Пазнала!


Сяргей Паўлавіч заўсёды трымаў на падвор’і карову. Ды такой удалай, як Рыжуха, раней ніколі не было. Карова мела спакойны нораў, давала шмат малака, прыносіла і радасць, і прыбытак.

Але з гадамі Паўлавіч адчуў, што не зможа далей трымаць карову, і аддаў яе дачцэ з зяцем. Маладыя гаспадары з удзячнасцю прынялі жывы падарунак.

Дзеці жылі за сотню кіламетраў ад бацькі і звычайна самі прыяз­джалі да яго. Самому ж з’явілася патрэба адправіцца да іх толькі праз пяць гадоў. У той дзень яны якраз адбывалі радоўку. Як і дамовіліся па тэлефоне, спыніў машыну на шашы. “Цікава, а ці пазнае мяне праз столькі гадоў Рыжуха?” — сказаў дзецям і паклікаў рагулю. Пачуўшы знаёмы голас, карова ўзняла галаву і не проста пайшла, а пабегла да свайго былога гаспадара.

— Пазнала! Не забыла мяне, Рыжуха! — павільгатнелі вочы старога. Ён доўга-доўга гладзіў жывёліну, а калі ад’язджаў, Рыжуха пабегла за аўтамашынай. Але ж хіба ўгнацца за ёй? Пакрыўджаная, голасна зарыкала і нехаця павярнула назад, да статка…

Міхаіл ВАЙЦЯШОНАК,

няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.