Крок наперад у жывёлагадоўлі

Общество

den_

З Баляславам Францавічам Барэйкам — дырэктарам філіяла “Нафтазаводмантаж-агра” — упершыню гутарыла напярэдадні прафе­сійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі два гады таму. На пасадзе ён быў толькі сем месяцаў і запэўніў, што калектыў мае намер не таптацца на месцы, а ісці наперад. Сёння кіраўнік расказвае, наколькі гэта ўдалося:

— Калі ў раслінаводстве паказчыкі ў нас стабільныя з года ў год, то ў жывёлагадоўлі патрабаваліся змены. І яны адбыліся. Найперш пастараліся палепшыць умовы працы даярак, даглядчыкаў жывёлы. Ферма ў Ляхаўшчыне была мадэрнізавана раней, а на астатніх трэба было зрабіць нямала. У Валках, Станелевічах на змену бачкам нарэшце прыйшоў малакаправод. Забетанаваны падлогі, па іх стала зручна хадзіць і лягчэй развозіць кармы. У Валках памянялі транспарцёр для выдалення гною, устанавілі халадзільнік. На ўсіх фермах абсталяваны пакоі для адпачынку: у іх цёпла, утульна, можна папіць чаю (чайнікамі забяспечыў прафсаюз). У Валках і Сароках з’явіліся душавыя кабінкі, у планах  устанавіць іх і ў Станелевічах. Зроблена падсыпка дарог да ферм. Пачаты рамонтныя работы на ферме ў Норыцы.

Аддачы ад зробленага доўга чакаць не прыйшлося. Павысіліся надоі, палепшылася якасць малака — павялічыўся працэнт сорту “экстра”. У лідарах — даяркі фермы ў Сароках  Ала Маціеўская, Валянціна Якімовіч і Алена Кузьміч. Пасля таго як даярка Наталля Жойдзь узначаліла ферму ў Ляхаўшчыне, памяняўся калектыў, але знайшлося ўзаемаразуменне, усе робяць адну справу. Высокія надоі ў групах Ніны Шаршнёвай, Людмілы Казакевіч.

Хочацца адзначыць Глафіру Трапук. Яна шмат гадоў адпрацавала даяркай, а цяпер на ферме ў Ляхаўшчыне даглядае цялятак вагой ад 50 кілаграмаў. Работа складаная і адказная, бо ад догляду цяляці ў першыя месяцы жыцця залежыць, як яно будзе расці і прыбываць у вазе ў далейшым. Папоў­ніўся атрад спецыялістаў. Год таму пасля заканчэння ветэрынарнай акадэміі да нас прыйшла ветурачом Таццяна Смаляк. Работу любіць, з абавязкамі спраўляецца.

Паспяховае вядзенне жывёлагадоўлі немагчыма без трывалай кармавой базы. На зімоўку нарыхтавалі багаты запас кармоў, вытрымліваем тэхналагічныя рэжымы.

Ва ўсім тым, што зрабілі і маем, заслуга людзей, а таксама нашага інвестара — адкрытага акцыянернага таварыства “Нафтазаводмантаж” г. Наваполацка. Кіраўніцтва наведваецца ў філіял, удзяляе ўвагу нашым работнікам, падтрымлівае фінансава.

Запісала Анна АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.