І майстэрства механізатараў

Общество

Дырэктар завода Пётр Іванавіч Скурко (крайні справа), старшы кантрольны майстар Ірына Вільгельмаўна Дзьяканава і намеснік дырэктара Андрэй Валер’евіч Марозаў вызначаюць якасць вылежкі трасты на адным з палёў.
Дырэктар завода Пётр Іванавіч Скурко (крайні справа), старшы кантрольны майстар Ірына Вільгельмаўна Дзьяканава і намеснік дырэктара Андрэй Валер’евіч Марозаў вызначаюць якасць вылежкі трасты на адным з палёў.

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, Пастаўскі льнозавод нарыхтаваў  сёлета ў фізічнай вазе 5978 тон трасты і 310 тон ільнасемя. Гэта амаль на трэць больш, чым было летась. Сыравіны хопіць для таго, каб забяспечыць двухзменную работу прадпрыемства да сярэдзіны лета 2017 года.

Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што асноўны клопат па вырошчванні даўгунцу ў раёне ўзяў на сябе механізаваны атрад ільнозавода. З 1850 гектараў ім нарыхтавана 5368 тон сыравіны сярэднім нумарам 0,98. Ураджайнасць трасты склала 29 цэнтнераў з гектара, а ў пераво­дзе на валакно — 8,5 цэнтнера. Паказчык нядрэнны, асабліва калі ўлічыць, што людзям давялося пераадолець столькі цяжкасцей, выкліканых дажджлівым надвор’ем. У выніку зацягнуліся церабленне і тэрміны вылежкі трасты. Але дзякуючы старанню механізатараў, прынятым арганізацыйным мерам усё вырашчанае ўбрана з палёў. Ёсць больш за 270 тон у складской вазе насення льну такіх ранне-, сярэдне- і позне­спелых сартоў, як “алей”, “рытм”, “задор”, “алізэ”, “грант”, “мерлін”, “дракар”, “брэнд”, “васілёк”. Уласнае насенне — адзін з рэзерваў правядзення ў наступным годзе сяўбы на большай плошчы, што і плануюць зрабіць на прадпрыемстве.

Ёсць падрыхтаваныя кадры масавых прафесій. Выдатнымі майстрамі-льнаводамі зарэкамендавалі сябе  многія механізатары. Аляксандр Аліноўскі, Іван Загурскі, Віктар Пузан і Валерый Пупкевіч, напрыклад,  выцерабілі даўгунец амаль на 200 гектарах кожны. Яны, а таксама  Алег Вайткевіч, Алег Голубеў, Сяргей Студзянкоў, Андрэй Скрыдлеўскі і іншыя вызначыліся і на прасаванні трасты.

У пагодлівыя дні працавалі дацямна, без выхадных. Рупіліся ўсе. Вадзі­целі велікагрузных аўтамашын Віктар Паўлаў і Антон Спрагоўскі, напрыклад, перавезлі адпаведна 1195 і 1293 тоны трасты. 739,5 тоны  даставіў на трактары Анатолій Кліпа. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці. 

3583 тоны сыравіны пагрузіў у полі Дзмітрый Кузняцоў. Рэкорднай выпрацоўкі дабіўся Аляксандр Шыкуць. Ён разгрузіў і ўклаў пад шохі 5793 тоны трасты.

Адчувальная дапамога, аказаная механізатарамі  Аляксандрам Шамовічам  з ДЭУ-33 і Валерыем Мацешам з УП ЖКГ. Яны запрасавалі адпаведна 374 і 270 тон сыравіны. На гэтай рабоце вызначыўся таксама Васілій Корнышаў з ААТ “Кураполле-агра”.

Вынікі сельскагаспадарчага года на прадпрыемстве яшчэ будуць падведзены. Але ўжо сёння тут робяцца захады да таго, каб у будучым паўней загрузіць магутнасці завода. А для гэтага трэба сеяць лён у сыравіннай зоне на большай плошчы і атрымліваць вышэйшы ўраджай.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.