Два розныя матчы

Спорт

“РДВАР-1” (Мінск) — “Атлант” (Паставы) — 3:0, 1:3

1 дзень. 3:0 (25:14; 25:17; 25:22).

2 дзень. 1:3 (23:25; 25:16; 25:27; 20:25).

У беларускую сталіцу пастаўчане спецыяльна прыехалі за дзень да стартавага матча і, у адпаведнасці з рэгламентам, не толькі азнаёміліся з гульнявой залай, але і правялі там інтэнсіўную трэніроўку. У адрозненне ад свайго саперніка наша каманда не мае магчымасці рэгулярна,  двойчы на дзень, трэні­равацца разам, бо палова ігракоў — з іншых гарадоў, вучацца альбо яшчэ і працуюць. Гэты фактар асаб­ліва адбіўся на гульні гасцей у першы дзень, калі на пляцоўцы ў іх складзе з’яві­ліся трое навічкоў. На адказную пазіцыю лібера таксама выйшаў новы абаронца — кандыдат у майстры спорту Дзяніс Захарэвіч, але ён раней ужо так гуляў.

Як і чакалася,  неналежны пакуль узровень каманднага ўзаемадзення ў пастаўчан не дазволіў ім на роўных весці барацьбу з высакарослымі мінчанамі з базавага клуба мала­дзёжнай зборнай Беларусі. Барацьба на пляцоўцы разгарэлася толькі ў трэцяй партыі. Перад гэтым трэнеры гасцей далі адпачыць лідарам, выпусцілі рэзервістаў Дзяніса Радзевіча і Дзмітрыя Аксёненку. Праўда, у канцоўцы сталічныя валейбалісты прыбавілі і давялі першы паядынак да перамогі. Магчыма, мінчане ў паўторнай сустрэчы крыху расслабіліся, а пастаўчане, наадварот, узмацнілі сваю гульню найперш над сеткай, адчайна “цягнулі” нават безнадзейныя мячы.

Упэўнена разыгрываў камбінацыі новы распасоўшчык Максім Ралавец, а ў атацы паспяхова дзейнічаў яшчэ адзін навічок — Мікалай Фітковіч. Пераломнай у гэтай сустрэчы стала трэцяя партыя, якую пастаўчане выйгралі і займелі псіхалагічную перавагу. На сапраўдным куражы ў складзе гасцей згулялі таксама малады Юрый Рабека і вопытныя Віталь Варанец, Даніла Шышко, Аляксандр Сідарэнка. Іх намаганнямі наша каманда выйграла ў паўторным матчы і паклала ў сваю скарбонку патрэбныя 3 ачкі. У лідары першынства выйшаў гро­дзенскі “АСДЮШАР-Камунальнік”, які двойчы дома з лікам 3:0 абыграў сталічны “РДВАР-2”.

У наступным туры пастаўчане свабодныя ад гульняў, а на сваёй пляцоўцы яны 3-4 снежня памераюцца сіламі з другой, маладзейшай па ўзросце, камандай рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву.

Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.