Не толькі цікава, але і смачна


Каманда «Разыначка».
Каманда «Разыначка».

У аддзяленне  дзённага знаходжання для грама­дзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва людзі прыходзяць, каб сустрэцца з аднадумцамі, набыць нейкія новыя навыкі падчас заняткаў у гуртках, з карысцю правесці час. Нядаўна кіраўнік гуртка “Гаспадынька” Аксана Дробышава прапанавала паўдзельнічаць у кулінарным конкурсе.

Арганізаваліся дзве каманды: “Кухары” ў складзе Любові Аляксандраўны Гунько, Антаніны Васільеўны Собаль, Ірыны Станіславаўны Голад, Ядвігі Данатаўны Ляшчынскай, Кацярыны Паўлаўны Данільчанка і “Разыначка” (Ала Васільеўна Жук, Людміла Лявонаўна Латышонак, Таццяна Паўлаўна Фёдарава, Марыя Мечыславаўна Міхасёнак і Раіса Адамаўна Кіёнак). Вядучая мерапрыемства Алеся Гур’ева падрыхтавала цікавы сцэнарый, які ўключаў некалькі конкурсаў. У “Кулінарным эрудыце” ўдзельнікі адказвалі на пытанні, якія датычылі назвы прадуктаў, страў, іх пахо­джання. Падчас “Закупкі прадуктаў” трэба было з прапанаваных картачак з назвамі прадуктаў як мага хутчэй сабраць усё неабходнае для прыгатавання баршчу і плову. Цікава было назіраць за тым, як прадстаўнікі каманд з завязанымі вачыма збіралі мясарубку, вызначалі, якія крупы знаходзіліся ў мяшэчку, па смаку ўгадвалі варэнне, а па водары —харчовыя дабаўкі.

Давід Дробышаў.
Давід Дробышаў.

Сюрпрызам стаў майстар-клас ад повара-пачаткоўца, нашага земляка Давіда Дробышава. Хлопец вучыцца ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы кулінарыі, цяпер праходзіць практыку ў сталічным рэстаране “Лідо”. Гатуючы салату, ён не толькі прадэманстраваў сваё майстэрства ў нарэзцы і афармленні стравы, але і цікава расказваў пра работу. Жанчыны засыпалі хлопца пытаннямі і на кожнае атрымалі адказ.

А затым канкурсантам з аднолькавага набору прадуктаў трэба было прыгатаваць тое, на што хапала фантазіі. Атрымаліся традыцыйны беларускі вінегрэт і салата вітамінная з гарбуза, капусты, морквы і іншых дароў восені. Каманды стараліся, стравы атрымаліся прыгожыя і смачныя. Журы ацэньвала афармленне, апетытнасць, арыгінальнасць падачы, сучасны стыль, гарманічнасць спалучэння інгрэдыентаў. Палёту фантазіі, здаецца, не было межаў.

Каманда «Кухары».
Каманда «Кухары».

За практычныя заданні кожная каманда атрымала самыя высокія балы. А вось з-за недакладнага вызначэння смаку і пахаў каманда “Кухары” набрала на два балы менш, чым “Разыначка”. Але гэта не сапсавала настрою канкурсанткам. Яны доўга абмяркоўвалі цікавае і “смачнае” мерапрыемства, дэгуставалі стравы на сумесным абедзе, на які Давід прыгатаваў свой фірменны кекс.

— Павучыцца ў іншых заўсёды ёсць чаму, — гаварылі жанчыны. — Цікава было назіраць за Давідам і слухаць яго, даведацца пра сучасныя тэхналогіі беларускай кухні. Дзякуй арганізатарам, а асабліва кіраўніку нашага гуртка “Гаспадынька” Аксане Дробышавай (дарэчы, Давід — яе сын — аўт.), ад якой мы падчас заняткаў даведваемся новыя рэцэпты, чэрпаем розныя карысныя парады.

Анна АНІШКЕВІЧ.

 Фота аўтара і Антона ЧАЛЕЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.