Каб не стаць ахвярай злодзеяў…


article19934

За 10 месяцаў бягучага года на тэрыторыі Пастаўскага раёна здзейснена 219 злачынстваў, 26 з якіх — у адносінах да пажылых і састарэлых грамадзян. Сярод апошніх большую частку складаюць крадзяжы, іх зарэгістравана 18.

З мэтай папярэджання такіх злачынстваў аддзелам унутраных спраў райвыканкама ў цесным узаемадзеянні з іншымі суб’ектамі прафілактыкі на пастаяннай аснове ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на зніжэнне негатыўных тэндэнцый у стане злачыннасці, асабліва ў сельскай мясцовасці. Сумесна з работнікамі РАНС, прадстаўнікамі сельскіх выканаўчых камітэтаў, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ажыццяўляецца праверка адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых і састарэлых асоб. Пры іх наведванні тлумачацца меры асабістай і маёмаснай бяспекі, расказваецца пра магчымасць аснашчэння жылля сродкамі ахоўнай і пажарнай сігналізацыі, пра тое, што ў выпадку неабходнасці можна звярнуцца па дапамогу ў ТЦСАН або патэлефанаваць на нумар бясплатнай “гарачай лініі” 8-801-100-8-801 для пацярпелых ад дамашняга насілля. Таксама грамадзянам уручаюцца памяткі пра спосабы абароны ад злачынных замахаў, кантактныя тэлефоны РАУС і ўчастковых інспектараў міліцыі.

Прымаюцца і іншыя прафілактычныя меры. Аднак пералічаная работа не заўсёды дазваляе забяспечыць захаванасць маёмасці людзей, засцерагчы іх ад злачынных замахаў. У апошні час у РАУС рэгулярна паступаюць паведамленні і заявы жыхароў раёна пра тое, што яны пацярпелі ад асоб цыганскай нацыянальнасці. Як пра­віла, ахвярамі становяцца пажылыя грамадзяне.

Так, у ліпені з дома 81-гадовай жыхаркі вёскі Аліхверы прапала буйная сума долараў ЗША і беларускіх рублёў. Як высветлілася, да яе заходзілі чатыры жанчыны цыганскай нацыянальнасці, якія прапаноў­валі купіць пакрывала. Пад такой жа маркай 30 жніўня нязваныя госці наведаліся ў дом да пенсіянеркі з вёскі Папоўцы. Жанчына на той момант пайшла да сына, які пражывае па суседстве, і пакінула дом незамкнёным. Калі ж вярнулася, убачыла ў хаце чатырох цыганак, якія ўжо “пагаспадарылі” ў шафе і знайшлі кашалёк з грашыма. Праўда, украсці іх не змаглі, бо нечакана з’явілася гаспадыня. Толькі перахавалі грошы ў іншае месца, каб, адыходзячы, непрыкметна забраць. Трэцяга верасня ахвярай зладзеек стала 75-гадовая жыхарка вёскі Пераслега. У яе разам з вялікай сумай долараў прапалі залаты ланцужок з крыжыкам, два заручальныя пярсцёнкі, залатыя зуб і каронка. А 14 кастрычніка пры пакупцы розных рэчаў у прадстаўніцы цыганскай нацыянальнасці пацярпела жыхарка вёскі Каралінова: махлярка аблічыла яе на некалькі рублёў.

Каб не стаць ахвярай злачынства, не будзьце залішне даверлівымі. Калі асобы цыганскай нацыянальнасці прапануюць купіць у іх нейкія рэчы, тавары, абмяняць грашовыя сродкі, выканаць работы або аказаць паслугі, адразу тэлефануйце ў РАУС па нумары 102.

Злодзеі могуць пранікнуць у ваш дом і пад выглядам паштальёна, сантэхніка, знаёмага вашых суседзяў або родных. Адны просяць папіць, даць ім лякарства, іншыя — прынесці паперу або ручку, каб напісаць запіску суседзям. У любым выпадку будзьце асцярожныя, не спяшайцеся адчыняць дзверы, калі за імі стаіць незнаёмец ці незнаёмка. Калі ў ваш дом спрабуюць зайсці людзі, якія прадстаўляюцца работнікамі сацыяльнай абароны, жыллёва-эксплуатацыйных службаў, паштовым кур’ерам і г.д., якіх вы не выклікалі, папрасіце іх прад’явіць дакументы, пасля чаго патэлефануйце ў адпаведную арганізацыю і ўдакладніце, ці працуе ў іх такі работнік і дзе ён павінен знаходзіцца ў дадзены час. Карыстайцеся абмежавальным ланцужком на ўваходных дзвярах для высвятлення мэты візіту пабочных асоб. Калі жывяце адны, не паведамляйце пра гэта малазнаёмым людзям, не дамаўляйцеся аб сустрэчы ў вас дома. Не ўступайце ў размову з асобамі, якія прапануюць зняць сурокі. Не купляйце ў незнаёмцаў з рук электрабытавыя і іншыя тавары, не разменьвайце ім грашовыя купюры. Ні пад якой маркай не перадавайце свае грошы ў якасці перадаплаты за аказанне паслуг без заключэння дагавора (за набыццё кватэры, аўтамабіля, будаўнічых матэрыялаў, мэблі, вокнаў і іншых прадметаў). Абавязова інфармуйце работнікаў міліцыі, калі невядомыя асобы знаходзяцца на тэрыторыі вашага падвор’я, вёскі, сельсавета.

К. ЗУБКО, намеснік начальніка

аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.