ніцтва. Як і ў папярэднія гады, на хлебнай ніве і нарыхтоўцы кармоў вызначыліся ААТ “Хацілы-агра”, “Навасёлкі-Лучай”, філіял “Нафтазаводмантаж-агра”, “Кураполле-агра”. Па вытворчасці льну-даўгунцу і алейных культур пераможцамі выйшлі льнозавод і ААТ “Навасёлкі-Лучай”. В. С. Гутараў уручыў ім пераходныя вымпелы райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў.

Змена лідараў адбылася ў індывідуальным спаборніцтве камбайнераў. Свае мінулагоднія пазіцыі ўдалося ўтрымаць толькі Валерыю Ярашэвічу і Віктару Рогаву з ААТ “Хацілы-агра” і “Навасёлкі-Лучай”. Разам з імі на свяце былі ўшанаваны Аляксандр Смолка, Аляксандр Жураў, Міхаіл Субач з вышэйназваных гаспадарак, а таксама Вадзім Дуброўскі з ААТ “Камайскі-агра”.

Сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў больш за іншых перавезлі зерня ад камбайнаў Аляксандр Альхімёнак з ААТ “Навасёлкі-Лучай” і Канстанцін Галубёнак з філіяла “Нафтазаводмантаж-агра”. Упершыню сталі лепшымі ў раёне маладыя вадзі­целі Павел Кеўліч, Аляксандр Зарэцкі і Максім Адынец з ААТ “Камайскі-агра”, “Навасёлкі-Лучай” і “Кураполле-агра”.

На дапрацоўцы зерня на першае месца сёлета выйшлі Анатолій Кундра і Дзмітрый Косараў з ААТ “Камайскі-агра”. Філіял “Аўтатранспартнае прадпрыемства №17 г. Паставы”, дзяржаўны каледж, УП ЖКГ і райспажыўтаварыства адзначаны за аказанне дзейснай шэфскай дапамогі сельгасарганізацыям.

У рамках раённых дажынак былі ўшанаваны таксама механі­затары, занятыя на нарыхтоўцы кармоў, уборцы льну, уздыме зябліва, падрыхтоўцы глебы, сяўбе яравых і азімых, хімічнай апрацоўцы раслін, унясенні мінеральных удабрэнняў. Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта ім уручыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання С. В. Чэпік. Сяргей Васільевіч павіншаваў са святам і іншых вяскоўцаў розных прафесій, якія прадстаўлялі ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна.

Затым цырымонію ўзнагароджвання прадоўжыў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Мікалаевіч Герасіменка. У адпаведнасці з пастановай прэзідыума савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, ён уручыў юбілейныя медалі “110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі” дырэктару ААТ “Хацілы-агра” Вячаславу Крыштафові­чу, старшым камбайнерам Валерыю Ярашэвічу, Сяргею Гілю і вадзіцелю Аляксандру Альхімёнку з ААТ “Хацілы-агра” і “Навасёлкі-Лучай”, якіх яны ўдастоены за дасягненне высокіх паказчыкаў на жніве. Дыпломамі і падарункамі раённай арганізацыі работнікаў АПК былі адзначаны аператары машыннага даення, якія за летне-пашавы перыяд атрымалі найбольшую колькасць малака ад каровы.

Стала добрай традыцыяй падводзіць на свяце вынікі конкурсу на лепшы студэнцкі атрад, заняты на ўборцы ўраджаю. Сярод школ першае месца заняў атрад “Дружба” Навасёлкаўскай СШ, другое і трэцяе — атрады «Бригада «УХ» і «Лошадиная сила» СШ №2. Сярод груп дзяржаўнага каледжа пераможцамі выйшлі атрады “Задевье”, “Дружба” і “Молодцы”. Ганаровыя граматы і падарачныя сертыфікаты на набыццё тавараў у магазіне “Токио” ім уручыла першы сакратар райкама БРСМ Іна Каралёва.

Затым галоўны інжынер малаказавода Сяргей Вацлававіч Шубелька, старшыня праўлення райспажыўтаварыства Грыгорый Арсенцьевіч Леўкавец і дырэктар ільнозавода Пётр Іванавіч Скурко адзначылі кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў — лепшых здатчыкаў прадукцыі і сыравіны, а таксама сваіх работнікаў, якія вызначаюцца ў працы, з добрымі паказчыкамі сустрэлі сваё прафесійнае свята.

Мерапрыемства завяршылася музычнымі віншаваннямі. На сцэне РДК выступілі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Паазер’е” і дзіцячы ансамбль “Пастаўскія цымбалісты” дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, народная эстрадная група “25 плюс-мінус”, Марыя Лібоза, Злата Ярашэвіч і ансамбль танца “Дзяцінства” Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай ДШМ, салісты Ірына Козел, Дзяніс Круглоў, Юлія Галяш, Марыя Сеганкевіч, Вольга Балотнікава, Крысціна Клянтак, тэатр танца “Непаседы”.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.