Працавітыя і надзейныя

Общество

img_6963

Гэты здымак зроблены на мінулагоднім раённым свяце работнікаў сельскай гаспадаркі. На ім начальнік сакунскага аддзялення ААТ “Камайскі-агра” Мікалай Мікалаевіч Савук, жывёлавод Валерый Купран і механізатар Вадзім Дуброўскі.

М. М. Савук у сельскай гаспадарцы больш за 30 гадоў. Пачынаў у былым калгасе імя Кірава. Быў загадчыкам майстэрань, інжынерам, прарабам. Той час успамінае з настальгіяй: жыццё кіпела, узводзіліся новыя фермы, будавалася жыллё, радавалі ўраджаем хлебныя палеткі. Пазней гаспадарку далучылі да ААТ “Камайскі-агра”. А 11 гадоў таму кіраўніцтва прапанавала Мікалаю Мікалаевічу ўзначаліць сакунскае аддзяленне.

— З кожным годам становішча ўскладняецца, — гаварыў М. М. Савук. — Вось і нядаўна з нашага аддзялення звольнілася некалькі чалавек: адны атрымалі права на заслужаны адпачынак і ім скарысталіся, хтосьці ўладкаваўся на іншую работу, дзве мнагадзетныя сям’і пабудавалі жыллё ў райцэнтры і змянілі вясковую прапіску на гарадскую. Колькасць людзей змяншаецца, а нагрузка на тых, хто застаўся, узрастае. На тэрыторыі аддзялення тры фермы — дзве ў Сакунах і адна ў Гейбавічах. На іх утрымліваюцца дойны статак і цяляткі на дарошчванні. Сеем і ўбіраем зерневыя, нарыхтоўваем кармы. Удзячны ўсім, хто шчыруе на гэтых участках. 

Вадзім Дуброўскі вядомы ў раёне камбайнер. Некалькі гадоў таму першым намалаціў тысячу тон збожжа, быў удзельнікам рэспубліканскіх “Дажынак”. Толькі аднаго старання механізатараў недастаткова для таго, каб атрымаць высокі ўраджай. Яго складальнікаў шмат. У апошнія гады малавата паступае ўдабрэнняў, сёлета не паспрыяла і надвор’е. Вадзім жа па-ранейшаму ру­піцца на зямлі. “Беларусам-3022” апрацоўвае глебу, рыхтуе яе пад сяўбу, на “Ягуары” здрабняе зялёную масу. Зімой нярэдка замяняе слесара на ферме, абслугоўвае даільныя ўстаноўкі, выдаляе гной.

Уся працоўная дзейнасць Валерыя Купрана звязана з жывёлагадоўляй. Некалі адзін даглядаў больш за 200 галоў буйной рагатай жывёлы. Цяпер пагалоўе крыху зменшылася. Летам пасвіў статак цялушак. Уся сям’я Купран вызначаецца працавітасцю, акуратнасцю. Жонка загадвае мясцовым магазінам, старэйшы сын Андрэй працуе аграномам у мягунскім аддзяленні, малодшага на днях правялі на тэрміновую службу ў армію. Парадак і прыгажосць каля дома прыцягваюць увагу кожнага, хто праязджае па вуліцы.

Анна АНІШКЕВІЧ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.