І нават у роту ганаровай варты

Правовое поле

Аператар машыннага даення з Хаціл Алена Абуховіч  праводзіла на службу сына Андрэя, які сёлета закончыў Пастаўскі дзяржаўны каледж.
Аператар машыннага даення з Хаціл Алена Абуховіч праводзіла на службу сына Андрэя, які сёлета закончыў Пастаўскі дзяржаўны каледж.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, гэта прызыўная кампанія стартавала ў жніўні і фінішавала ў канцы  лістапада. На Пастаўшчыне апошнія дзве групы навабранцаў былі накіраваны на ўкамплектаванне воінскіх часцей на мінулым тыдні.

Гэтай восенню рады Узброеных Сіл краіны папоўнілі 74 маладыя жыхары нашага горада і раёна, 6 з іх будуць праходзіць службу ў рэзерве, — расказваў ваенны камісар раённага ваеннага камісарыята падпалкоўнік Юрый Мільто. — На тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве прызваны юнакі, якім да дня прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку або страцілі яго. Усе прызыўнікі маюць сярэднюю, сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю, 90% з іх працавалі на розных участках вытворчасці або ў сацыяльнай сферы.

На этапах медыцынскага агляду, работы прызыўной камісіі і іншых мерапрыемстваў прымаліся канкрэтныя рашэнні па тым, дзе прызыўнікі будуць праходзіць службу. Улічваліся стан  здароўя, маральна-псіхалагічныя якасці, уласныя пажаданні. Пераважная большасць трапіла ў воінскія падраздзяленні, што дыслацыруюцца на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Гэта 103-я мабільная брыгада ў абласным цэнтры, полк радыёэлектроннай барацьбы ў Полацку, радыётэхнічны цэнтр у Паставах, воінская часць у Заслонаве. Маладыя пастаўчане таксама будуць ахоў­ваць Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь, забяспечваць правапарадак у сталіцы, выконваць свой канстытуцыйны і грамадзянскі абавязак у іншых войсках.

Ваенны камісар раённага ваеннага камісарыята падпалкоўнік Юрый Мільто ўручае ваенны білет Яўгенію Валкавыцкаму.
Ваенны камісар раённага ваеннага камісарыята падпалкоўнік Юрый Мільто ўручае ваенны білет Яўгенію Валкавыцкаму.

—  А вось дваццаці­трохгадовы Анатолій Казлоў, які сёлета закончыў вышэйшую навучальную ўстанову, пажадаў служыць у эліце Узброеных Сіл краіны — роце ганаровай варты Рэспублікі Беларусь, — адзначыў начальнік групы прызыву на ваенную службу райваенкамата маёр Валерый Баравік. — Галоўнымі крытэрыямі адбору прызыўнікоў у яе з’яўляюцца адпаведны рост, моцнае зда­роўе, адсутнасць правапарушэнняў. Толькі такія  юнакі могуць пераадольваць цяжкасці, штодзённыя вялікія нагрузкі. Увогуле, хацеў бы сказаць, што ў апошні час большасць будучых абаронцаў Айчыны лічаць, што абавязаны прайсці армейскую школу загартоўкі, набыць неабходныя для мужчын якасці.

Лынтупчаніну Станіславу Іванковічу (на здымку ў цэнтры) ёсць пра што пагутарыць з сябрамі, якія нядаўна вярнуліся дадому са службы.
Лынтупчаніну Станіславу Іванковічу (на здымку ў цэнтры) ёсць пра што пагутарыць з сябрамі, якія нядаўна вярнуліся дадому са службы.

Галоўнае — падпарад­коў­вацца і мець добрых камандзіраў, надзейных і верных таварышаў, служыць сумленна. Так лічаць і Андрэй Пякарскі і Уладзіслаў Шушкевіч, якія ўсяго тыдзень назад звольніліся з тэрміновай ваеннай службы ў полацкім палку радыёэлектроннай барацьбы і разам з іншымі праводзілі ў той дзень у армію свайго сябра, лынтупчаніна Станіслава Іванковіча. Ён і яшчэ пяцёра юнакоў з нашага раёна таксама адпраўляліся на службу ў Полацк.

Для тых, хто мае вышэйшую адукацыю, армейская школа будзе доўжыцца год,  для астатніх — паўтара. Як складзецца іх далейшы жыццёвы шлях,  пакажа час. У цэнтральнай райбальніцы, ААТ “Навасёлкі-Лучай” і іншых арганізацыях, дзе праводзілі на службу маладых работнікаў, разлічваюць, што яны вернуцца ў калектывы.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.