Асалода і ад танцаў, і ад песень


b843775b99391c04022d3e84eb34418c

Арганізуючы дыскатэку ў стылі 80-ых, работнікі раённага Дома культуры не надта верылі ў поспех новага праекта. Размясцілі аб’яву ў раённай газеце, расклеілі афішы на дзвярах пад’ездаў, падрыхтавалі білеты.

Але жадаючых патанцаваць у нядзелю, 6 лістапада, аказалася шмат. Прычым прыйшлі як тыя, чыя маладосць звязана з “Вологдой”, “Малиновкой”, “Старым клёном”,  “Листьями жёлтыми”, так і тыя, хто ў 80-ыя нарадзіўся. Розніца ва ўзросце не стала перашкодай, каб весяліцца. Вядучая вечара — рэжысёр Дома культуры Анастасія Зубанава — выйшла да гасцей у сукенцы ў гарошак — такія ў 80-ыя гады былі на піку моды. Яна падрыхтавала цікавую забаўляльную праграму. Напрыклад, называла крылаты выраз, і трэба было назваць кінафільм, у якім ён гучаў. Захапіла гульня “Угадай мелодыю” (за некалькі секунд патрабавалася назваць песню і яе выканаўцу). А як стараліся пары падчас танцавальнага конкурсу “Лепшыя з лепшых”! Пераможцы конкурсаў атрымлівалі жэтоны. У канцы па іх колькасці вызначаліся мацнейшыя.

Удзельнікі народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус” Аляксей Конанаў, Пётр Кароль, Вольга Балотнікава, Эла Панавас зачароўвалі сваімі галасамі, пазітыўнай энергіяй. Пары кружыліся ў вальсе, адбівалі вясёлую польку, здаваліся ў палон рытмічнай лацінаамерыканскай ламбадзе, якая ўварвалася ў наша жыццё менавіта ў 80-ыя, танцавалі іншыя танцы таго часу. Кампаніі былі розныя. Адны адзначалі дзень нараджэння сябра і сышліся на думцы, што варта выбрацца ў Дом культуры. Іншыя вырашылі проста пайсці паглядзець, што там адбываецца. А пераступілі парог, пачулі музыку — і скінулі паліто, пусціліся ў танцы.

Час рэтра-дыскатэкі праляцеў непрыкметна. Пакідаючы Дом культуры, людзі падыходзілі да яго дырэктара Алы Баляславаўны Чарнюк, “дваццацьпятнікаў”  і дзякавалі за вечар. Вось некаторыя з выказванняў:

— Вельмі любім танцаваць. Калі збіраемся на святы дома, гэта не тое. А тут пакружыліся з размахам, як у маладосці.

— Баляць ногі, але як пачую музыку, хвароба адступае, з’яўляецца цудоўны настрой. Ніколькі не шкадую, што прыйшлі з жонкай на танцы.

— Мелодыі, якія гучалі ў гэты вечар, вельмі любілі нашы бацькі. Мы на іх выраслі. Таму і танцавалася лёгка.

— Заўтра, можа, з ложка не падымуся, а сёння не прапусціла ні аднаго танца.

— Вельмі хацелася б, каб такія вечары ладзіліся рэгулярна. Магчыма, розныя рэтра-вечарынкі, святы побытавых танцаў нашых дзядоў…

— Наведваю ўсе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў раённым Доме культуры. Малайцы работнікі — сапраўдныя прафесіяналы. Думаю, і такія дыскатэкі па­вінны прыжыцца. Некаторым, каму за 50 і 60, таксама часам хочацца скінуць цяжар гадоў.

— А дзе яшчэ ў горадзе можна патанцаваць? У кафэ, барах гучыць сучасная музыка. Хоць я і праваслаўная, пастаянна хаджу на касцельныя фэсты, калі на іх іграе “Паазер’е”. Як жа па-заліхвацку там танцуецца! Нядрэнна было б зладзіць дыскатэку з удзелам “паазерцаў” і ў Доме культуры.

— Мерапрыемства паказала, што праект выбраны ўдала, — гаварыла пасля заканчэння вечара дырэктар Дома культуры Ала Баляславаўна Чарнюк. — Было весела. Людзям, напэўна, сапраўды не хапае такіх забаў. Для большасці гэта было вяртанне ў маладосць, для іншых — проста цудоўны адпачынак. Улічваючы пажаданні, наступную дыскатэку плануем правесці на каталіцкія Каляды.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.