І дзякуючы доследам


Вынікі эксперыменту абмяркоўваюць менеджар фірмы па аграсэрвісе Вадзім Вадзімавіч Зеляняк, дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Францішкавіч Шымчык і галоўны аграном Вера Васільеўна Мукель.

У ААТ “Навасёлкі-Лучай” на зімова-стойлавы перыяд  сёлета на ўмоўную галаву жывёлы ўпершыню нарыхтавана па 30,6 цэнтнера кармавых адзінак — на 10,6 цэнтнера больш, чым летась. Запасы кармоў папаўняліся з трох укосаў траў. Вельмі важкая прыбаўка атрымана за кошт кукурузы.

Яе вырошчвалі на 800 гектарах. Амаль 690 выкарыстана на сілас. Гэтага корму закладзена 26240 тон. На ўборцы зялёнай масы, ураджайнасць якой перавысіла 400, а на асобных участках 500 цэнтнераў з гектара, папрацавалі на камбайнах “Ягуар” і “КВК-800” Юрый Гваздоў і Эдгар Лезанін. А механізатары Аляксандр Курдо і Аляксандр Смолка адзіныя ў раёне прадаўжаюць убіраць кукурузу на зерне. З 88 гектараў яны намалацілі 1095 тон залацістага зерня. Пачаткі засталося абмалаціць нямногім больш чым на 20 гектарах.

— Сёлета кукуруза вельмі парадавала, — адзначыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Францішкавіч Шымчык. — Удосталь нарыхтавалі сіласу, а ўвогуле маем амаль двухгадовы запас травяністых кармоў. Эканамічна выгадна прадаваць і зерне, якога будзе намалочана больш за 1300 тон.

Камбайнер Аляксандр Курдо на “Джон Дзіры” на доследных участках абмалочваў зерне кукурузы.

Такія высокія паказчыкі — вынік прадуманай работы на кармавым полі, захавання ўсіх тэхналагічных патрабаванняў. Угнойванне і дасканалая апрацоўка глебы, сяўба насеннем перспектыўных гатункаў, апрацоўка пасеваў гербіцыдамі ў спалучэнні са спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі і забяспечылі высокую ўраджайнасць. Важным фактарам з’яўляецца і тое, што дырэкцыя і агранамічная служба пастаянна імкнуцца ўкараняць усё новае, перадавое. Апраўдала сябе высокадакладная французская сеялка “MONASEM”, якая адначасова з насеннем кукурузы запраўляе ў глебу пэўную дозу мінеральных удабрэнняў.

Сёлета ў гаспадарцы было закладзена дзевяць доследных дзялянак па вырошчванні розных па сортнасці і спеласці гібрыдаў кукурузы. Такое стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву з замежнай фірмай КWС, якая з’яўляецца адной з вядучых у свеце па селекцыі і вытворчасці насення ключавых сельскагаспадарчых культур. Доследы закладваліся вясной пры непасрэдным удзеле менеджара фірмы па аграсэрвісе, кандыдата сельскагаспадарчых навук Вадзіма Вадзімавіча Зеленяка. Нядаўна ён з удзелам кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства і камбайнера Аляксандра Курдо арганізаваў уборку пачаткаў на доследных дзялянках.  Вадзім Вадзімавіч заўважыў, што і ў засушлівых умовах 2016 года гібрыды кампаніі  KWC, як заўсёды, паказалі выдатныя вынікі, што яшчэ раз дэманструе генетычны патэнцыял насення. Не сталі  выключэннем і гібрыды, пасеяныя на навасёлкаўскіх землях. У палявых умовах, з высокай дакладнасцю — для гэтага мелася ўсё абсталяванне — вызначаліся ўраджайнасць, вільготнасць зерня і іншыя параметры, якія характарызавалі вынікі доследу.

—  З улікам саставу глебы, кліматычных умоў яны ў цэлым парадавалі, — адзначыў В. В. Зеляняк. — Калі ў гаспадарцы сярэдняя ўра­джайнасць зерня кукурузы складае нямногім больш за сто цэнтнераў з гектара, што таксама добра, то такія гібрыды, як “сільвініа” і “раландзініа” з фау 220 і 230 далі на круг па 130—140 цэнтнераў якаснага зерня. Апраўдана і тое, што ў сельгаспрадпрыемстве на значных плошчах вырошчваюць такія гібрыды кукурузы, як “матэус”, “алмаз”. Увогуле, прыемна працаваць з  кіраўнікамі і спецыялістамі, якія жадаюць павышаць эфектыўнасць работы, мець лепшыя эканамічныя паказчыкі. Менавіта такімі і зарэкамендавалі сябе ўсе, з кім давялося супрацоўнічаць у адкрытым акцыянерным таварыстве “Навасёлкі-Лучай”.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.