Малады, а з тэхнікай на ты

Личности Местная власть

img_9979

Калі ўпершыню ўзяў у рукі гаечны ключ, Дзмітрый ужо і не памятае. Але не сумняваецца, што гэта было ў раннім дзяцінстве.

— Пачынаў з мапеда, сябрам дапамагаў рамантаваць матацыклы, а пазней і машыны захапілі ў палон, — расказваў падчас сустрэчы. — Кагосьці вабілі камп’ютары, сучасныя гаджэты, мяне ж як магнітам цягнула да тэхнікі. І цяпер, калі захапленне стала прафесіяй, тым больш ёй цікаўлюся.

Сумненняў у тым, куды паступаць, у выпускніка СШ №2 Дзмітрыя Цыунеля не ўзнікала. Дакументы занёс у Пастаўскі прафтэхкаледж на спецыяльнасць “Слесар па рамонце аўтамабіляў, вадзіцель катэгорыі “С”. У 2009-ым вучобу закончыў, паступіў у Гарадоцкі  дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, адкуль дыпламаваны спецыяліст па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні па накіраванні вярнуўся ў свой раён, прыехаў у ААТ “Камайскі-агра”. Адпрацаваў год забеспячэнцам, яшчэ адзін — інжынерам у мягунскім аддзяленні і звольніўся. Уладкаваўся ў аўтапрадпрыемства №17 інжынерам па бяспецы руху, з 2014-га займае пасаду начальніка гаража.

— Адказваю за арганізацыю работы ў гаражы, а гэта пошук, купля і дастаўка дэталяў, парадак на ўсёй тэрыторыі базы. Клопатаў шмат, а самы галоўны — тэхніка, — працягвае гаворку суразмоўца. — Рамантуем яе часта, у асноўным капітальна. Як правіла, выходзяць са строю рухавікі, бо надта вялікія прабегі: напрыклад, аўтобусы зношаныя працэнтаў на 80. З грузавым транспартам сітуацыя крыху лепшая.

Мы размаўлялі, а мабільнік начальніка гаража не змаўкаў. Дзмітрый вырашаў розныя пытанні: справа датычыла электронікі, якой начынены сучасныя транспартныя сродкі. Свайго абсталявання і спецыялістаў на аўтапрадпрыемстве няма, таму выклікаюць іх са сталічных фірмаў. Дзмітрый вёў перамовы карэктна, упэўнена і прафесійна. “Так ён робіць усю сваю работу, — адзначыў дырэктар філіяла “Аўтатранспартнае прадпрыемства №17 г. Паставы” А. Д. Малахаў. — Працавіты, актыўны і адказны. Цаню за аператыўнасць, уменне прымаць правільныя рашэнні, здольнасць наладжваць кантакт з рознымі катэгорыямі работнікаў, партнёрамі”.

Не наракаў на цяжкасці і сам Д. Цыунель. Наадварот, некалькі разоў паўтарыў, што работа прыносіць задавальненне (дарэчы, на той момант ён, да таго ж, замяшчаў галоўнага інжынера, які знаходзіўся ў водпуску).

— У кожнай прафесіі ёсць свае плюсы і мінусы, — гаварыў, падводзячы вынікі размовы. — Мне мая вельмі падабаецца. У радасць любое заданне. З людзьмі ладжу, а ў маім падпарадкаванні больш за 40 чалавек. Імкнуся ведаць усё новае, што датычыць тэхнікі. Скажам, атрымліваем аўтобус: яго яшчэ няма, а я ў думках разбіраю рухавік, бо ведаю, якой замежнай фірмай ён пастаўлены, што сабою ўяўляе і г. д.

Да сказанага дадам яшчэ тое, што Дзмітрыю 26 гадоў і ён — студэнт-завочнік, вучыцца ў БАТУ, вызначаецца стараннем і там. Падчас апошняй сесіі загадзя назбіраў столькі плюсаў, што на адным з экзаменаў прафесар, не пытаючыся, паставіў адзнаку. Пры гэтым рэзюмаваў: “Упершыню стаўлю завочніку аўтаматам”.

Галіна ПІШЧ.

Фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.