“Экспарт — наш асноўны даход”


Інжынер-механік па рамонце абсталявання аміячнай халадзільнай устаноўкі Валерый Цітоў, спецыяліст па збыце Таццяна Касаткіна, начальнік вытворчай лабараторыі Таццяна Карташова, галоўны спецыяліст па сыравіне і вытворчасці Марыя Лютынская, інжынер па якасці Вольга Шамовіч, начальнік сыраробнага цэха Таццяна Радзівіловіч, дырэктар завода Георгій Касцень, начальнік вытворчасці Таццяна Цітова, галоўны інжынер Сяргей Шубелька і інжынер-тэхнолаг Рэната Мілько.
Інжынер-механік па рамонце абсталявання аміячнай халадзільнай устаноўкі Валерый Цітоў, спецыяліст па збыце Таццяна Касаткіна, начальнік вытворчай лабараторыі Таццяна Карташова, галоўны спецыяліст па сыравіне і вытворчасці Марыя Лютынская, інжынер па якасці Вольга Шамовіч, начальнік сыраробнага цэха Таццяна Радзівіловіч, дырэктар завода Георгій Касцень, начальнік вытворчасці Таццяна Цітова, галоўны інжынер Сяргей Шубелька і інжынер-тэхнолаг Рэната Мілько.

Прадукцыю ААТ “Пастаўскі малочны завод” з іншай не зблытаеш. Яна смачная, якасная, таму хутка раскупліваецца ў айчынных гандлёвых сетках, паспяхова рэалізуецца на замежным рынку. Пра гэта і іншае кіраўнік прадпрыемства Георгій Пятровіч Касцень расказвае ў інтэрв’ю карэспандэнту “Пастаўскага краю”.

— Георгій Пятровіч, з якімі набыткамі галоўнае перапрацоўчае прадпрыемства раёна сустракае прафесійнае свята? Магчыма, гаворку варта пачаць са статыстыкі?

— А пра што скажа звычайнаму чытачу газеты набор лічбаў? На мой погляд, больш важнай будзе інфармацыя пра тое, што завод працуе з прыбыткам. Дарэчы, наша прадпрыемства — адно з нямногіх у вобласці, якія заўсёды разлічваюцца з пастаўшчыкамі сыравіны, мы своечасова выплачваем заработную плату, усё, што планавалі, ажыццяўляецца. У гэтай сувязі хацеў бы сказаць, што з удзячнасцю ўспамінаю Івана Юльянавіча Юхно, які падчас свайго дырэктарства адважыўся на такую мадэрнізацыю.

Адзінае — хацелася б мець больш сыравіны. А яна паступае з гаспадарак Пастаўскага, Браслаўскага, Шаркаўшчынскага, часткова — з Дубровенскага і Аршанскага, а таксама са Смалявіцкага, Лагойскага, Мінскага раёнаў. Усё малако ідзе на перапрацоўку. Выпускаем сыры (70-75% ад агульнага аб’ёму сыравіны), натуральнамалочную прадукцыю, масла, робім і замяняльнік малака для выпайкі цялят.

— Куды рэалізуеце прадукцыю?

— Безумоўна, такую колькасць сыроў (да 600 тон у месяц) у Беларусі рэалізаваць немагчыма. Наш пакупнік — Расія, і экспарт дае асноўны даход заводу. Спрабуем асвоіць рынак Казахстана, падпісаны кантракты з дзвюма фірмамі. Дзякуючы актыўнай рабоце ў гэтым напрамку ў папярэднія гады, цяпер збыт прадукцыі распісаны практычна па днях. Напрыклад, з дзвюма буйнымі расійскімі гандлёвымі сеткамі працуем пад заказ за 60 дзён да тэрміну адгрузкі.

— А як справы на ўнутраным рынку?

— І тут уся прадукцыя распісана пад заказ. Часам узнікаюць сезонныя праблемы з рэалізацыяй смятаны, бо гэты прадукт, скажам так, не зімовы. Цэны на масла павышаюцца, і з улікам тэндэнцыі некаторыя вытворцы гэтай прадукцыі (“Бабушкина крынка”, “Савушкин продукт”) арыентуюць свае прадпрыемствы на выпуск экспартнай прадукцыі і пакідаюць рынак Віцебшчыны. Іх месцы зоймуць іншыя, у тым ліку і наш завод. Экспарт — справа выгадная, але і рызыкоўная: сёння — прыбытак, заўтра — страты. Унутраны рынак больш надзейны: хоць і меншая рэнтабельнасць, затое стабільнасць і пастаянны даход, і ніякіх спраў з мытняй і межамі.

— І на якасць ніякіх нараканняў?

— Паўтаруся: асноўную частку прадукцыі прадаём у Расію, і праблем з якасцю там не ўзнікае. Сказанае пацвярджаюць і шматлікія айчынныя выставы, у тым ліку і апошняя — ХХІІ Міжнародная спецыялізаваная аптовая выстава-кірмаш “Прад­экспа-2016”, якая праходзіла ў Мінску з 8-га па 11-га лістапада. Адтуль прывезлі Гран-пры і 1-е месца за “Малако адтопленае”, 1-е месца за смятану і сыр “VILNO”, 2-е — за сыр “Расійскі” і малако пітное пастэрызаванае. Выстава — свайго роду рэкламны ход, дзе мы змаглі пацвердзіць свой імідж, знайсці новых спажыўцоў.

— Прадпрыемства абноўленае, тры гады таму здадзены цэх па выпуску сыроў. Але ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі спыняцца на дасягнутым нельга. Ці не так?

— Сапраўды, на заводзе шмат што зроблена, акрамя вышэйзгаданага цэха. У прыватнасці, пад транспартны ўчастак пераабсталявалі частку вытворчай базы райаграсэрвісу — ужо выканана 60% работ, а яны пачыналіся пры былым кіраўніку Валянціну Францавічу Пылінскім.

Але, як вядома, удасканаленню няма межаў. Плануем расшырэнне лініі нарэзкі сыроў, таму што менавіта ў нарэзаным выглядзе прадукцыя карыстаецца вялікім попытам, а на расійскім рынку такой увогуле прадаецца да 80%. Ранейшая лінія задзейнічана поўнасцю, і штомесяц наразаецца 100 і больш тон — гэта амаль пятая частка ад усіх сыроў, выпушчаных на прадпрыемстве. Аб’явілі тэндар на закупку камплекта замежнага абсталявання, да канца месяца атрымаем прапановы. Калі ўсё складзецца, як мяркуем, новая лінія запрацуе ўжо ў маі.

У бліжэйшых планах і невялікая мадэрнізацыя ў сырным цэху. Трэба расшырыць заквасачнае аддзяленне, вырашыць іншыя пытанні. Ёсць ідэя адрадзіць вытворчасць тварагу.

— Нарэшце, пра непасрэдных выканаўцаў, тых, хто заўтра адзначыць сваё прафесійнае свята.

— На заводзе працуе больш за 370 чалавек. Калектыў ненамнога, але пакрысе прырастае. Гэта звязана перш за ўсё з тым, што мы павялічваем загрузку вытворчых магутнасцей. Сырны цэх працуе кругласутачна, і каб захоўвалася зменнасць, патрэбна пэўная колькасць работнікаў. Нарошчваем аўтамабільны парк, адпаведна, расце колькасць вадзіцеляў.

Выдзяляць каго-небудзь асобна не буду. Удзячны сваім намеснікам, спецыялістам, а ў першую чаргу тым людзям, якія знаходзяцца ў цэхах, за рулём, у кацельні і г. д., бо калі б не яны, то і дасягненняў не было б. Мы паважаем нашых партнёраў — працаўнікоў гаспадарак, якія забяспечваюць завод сыравінай. Напярэдадні прафесійнага свята віншую ўсіх і кожнага, жадаю здароўя, сямейнага дабрабыту, згоды, цяпла. Групе работнікаў будуць уручаны граматы прадпрыемства і дзяржаўнага аб’яднання “Віцебскі канцэрн “Мяса-малочныя прадукты”.

Шчырыя віншаванні, а таксама найлепшыя пажаданні ветэранам прадпрыемства. Дарэчы, некаторыя з пенсіянераў — а іх у нас каля сямідзесяці — вяртаюцца ў калектыў. Калі дазваляюць здароўе і сілы, то чаму б і не папрацаваць! Мы з радасцю іх прымаем, бо ўпэўнены: настаўніцтва павінна быць, а ветэранам ёсць што перадаць маладым.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.