Найноўшыя тэхналогіі — люстэрка гаспадарання

Общество

Аператары па абслугоўванні робатаў Віталій Сайдак і Таццяна Ландышка.
Аператары па абслугоўванні робатаў Віталій Сайдак і Таццяна Ландышка.

Адкрытае акцыянернае таварыства “Навасёлкі-Лучай” было і застаецца  адной з гаспадарак раёна, дзе на працягу многіх гадоў працуюць  замежная высокапрадукцыйная тэхніка, прычапныя машыны і абсталяванне, у вытворчасць пастаянна ўкараняюцца новыя тэхналогіі. Не абмінулі яны і жывёлагадоўлю.

Калі некалькі гадоў назад у Беларусі пачалі будаваць сучасныя малочнатаварныя фермы з выкарыстаннем даільных робатаў, то дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Францішкавіч Шымчык і спецыялісты былі ў ліку першых, хто загарэўся ідэяй мець такую ферму ў сябе. Тым больш што добры прыклад у раёне быў — робатызаваны комплекс “Волахі” ўжо дзейнічаў у ААТ “Хацілы-агра”.

Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што і ў ААТ “Навасёлкі-Лучай”  выйшлі на новы этап развіцця высокіх тэхналогій у малочнай жывёлагадоўлі. Спачатку быў пабудаваны першы, а затым і другі блокі МТФ, дзе ўстаноўлена 12 даільных робатаў кампаніі “Lely”. Сёлета здадзены ў эксплуатацыю цялятнік на 200 галоў маладняку. Словам, паблізу вёскі Коўзаны ўсё больш выразныя рысы набывае сучасны жывёлагадоўчы гарадок, дзе працягваюцца як будаўнічыя работы, так і добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Аднак, каб сучасная сістэма цалкам раскрыла свой патэнцыял, трэба навучыцца кіраваць фермай у аптымальным рэжыме. На гэта кіраў­ніцтва гаспадаркі і накіроўвае калектыў, які з першага дня ўзначальвае Леанід Ігнацьевіч Дунец. Яго работу найперш характарызуюць высокія  паказчыкі. Цяпер у Коўзанах утрымліваецца 550 кароў. За дзесяць месяцаў ад кожнай атрымана ў сярэднім па 6200 кілаграмаў малака, а ўсяго — 3345 тон, або 47% ад агульнага аб’ёму малочнай прадукцыі гаспадаркі.

Галоўны “повар” па прыгатаванні кормасумесяў Станіслаў Даўгель.
Галоўны “повар” па прыгатаванні кормасумесяў Станіслаў Даўгель.

Другім важным момантам з’яўляецца якасць атрымліваемай прадукцыі. На завод рэалізавана 3087 тон малака, 98,8% прынята сортам “экстра” і тлустасцю амаль 4% . Тут многае залежыць ад кармлення жывёлы, якое ажыццяўляецца з кармавога стала паўнацэннымі кармавымі сумесямі. Іх рыхтуе з улікам усіх кампанентаў на здрабняльніку-змешвальніку, а потым раздае жывёле меха­нізатар Станіслаў Даўгель.

Робаты забяспечваюць аўтаматычнае даенне. Аператар, які пры гэтым прысутнічае, сочыць за паказаннямі на дысплеі, на якім фіксуюцца ўсе параметры працэсу. Добрых слоў заслугоўваюць Таццяна Ландышка, Ганна Шалякіна, Алена Хоміч, якую цяпер падмяняе Ядвіга Добыш, Анастасія Лявіцкая, Вольга Мамедава і Віталій Сайдак. Працуюць яны пазменна. Усіх работнікаў і спецыялістаў задавальняюць умовы працы і быту, своечасова выплачваецца заработная плата, памер якой залежыць ад колькасці і якасці надоенага малака.

 У гэтыя лістападаўскія дні ў сярэднім ад каровы тут надойваюць амаль па 20 кілаграмаў малака і штодзённа рэалізуюць па 10 і больш тон прадукцыі, што дае да 5,5 тысячы рублёў выручкі.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.