Кожны матч — рашаючы

Спорт

img_6970

Як і летась, у сярэдзіне восені пачаўся чарговы чэмпіянат Беларусі па валейболе сярод мужчынскіх і жаночых каманд спачатку ды­візіёна “А” вышэйшай лігі. Услед за імі ўступіў у барацьбу ў пачатку лістапада ў дывізіёне “Б” старажыл гэтага турніру пастаўскі “Атлант”. Аб задачах, якія будуць вырашаць пастаўчане ў чарговым сезоне, расказаў адзін з трэнераў каманды Мікалай Рамейка.

— Мікалай Станіслававіч, вынікі папярэдняга першынства, у якім пастаўчане занялі 13-е месца сярод 14 мацнейшых валейбольных клубаў краіны, засмуцілі?

— У нас яшчэ не завяршыўся заўсёды няпросты перыяд змены пакаленняў. Наша каманда мае аматарскі статус і ў папярэднім чэмпіянаце згуляла ў сваю сілу, больш моцна выступіла ў другой палове. На пік формы мы выйшлі якраз у фінальным раўндзе на турах у Оршы і Гродне, дзе змаглі перамагчы каманду-канкурэнта — “Ваенную акадэмію” (Мінск) — і на роўных змагаліся з астатнімі сапернікамі, нягледзячы на пэўныя кадравыя праблемы. Аднак гэта ўсё ў мінулым, і зараз пачаліся новыя выпрабаванні на нацыянальнай арэне.

— Па якой формуле бу­дзе праводзіцца гэты чэмпіянат?

— Яшчэ некалькі гадоў назад у нашым першым чэмпіёнскім сезоне нам даводзілася інтэнсіўна гуляць. Тады правялі ўпершыню 36 матчаў, бо выступала рэкордная колькасць —  адразу 10 каманд у тагачаснай першай лізе. Сёлета ў другім па значэнні дывізіёне айчыннага валейбола на старт выйдуць толькі пяць клубаў. Акрамя пастаўчан, павядуць барацьбу за ўзнагароды леташнія сярэбраныя і бронзавыя прызёры — аршанцы і гродзенцы, а таксама каманда сталічнага вучы­лішча алімпійскага рэзерву. Стартавалі мы нармальна, падзялілі ачкі на выездзе з нацыянальнай маладзёжнай зборнай, з якой працяглы час плённа працуе заслужаны трэнер Беларусі С. П. Конанаў. Дарэчы, у ёй адным з лідараў з’яўляецца наш зямляк, выхаванец Пастаўскай ДЮСШ Аляксей Лабуць.

Крыху прасцей нам бу­дзе гуляць з другой камандай  гэтага вучылішча, у якой сабраны маладыя таленты, ва ўзросце да 16 гадоў, з усіх куткоў краіны. Сёлета не заявіліся ў турнір леташні пераможца, каманда са Жлобіна, а таксама мінскія валейбалісты “Ваеннай акадэміі”. Як і летась, нацыянальны чэмпіянат пройдзе ў некалькі этапаў. На папярэднім каманды-ўдзельніцы згуляюць паміж сабой па 4 сустрэчы дома і на выездзе —  усяго па 16 матчаў. Па іх выніках дзве лепшыя каманды з нашага дывізіёна ў гульнях фінальнага этапа пазмагаюцца ў сакавіку з дзвюма слабейшымі камандамі эліты, якія фінішуюць там на 7-8 месцах. Яны ў два туры па кругавой сістэме разыграюць выніковыя 7-10 месцы ў чэмпіянаце Беларусі. Каманды, якія ў нашым дывізіёне “Б” зоймуць 3-5 месцы, правядуць свой турнір у тры туры, значыць яшчэ па 6 матчаў, а вось вынікі на папярэднім этапе ўлічвацца не будуць, што ўносіць дадатковую інтрыгу.

— Мікалай Станіслававіч, ці захаваўся мінулагодні склад пастаўчан і якія задачы збіраецеся вырашаць у стартуючым першынстве краіны?

— У гэтым сезоне па розных прычынах мы недалічыліся 4-х валейбалістаў, якія гулялі ў асноўным складзе. Найбольш значнай стала страта дыяганальнага, кандыдата ў майстры спорту, аднаго з лідараў нападзення “Атланта” Сяргея Шатэрніка, які будзе гуляць за каманду газавікоў Беларусі ў міжнародных спаборніцтвах работнікаў гэтай галіны. А вось маладых Валерыя Казеку і Ігара Гінько, выпускніка Полацкага ўніверсітэта пасуючага Арцёма Караля, якім надышла пара служыць у арміі, ёсць кім замяніць, паколькі мы заявілі максімальна магчымую колькасць ігракоў — 21 валейбаліста.

Сярод іх чацвёра навічкоў, асабліва разлічваем на двух вопытных легіянераў з Мінска — Максіма Ралаўца і Мікалая Фітковіча, якія раней гулялі за сталічны БДУ. Разам з імі яшчэ летась узмацнілі нашу каманду пасуючы з Кобрына Васіль Коўтун і экс-пастаўчанін Аляксандр Сідарэнка. Разлічваем таксама  і на Юрыя Рабеку, які вярнуўся дамоў пасля службы ў арміі. У нашым складзе таксама пяцёра кандыдатаў у майстры спорту. А вось ветэран Аляксандр Зарэцкі, які ў мінулым атрымліваў прыз лепшага лібера краіны, завяршыў сваё выступленне. Перад сабой паставілі задачу фінішаваць у тройцы мацнейшых у нашым дывізіёне, выйграць бронзавыя медалі.

Гутарыў Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.