Адзначылі чарговую гадавіну


img_6612

Дата нараджэння нашага школьнага музея баявой і працоўнай славы — 4 лістапада 1987 года. Урачыстыя мерапрыемствы з гэтай нагоды мы праводзім пасля асенніх канікулаў. Сёлета музей напоўніўся дзіцячымі галасамі 12 лістапада.

На сустрэчы прысутнічалі госці: старшыня і сакратар раённага савета ветэранаў Г. Ф. Літвіновіч і Г. А. Лапушынская, а таксама Л. М. Яловік, чыё дзяцінства выпала на ваенны час і ўспа­міны якой мы выкарыстоўваем падчас экскурсій, ветэраны працы Н. А. Гушчына і Г. В. Артамонава, былы экскурсавод музея, выпускніца 2014 года Анжэла Заўгародная, вучні 5 “Б” класа (класны кіраўнік — М. М. Макруш), камандзіры 6-9 класаў, экскурсаводы. Вучні прывіталі гасцей і ўручылі сціплыя сувеніры. Традыцыйны на нашым мерапрыемстве — прыём у піянеры. На гэты раз імі сталі вучні 5 “Б” класа Вікторыя Краўчанка і Данііл Французаў. Ганаровыя госці павязалі ім гальштукі, а з прывітальным словам звярнуліся я як кіраўнік музея і Г. Ф. Літвіновіч.

Потым я коратка расказала пра дзейнасць музея (падрабязную справаздачу трымаем у маі). Да чарговай даты вучні падрыхтавалі падарункі — новыя экспанаты, якія ўручылі Вікторыя Іўчанка ад 6-га “А”, Кірыл Дзеравянка — ад 7-га “А”, Ганна Трублоўская — ад 8-га “А”, Аліна Кліменка — ад 8-га “Б”, Сабіна Ластоўская ад 9 “Б” класа і г. д.

Для прысутных была праведзена экскурсія “Дзеці вайны”. Раней тэму раскрывалі выпускнікі гэтага года. А цяпер яе ўпершыню правялі вучаніцы 8-га “А” Аляксандра Лысенка, Дар’я Рамановіч, Ганна Трублоўская і Анастасія Хаўлюк. У тэксце экскурсіі — расказы “дзяцей вайны” рэспублікі і раёна, бабуль і дзядуляў вучняў нашай школы.

Вось адзін з іх: “Аднаго разу на расстрэлах у Мінску прысутнічаў Гімлер. Обер-кат прыехаў паглядзець, як яго падначаленыя страляюць у безабаронных старых, дзяцей, жанчын. Часта яны рабілі гэта трапна, але іншы раз кулі траплялі ў нагу ці плячо. Параненыя малыя курчыліся ад болю, стагналі, плакалі. Гімлер, адвярнуўшыся, сказаў: “Гэта невыносна. Час адмяніць расстрэлы, а ў далейшым дзяцей і жанчын будзем труціць газам”. Так з’явіліся душагубкі”.

Лідзія Мікалаеўна Яловік нарадзілася ў Васілінах. Калі пачалася вайна, ёй было 5 гадоў. Вось што яна ўспамінала: “Калі вяла з поля карову, то пачула гул самалёта. Спачатку падумала, што гэта наш, але лётчык адкрыў агонь. Моцна спужалася і схавалася за карову. Жывёліна таксама напужалася і так ірванула, што я ўпала. Самалёт развярнуўся. Пабегла шукаць больш надзейнае сховішча. Калі “мішэні” не стала, самалёт паляцеў далей. Доўга не магла ачуняць, а калі прыйшла дадому, карова была ўжо там. Толькі кулі, як касой, зрэзалі ёй рогі”.

Пасля экскурсіі я дала слова Г. Ф. Літвіновіч. Гаварыць ёй было цяжка: перашкаджалі слёзы. Блішчэлі яны і на вачах многіх прысутных. Ганна Францаўна выказала ўдзячнасць усім, хто працуе ў музеі, за такую патрэбную, асабліва ў наш складаны час, работу па выхаванні патрыятызму ў школьнікаў. Н. А. Гушчына, “дзіця вайны” з уральскага тылу, расказала, як яны, у той час вучні, працавалі, каб дапамагчы фронту. Г. В. Артамонава нагадала ваенныя падзеі ў сучасным свеце і выказала падзяку за работу музея па патрыятычным выхаванні. Анжэла Заўгародная падзякавала мне за навуку, якую атрымліваюць экскурсаводы, і пажадала поспехаў тым, хто прыйшоў ім на змену.

Наша далейшая работа будзе накіравана на падрыхтоўку да годнай сустрэчы 72-й гадавіны Перамогі, 73-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 100-годдзя Вялікага Кастрычніка і 30-годдзя нашага школьнага музея.

Удзячна гасцям, вучням, настаўнікам, якія раздзялілі з намі радасць падзеі, юным памочнікам-экскурсаводам і іх аднакласніцы Анжаліцы Дзісько за сустрэчу гасцей, настаўніцы працоўнага навучання Г. А. Дзевятоўскай за падрыхтоўку сувеніраў, дырэктару школы І. А. Мадвейку за прадастаўлены транспарт, тэхработнікам.

Запрашаем вучняў школ, настаўнікаў, прадстаўнікоў іншых арганізацый да нас на экскурсіі.

Р. ЛАСТОЎСКАЯ, кіраўнік музея

баявой і працоўнай славы СШ №2.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.