І як хочаце, каб вам рабілі людзі, так і вы рабіце ім”

Общество

Павел Іванавіч Паўловіч — дырэктар Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інва­лідаў — па выніках работы за мінулы год стаў лаўрэатам ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”, а таксама ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Сёння наша гутарка з ім пра працу і жыццё.

— Павел Іванавіч, мінуў не адзін месяц пасля святочных мерапрыемстваў, але, напэўна, яны не забыліся?

— І будуць помніцца доўга. У пачатку лютага прысутнічаў на ўрачыстасці ў абласным цэнтры. Дыплом і значок лаўрэата ўручыў старшыня аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў. 1 чэрвеня медаль атрымліваў у Палацы Рэспублікі з рук Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Андрэя Кабякова. Нас было 50 прадстаўнікоў розных прафесій. Хоць цырымонія заняла ўсяго некалькі хвілін — узнагароджванне, поціск рукі, фатаграфія на памяць, але за гэты час паспеў адчуць і гонар, і радасць, і адказнасць. Не часта аказваецца такая ўвага. Ацэнка маёй работы — гэта ў першую чаргу заслуга амаль ста членаў нашага калектыву.

—  А колькі насельнікаў яны абслугоўваюць?

— Больш за 200 чалавек. Гэта ў асноўным інваліды I і II груп з рознымі псіхічнымі захворваннямі. У адных яно з дзяцінства, хтосьці стаў інвалідам пасля цяжкай траўмы, іншы перажыў нейкую жыццёвую драму — у кожнага свой боль. І гэтыя людзі знайшлі тут прытулак. У некаторых радні няма ўвогуле або ў блізкіх няма магчымасці даглядаць. Многія, пакінуўшы родныя сцены, толькі ў нас пачынаюць адчуваць клопат. З імі працуюць псіхіятр і іншыя спецыялісты. Хворыя знаходзяць сабе занятак, да якога ляжыць душа: вырошчваюць кветкі, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю, працуюць у цяпліцах, наведваюць розныя гурткі, займаюцца спортам, ­удзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці. Нашы работнікі адказваюць за здароўе і жыццё людзей, абдзеленых лёсам. Узрост пражываючых — ад 18 да 95 гадоў. Камфорт патрэбны гэтым людзям так, як кожнаму з нас. І мы робім усё для таго, каб пастаялец адчуваў сябе тут як дома. А як цяжка даглядаць ляжачых! Дзякуючы міжнароднаму дабрачыннаму фонду “Сафія” дом-інтэрнат забяспечаны спецыяльнымі ложкамі, якія рэгулююцца, гэта крыху аблягчае клопат.

— Хоць работа ў доме-інтэрнаце не з простых, тым не менш калектыў у вас стабільны, некаторыя працуюць сем’ямі.

— Выпадковы чалавек тут не прыжывецца. Абслуговаму персаналу трэба мець добрае сэрца і чулую душу, знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага з пражываючых. Многія медыцынскія сёстры, санітарачкі  працуюць ужо не па адным дзясятку гадоў. За гэты час для тых, хто тут жыве, яны становяцца бліжэйшымі за родных.

— А якія шляхі прывялі вас на працу сюды?

— Нарадзіўся ў вёсцы Карпа­вічы. Вучыўся ў Лучайскай, затым у Дунілавіцкай школе. На выбар прафесіі пэўны ўплыў аказаў Валянцін Антонавіч Пашкевіч, які ў той час быў старшынёй мясцовага калгаса “XXV партз’езд”, за што я яму вельмі ўдзячны. Ён прапанаваў даць накіраванне ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Я выхоўваўся ў звычайнай вясковай сям’і, тата быў брыгадзірам, мама — рахункаводам. Не думаў адрывацца ад зямлі і я. Люблю родныя мясціны, мне дарагая малая радзіма. Таму на вучобу паехаў з задавальненнем. Пастаўшчыну пакідаў толькі на час вучобы ў інстытуце і службы ў арміі, якую праходзіў у Падмаскоўі. Атрымаўшы дыплом інжынера сельскагаспадарчых машын, прыехаў у калгас “XXV партз’езд”, працаваў інжынерам-механікам. Затым запрасілі ў дом-інтэрнат інжынерам-энергетыкам. А ў маі бягучага года споўнілася ўжо дзесяць гадоў, як узначальваю калектыў.

— Назначэнне было нечаканасцю?

— Я ведаў, што з’яўляюся адным з кандыдатаў. За гады работы энергетыкам вывучыў спецыфіку, усё мне тут было вядома. Для мяне было важным, што кіраўніцтва свой выбар спыніла на мне. Прыдаваў упэўненасці давер людзей. Удзячны камітэту па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама,  асабіста старшыні Аляксандру Мікалаевічу Хрыстафораву, начальніку ўпраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Веры Мікалаеўне Астапенка за канкрэтную дапамогу і падтрымку як на пачатку дырэктарства, так і на працягу ўсіх дзесяці гадоў. Не застаецца ў баку ад жыцця нашага дома-інтэрната мясцовая ўлада. Пастаянна цікавяцца справамі старшыня райвыканкама Віктар Сяргеевіч Гутараў, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Пётр Леанідавіч Курто, начальнікі іншых службаў. Дзякуй спонсарам, кіраўнікам бліжэйшых мясцовых гаспадарак, старшыні Дунілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Ганне Альбінаўне Мацюшонак, з якой даводзіцца вырашаць многія пытанні не толькі як дырэктару дома-інтэрната, але і як дэпутату мясцовага Савета.

— Што ўдалося зрабіць за гады дырэктарства для паляпшэння бяспечнага пражывання насельнікаў дома-інтэрната і работы абслуговага персаналу?

— Дзякуючы дзяржаве і спонсарам, міжнародным дабрачынным фондам у інтэрнаце створаны добрыя ўмовы. За сродкі абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў у 2012 годзе ўведзены ў эксплуатацыю сучасны трохпавярховы жылы корпус з найноўшым тэхналагічным абсталяваннем. А да гэтага людзі жылі ў драўляных бараках, пабудаваных у пазамінулым стагоддзі. Там не было нават водаправода. Не ўсе верылі, што калі-небудзь дом-інтэрнат будзе мець такія выдатныя ўмовы для пражывання хворых. У новым будынку ў пакоях знаходзяцца па два, тры і чатыры чалавекі, сучасная мэбля і зручныя санвузлы. У прасторных холах — тэлевізары, шмат месца адведзена для размяшчэння службаў дома-інтэрната, пакояў для заняткаў па інтарэсах і іншых мэт. У адным з пакояў абсталяваны музей, дзе сабраны рэчы, матэрыялы, фотаздымкі, якія адлюстроўваюць гісторыю ўстановы.

У красавіку 2014 года адкрылі новы медыцынскі блок. У кабінетах урача-псіхатэрапеўта, стаматалагічным, працэдурным, перавязачным устаноўлены найноўшае абсталяванне, прыборы для фізіятэрапеўтычных працэдур і многае іншае.

— Ці ўкараняюцца новыя формы сацыяльнага, медыцынскага абслугоўвання, рэабі­літацыі інвалідаў?

— Набыта 120 адзінак тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, адкрыты пакоі рэлаксацыі і кабінет лячэбнай фізкультуры са спартыўнымі трэнажорамі. Здадзены ў эксплуатацыю жылы корпус на 20 месцаў, у якім ёсць аддзяленне самастойнага пражывання. На сённяшні дзень 16 чалавек праходзяць рэабілітацыйны курс. Яны вучацца самастойна гатаваць ежу, прыбіраць у пакоях, працаваць у падсобнай гаспадарцы. Тут створаны ўсе ўмовы для таго, каб насельнікі адчулі сваю сацыяльную значнасць і змаглі аднавіць дзеяздольнасць.

Сёлета ў рамках праекта “Беларусь на шляху дэінстытулізацыі. Стварэнне адукацыйнай прасторы для людзей (18+) з інтэлектуальнымі недамаганнямі” адкрыты цэнтр навучання і развіцця, дзе 12 нашых падапечных асвойваюць буквар, вучацца практычнай матэматыцы і самастойнасці ў быце, бліжэй знаёмяцца з прыродай. Дзякуючы фінансавай падтрымцы міжнароднай грамадскай арганізацыі “Голас сэрца” цэнтр абсталяваны неабходнай мэбляй, падручнікамі, літаратурай, нагляднымі матэрыяламі, камп’ютарамі.

У нас ёсць падсобная гаспадарка. Пражываючыя атрымліваюць не толькі належнае медыцынскае абслугоўванне, але і высакаякаснае харчаванне. Мінулай восенню пасадзілі новы сад.

— Павел Іванавіч, што найбольш цэніце ў людзях і жыцці?

— У людзях — шчырасць, а ў жыцці — само жыццё. І жыву па прынцыпе: не шкадуй, што было, не загадвай, што будзе, беражы, што ёсць. Бацькі вучылі жыць сумленна, каб спакойна спаць па начах. І я памятаю іх навуку.

— А памыляцца здаралася?

— Ад памылак ніхто не застрахаваны. І я не выключэнне. Яны былі, ёсць і будуць. Часам на карысць. Нездарма кажуць, што на памылках вучымся. Толькі той, хто ідзе наперад, можа чагосьці дасягнуць, а не памыляецца той, хто нічога не робіць.

— Ці ёсць людзі, якіх лічыце сваімі настаўнікамі?

— Любая сфера жыцця звязана з настаўніцтвам. Помняцца ўрокі многіх настаўнікаў Дуніла­віцкай школы, выкладчыкаў інстытута. Немагчыма быць паспяховым, не пераймаючы чыйгосьці вопыту. Гэта натуральны працэс росту: нам трэба ў некага вучыцца. Ёсць такі жарт «Вучыцца, вучыцца і вучыцца — гэта лепш, чым працаваць, працаваць і працаваць». Практыка і рэальнасць нашага жыцця такія, што трэба паспяваць і працаваць, і вучыцца, бо без вучобы не можа быць і паспяховай працы.

— Ці часта бываеце на малой радзіме?

— У доме, дзе нарадзіўся і жылі бацькі, часта бываю ў сне. Дом, як і большасць вясковых, стаіць пусты. Тата памёр у 1997 годзе, мама перабралася ў Дуні­лавічы. І ўсё ж успаміны нярэдка сілкуюць. А ўвогуле, калі ўсё ладзіцца, тады і энергіі прыбаўляецца. Пры ўзнікненні праблем часам апускаюцца рукі. Але ненадоўга, бо разумею: што запланаваў — трэба зрабіць, і знахо­дзяцца сілы. Калі клапоцішся пра людзей, то атрымліваеш і аддачу.

— Ваш жыццёвы дэвіз?

— Не ведаю, ці можна гэта назваць дэвізам, але заўсёды кіруюся  правілам маральнасці, напісаным у Евангеллі ад Лукі: “І як хочаце, каб вам рабілі людзі, так і вы рабіце ім”.

— Чым займаецеся ў вольны час?

— Большасць часу праводжу на рабоце. Мне тут цікава. Разам працуе жонка, з якой у нас поў­нае ўзаемаразуменне, яна мяне ва ўсім падтрымлівае. А вольнага часу не так і шмат. Праводжу яго па-рознаму, у залежнасці ад сітуацыі і настрою: магу кніжку пачытаць, фільм паглядзець.

— Любімае свята?

— Па-мойму, найлепшае свята тое, якое ўзнікае спантанна, а не тады, калі ўся краіна гуртам святкуе, напрыклад Новы год. Свята, у маім разуменні — гэта калі нечакана сабраліся блізкія людзі (двое закаханых, кампанія сяброў) і нешта зладзілі без усялякай на тое нагоды — проста быў цудоўны настрой.

— Што найбольш радуе, а што засмучае?

— Я звычайны чалавек. У мяне бываюць і моманты шчасця, і моманты адчаю. У кожнага свая мерка жыцця. Мне шмат не трэба: шчасце знаходжу ў тым, што жыву ў згодзе з самім сабой і займаюся любімай справай.

Гутарыла Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.