І ў 150 гадоў маладая

Местная власть Образование

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. Кашырын віншуе з юбілеем установы дырэктара школы Н. В. Кузьмінову.

“Калі была адкрыта першая школа ў Лынтупах, намі дакладна не ўстаноўлена, але тая школа, якая існавала на рубяжы стагоддзяў, была пабудавана ў 1866 годзе”. Да такой высновы, абапіраючыся на гістарычныя факты і дакументы, яшчэ ў 70—80-ыя  гады мінулага стагоддзя прыйшоў мясцовы краязнаўца, настаўнік Іосіф Быхавец. Яго невялікая кніжка-даследаванне, якая выйшла пад назвай “Лынтупы і наваколле”, з’яўляецца сапраўднай энцыклапедыяй, выклікае цікавасць ва ўсіх, хто шануе і хоча ведаць свой край. Дзякуючы Іосіфу Быхаўцу (пра гэта гаварылі многія ветэраны і маладзейшыя педагогі), сёлета ў Лынтупах дачакаліся выдатнай даты і ў мінулую суботу адзначылі 150-гадовы юбілей школы.

Дырэктар Наталля Васільеўна Кузьмінова не без гонару гаварыла, што галоўнай скарбонкай мінулага з’яўляецца школьны музей, дзе сабрана шмат гістарычных і іншых каштоўных дакументаў і экспанатаў, у тым ліку першакрыніц. Не адно пакаленне настаўнікаў і вучняў клапацілася пра тое, каб захаваць у ім мноства разнастайных звестак, зрабіць іх набыткам для ўсіх, хто атрымлівае веды, вучыцца любіць свой цудоўны край.

На сцэне школьнай глядзельнай залы ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці аднавілі старонкі мясцовага побыту.

У розныя гістарычныя перыяды ўстанова мела розны статус. У 1909 годзе гэта было народнае вучылішча, у 1939-ым — прагімназія. У 1944-ым, пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, працавала няпоўная сярэдняя школа. У 1950 годзе была пераведзена ў разрад сярэдніх і размясцілася ў памяшканні палаца Бішэўскага. У 1992-ім справіла наваселле ў новым сучасным будынку. У пачатку ХХI cтагоддзя cюды перасяліўся дзіцячы сад, а пазней і філіял Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Цяпер гэта цэлы дзіцячы комплекс пад адным дахам.

Нягледзячы на сваю багатую гісторыю, поўныя звесткі пра навучальную ўстанову датуюцца толькі пяцідзясятымі гадамі ХХ стагоддзя. З таго часу тут адбылі­ся 62 выпускі сярэдняй школы. Пуцёўку ў жыццё атрымалі 2196 юнакоў і дзяўчат. У школе працавала больш за 150 настаўнікаў. Пачынаючы з пасляваеннага перыяду, педагагічны калектыў узначальвалі Антон Барысавіч Карчэўскі, Філіп Ільіч Валуй, Барыс Елісеевіч Віннікаў, Анатолій Антонавіч Касьянаў, Яўгеній Уладзіміравіч Протас, Віктар Іванавіч Галубоўскі.

Фрагмент выступлення танцавальнага калектыву вучняў.

Назваўшы іх прозвішчы, дырэктар Наталля Васільеўна Кузьмінова шчыра вітала ўсіх ветэранаў-педагогаў і выпускнікоў, якія прыйшлі на ўрачыстасць, засведчылі сваю адданасць і любоў да калектыву.

— На сцэне, дзе сёння адбываецца ўрачыстасць, праходзіла шмат розных мерапрыемстваў, — адзначыла яна. — Мы неаднаразова віталі бацькоў вучняў, ушаноўвалі першакласнікаў, праводзілі і арганізоўвалі сустрэчы выпускнікоў, але свята школы адбываецца ўпершыню. Спадзяюся, што яно стане традыцыйным і будзе збіраць усіх, хто памятае свой другі дом, з удзячнасцю адносіцца да настаўнікаў, выхавальнікаў, тэхнічных работнікаў.

Успамінамі дзеляцца выпускнікі Міхаіл Уладзіміравіч і Галіна Пятроўна Агеенка, Станіслаў Аркадзьевіч Трашчынскі, якія закончылі школу 50 гадоў назад.

— Словы глыбокага прызнання і шчырай падзякі найперш адрасую педагогам-ветэранам, якія прысутнічаюць у зале, і тым, хто не змог прыйсці на ўрачыстасць, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Яўгеньевіч Кашырын. — Вы працавалі, не шкадуючы сіл, уносілі вялікі ўклад не толькі ў цудоўны летапіс школы, але і ў душы і сэрцы дзяцей. Менавіта такім быў і застаўся ў нашай памяці Віктар Іванавіч Галубоўскі, які на працягу 25 гадоў узначальваў педагагічны калектыў і заўчасна пакінуў гэты свет.

Па прапанове А. Я. Кашырына прысутныя ў зале мінутай маўчання ўшанавалі памяць настаўнікаў і вучняў, якія ў розныя гады пайшлі з жыцця. Іх справу годна прадаўжае новае пакаленне лынтупскіх педагогаў. Дружная, творчая праца гэтага калектыву адзначана Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта. Разам з ёй А. Я. Кашырын уручыў  Н. В. Кузьміновай ноўтбук — падарунак школе ад райвыканкама. Віншаванні атрымалі і настаўнікі: Эла Чаславаўна Андрэйчык, Маргарыта Вілісаўна Аліхвер, Людміла Антонаўна Домжа, Інэса Уладзіміраўна Урбановіч. Яны ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Вядучыя і арганізатары свята намеснік дырэктара Валянціна Зянонаўна Руткоўская і настаўнік Андрэй Сяргеевіч Стахоўскі.

Удзельнікаў урачыстасці вітаў старшыня сельвыканкама А. Я. Макаранка. А затым вядучыя —  намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціна Зянонаўна Руткоўская, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Андрэй Сяргеевіч Стахоўскі і школьнікі — запрасілі ўсіх зрабіць падарожжа ў мінулае. Лынтупшчына — вельмі адметны рэгіён, з багатай гісторыяй, культурай, падзеямі, маляўнічымі краявідамі, таленавітымі і мужнымі людзьмі. Такімі, як Героі Савецкага Саюза Фёдар Рыгоравіч Маркаў і Ганна Іванаўна Маслоўская, удастоеныя найвышэйшага звання за подзвігі, здзейсненыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У розныя гады пасёлак і навакольныя вёскі наведалі Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Алесь Петрашкевіч, Янка Брыль і іншыя творцы. І цяпер Лынтупшчына —  месца, дзе збіраюцца мастакі, літаратары, краязнаўцы. Педагогі і жыхары ганарацца сваімі землякамі, якія дасягнулі многага ў жыцці і працоўнай дзейнасці, сталі знакамітымі ў розных сферах: навуцы, культуры, вытворчасці. А мясцовы творца і краязнаўца Аляксандр Гарбуль напісаў словы да гімна “Лынтупы — наша мястэчка”. Менавіта гэта песня адной з першых прагучала на свяце і пацвердзіла, што творчыя традыцыі працягваюцца і ў наш час.

У юбілейны для школы год члены школьнага аб’яднання па інтарэсах “Літаратурнае края­знаўства” правялі цікавыя экскурсіі, творчыя экспедыцыі па родным краі, сустрэчы са старажыламі — сведкамі мінулага. Гэта настолькі ўразіла дзяцей, што яны падрыхтавалі драматычную пастаноўку “Вечная любоў” пра цудоўную, кранальную гісторыю жыцця і кахання пані Гелены і пана Уладзіслава Даўгялаў.

На пярэднім плане — Валянціна Антонаўна Карчэўская, педагог-ветэран, дачка першага пасляваеннага дырэктара школы.

Новыя павевы часу не абмінаюць школу. Тут актыўна дзейнічае валанцёрскі атрад, наладжана цеснае супрацоўніцтва з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, касцёлам. Вось і ў дзень юбілею ў касцёле адбылася святая Імша за калектыў школы, вучняў і іх бацькоў, за тых, хто некалі тут вучыўся і працаваў. А кіраўнікі падраздзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра на чале з Дзіянай Іванаўнай Пякарскай, якая яшчэ некалькі гадоў назад працавала намеснікам дырэктара школы па выхаваўчай рабоце, не толькі павіншавалі юбіляраў, але і ўручылі падарункі. Іх віталі таксама выхаванцы дзіцячага сада, работнікі філіяла дзіцячай школы мастацтваў.

Пра вынікі работы педагагічнага калектыву, асобных настаўнікаў і вучняў сведчаць узнагароды, якімі яны былі адзначаны арганізатарамі абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка”, раённых круглагадовай алімпіяды і навукова-практычнай канферэнцыі “Глорыя”, рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня, фестываляў і акцый “Калядная зорка”, “Музычны Алімп”, “Моладзь за здаровы лад жыцця” і іншых мерапрыемстваў. Парадавалі вучні гасцей сваёй творчасцю, выканальніцкім майстэрствам і на свяце. Хораша спявалі пераможцы конкурсу “Добры дзень, свет!” Маргарыта Кавальская і Дзіяна Літвіновіч, настаўнікі Ірына Пятроўна Януш і Андрэй Сяргеевіч Стахоўскі, іншыя выканаўцы.

Ветэраны педагагічнай працы Галіна Гаўрылаўна Шубіна, Міраслава Іванаўна Нячаева, Марыя Іванаўна Пяткевіч, Аліна Антонаўна Чалка, Людміла Францаўна Кавальская.

Адметнасць Лынтупскай школы ў тым, што тут працавалі і прадаўжаюць працаваць настаўніцкія дынастыі. А ўвогуле сярод сённяшніх педагогаў 65% складаюць былыя выпускнікі, якія, атрымаўшы спецыяльную адукацыю, вярнуліся ў родны калектыў. Сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў-настаўнікаў на свяце прадстаўлялі дзеці і ўнукі: Насця Раманоўская, Юлія Васільева, Таня Мітуневіч, Саша Мітуневіч, Яна Стахоўская, Маргарыта Кавальская, Каця Пякарская, Міланія Сеніна, Віталій Пецюлевіч, Алік Цярэнцьеў, Лёша Бондар, Дзяніс Аліхвер.

Святкаванне юбілею справядліва назвалі вечарам успамінаў. Асабліва кранальна гаварылі пра школу выпускнікі самых розных гадоў Ганна Нарцызаўна Салавей, Валянціна Антонаўна Карчэўская, Лілія Мечыславаўна Гірдзей, Людміла Мікалаеўна Белавус, Галіна Тадэвушаўна Фалевіч, Віктар Сцяпанавіч Тульвінскі, Уладзімір Мікалаевіч Глазко, Галіна Гаўрылаўна Шубіна і шэраг іншых гасцей. Яны, унікальныя людзі, прафесіяналы сваёй справы, нізка кланяліся роднай школе, якая дала пуцёўку ў жыццё.

Каля трох гадзін доўжылася сустрэча, але і гэтага часу не хапіла для таго, каб перагарнуць усе старонкі слаўнай гісторыі школы. Летапіс яе прадаўжаецца. Значыць, будуць новыя сустрэчы і адкрыцці.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.