Мэта дасягнута


Члены брыгады па вырошчванні і аблове рыбы Алег Лалыка, Сяргей Феранец, Раман Юхневіч, Уладзімір Якімовіч і Генадзій Бервячонак.
Члены брыгады па вырошчванні і аблове рыбы Алег Лалыка, Сяргей Феранец, Раман Юхневіч, Уладзімір Якімовіч і Генадзій Бервячонак.

4 лістапада ў рыбгасе “Навінкі” завяршылі аблоў рыбы. А праз дзень усталявалася снежнае, марознае надвор’е.

—  Кліматычныя асаблівасці сёлетняга года дазволілі некалькі раней пачаць работу на нагульных сажалках, — расказваў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Пятровіч Ліхаманаў. — Мы не прагадалі, бо, па-першае, раней пачалі рэалізоўваць прадукцыю, што выгадна прадпрыемству і пакупнікам, а па-другое, удалося пазбегнуць сітуацыі, калі б рыбу давялося “выбіваць” з-пад лёду. Словам, пахаладанне, якое рана наступіла,  нас не застала знянацку.

Задаволены і вынікам. Бізнес-планам прадугледжвалася сёлета вылавіць 984,5 тоны сажалкавай рыбы, фактычны ўлоў склаў 1031 тону, або 105% да адпаведнага перыяду мінулага года. Пры гэтым трэба адзначыць, што з сямі нагульных сажалак былі задзейнічаны шэсць. Адна —  плошчай больш за 100 гектараў —  летавала, г. зн. адпачывала. Такі тэхналагічны прыём накіраваны на акультурванне, павышэнне ўрадлівасці глебы, аздараўленне вадаёма. На частцы плошчаў, якія не былі заліты вадой, вясной пасеялі яравую пшаніцу. Практычна без затрат вырасцілі і намалацілі ў бункернай вазе больш за 120 тон зерня.

Дырэктар Аляксандр Пятровіч Ліхаманаў.
Дырэктар Аляксандр Пятровіч Ліхаманаў.

Пачынаючы з верасня, у рабочым календары рыбгасаўцаў  практычна не было ні выхадных, ні святочных дзён. Асноўны цяжар лёг на рыбаводаў участка №1, якія працавалі непасрэдна на блакітнай ніве. Дзённы ўлоў складаў у сярэднім 30—40 тон. Каб тавар цалкам захаваць жывым, стараліся вадзіцелі, рабочыя сартавальнай базы, усе тыя, хто вёў і вядзе продаж прадукцыі на месцы  і на выездзе. А таварная рыба ў нагульных сажалках вырасла на славу. Напрыклад, больш за 300 тон, што складае трэцюю частку агульнага ўра­джаю, мае вагу паўтара кілаграма і больш кожная.  Гледзячы на такі тавар, рэдка хто з пакупнікоў не затрымаецца. Прываблівае не толькі якасць. Дзякуючы таму, што дырэкцыяй было прынята рашэнне аб захаванні цаны на карп і іншыя віды рыбы на ўзроўні мінулага года, яе рэалізацыя ідзе актыўна. Пры плане 120 тон восенню ў сярэднім за месяц рэалізоўваецца 130 тон жывой прадукцыі. Асноўная заслуга ў гэтым выязных экіпажаў, для якіх рабочы дзень фактычна пачынаецца позняй ноччу.

Рыбавод Валерый Якімовіч за пультам пад’ёмніка рыбы.
Рыбавод Валерый Якімовіч за пультам пад’ёмніка рыбы.

Нельга не сказаць і пра яшчэ адзін вельмі важны момант. Дзякуючы прадуманай цэнавай палітыцы каля 25% рыбы з агульнага аб’ёму  рэалізуецца самавывазам і трапляе ў гандлёвую сетку і на ры­нкі Го­мель­скай, Магілёўскай і Мінскай абласцей. Там з-за неўра­джаю на блакітнай ніве не могуць забяспечыць патрэбы ўласнай прадукцыяй. Для рыбгаса такі самавываз выгадны ў многіх адносінах, у тым ліку ў плане змяншэння матэрыяльных затрат, звязаных з транспарціроўкай і рэалізацыяй прадукцыі за сотні кіламетраў.

Добры ўраджай блакітнай нівы, большая колькасць рэалізуемай прадукцыі — гарантыя   паляпшэння фінансавага становішча прадпрыемства. У цэлым яно  ўстойлівае. У той жа час у першым паўгоддзі не ўдалося атрымаць запланаванай выручкі, што прывяло да замарозкі прэміяльных  выплат. У выніку за 10 месяцаў 2016 года сярэднямесячная  заработная плата некалькі знізілася ў параўнанні з леташняй. Цяпер гэты паказчык адпавядае росту прадукцыйнасці працы.

На сартавальнай базе прадпрыемства.
На сартавальнай базе прадпрыемства.

—  Галоўным лічу тое, што мы дасягнулі пастаўленай мэты — выканалі план вытворчасці, маем уласныя фінансавыя сродкі, — адзначыў А. П. Ліхаманаў. — Гэта заслуга  брыгады па вырошчванні і аблове рыбы, работнікаў аддзела збыту, мехзвяна, выязных экіпажаў і іншых. Назваць лепшых цяжка, бо  кожны ўносіць свой важкі ўклад у стабільную работу прадпрыемства.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.