«Люблю зямлю і тэхніку»

Общество

img_0565

Руслана Чарняўскага тэхніка вабіла з дзяцінства. Механізатарамі працавалі дзядуля і бацька, да іх бег пры любой магчымасці. Любіў пасядзець у кабіне, пакруціць руль, а таксама цікавіўся ўстройствам трактара, сеялкі, выпытваў, для чаго патрэбна тая ці іншая дэталь у маторы. Пасля заканчэння Юнькаўскай базавай школы паступіў у пастаўскае прафтэхвучылішча, быў адным з лепшых навучэнцаў. Атрымаўшы дыплом, вярнуўся ў родную гаспадарку. Даверылі трактар, падчас жніва быў памочнікам на камбайне ў бацькі, пераймаў яго навуку і вопыт.

— Дзясяты год працую ў гаспадарцы, — расказваў Руслан. — На які б участак ні паслалі, умею ўсё: кармы нарыхтоўваю, зерневыя ўбіраю, глебу апрацоўваю, сею. Хлебаробская справа нялёгкая, але люблю тэхніку, зямлю, вёску, таму і работа спорыцца. На жаль, не ўсё залежыць ад нашай рупнасці. Свае карэктывы ўносіць надвор’е. Вось і сёлета ніва не парадавала ўраджаем. А ці ж мы менш стараліся, чым летась? Хапае праблем з тэхнікай. Як ні шануй, усё роўна зношваецца. Гэта мой дзед па некалькі дзясяткаў гадоў на адным трактары працаваў. Сучасная — больш дасканалая і камфортная, але менш надзейная.

У свой час кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла сям’і Руслана дом з усімі выгодамі, прысядзібным участкам, гаспадарчымі пабудовамі. Чарняўскія трымаюць гаспадарку. Цешацца дачушкай Ксюшай, якая сёлета стала першакласніцай.

Пасля завяршэння палявых работ Руслан перасеў на аўтамабіль, на якім дастаўляе на фермы ветурача, заатэхніка. “Гэта толькі кажуць, што зімой час цягнецца, — гаварыў. — А я і аглянуцца не паспею, як вясна прый­дзе. Зноў пасяўная, затым нарыхтоўка кармоў, жніво — як у спрадвечным коле. Але мне гэта па душы”.

Анна АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.