Працверажэнне


552794

Жылі па суседстве два Міхаілы. Адзін — талковы, працавіты, спагадны, другі — гультай і выпівоха. І здарылася непапраўнае — першы Міхаіл раптоўна памёр. Давезці ў бальніцу яшчэ паспелі, але выратаваць яго медыкі ўжо не змаглі — сэрца.

Жалобная вестка ўскалыхнула вёску. Назаўтра людзі з карзінкамі і вянкамі сышліся да дома нябожчыка, каб аддаць чалавеку апошнюю даніну павагі. Але аказалася, што яго яшчэ не прывезлі з райцэнтра. Заходзіць у хату раней, чым там стане труна, не прынята. Каб людзі не мерзлі ў чаканні на вуліцы, жонка другога Міхаіла запрасіла іх да сябе. Паставілі вянкі ды карзінкі, расселіся і паціху гаманілі. А адна кабета не ўтрымалася і голасна заплакала — надта ж добрым быў чалавек, усім дапамагаў, нікога не пакрыўдзіў.

І тут прачнуўся гаспадар. Заўсёды п’яны, ён нават не чуў пра смерць  свайго цёзкі. І вось бачыць — сабраліся людзі, стаяць вянкі, на стужках якіх надпіс: “Дарагому Міхаілу”. Як агнём яго апякло: “Памёр! А душа бачыць усё, што адбываецца навокал”. Адна з суседак, асабліва вострая на язык, убачыўшы здранцвенне яшчэ не працверазелага гаспадара, стала прыгаворваць: “Гэта ж трэба, згарэў ад гарэлкі. Каб не піў, напэўна, гадоў сто пражыў бы”.

На гэтых словах Міхаіла абступілі чэрці і сталі цягнуць да катла з кіпячай смалой. Залемантаваў нечалавечым голасам. Як вы зразумелі, гэта было ні што іншае, як белая гарачка. Перапалоханым ад гвалту вяскоўцам было ўжо не да розыгрышу камедыі. Гаспадыня тэрмінова выклікала хуткую дапамогу.

Апрытомнеўшы пад кропель­ні­цамі, Міхаіл стаў прыпамінаць, што ж з ім адбылося. Узгадаць падзеі дапамагла жонка, якая прыехала яго наведаць, хаця ўжо і страціла ўсялякую надзею, што муж некалі ачалавечыцца. Але здарыўся цуд — Міхаіл пралячыўся ў нарколага, узяў сябе ў рукі і назаўсёды завязаў з алкаголем.

Прайшлі гады, а людзі ўсё ўспаміналі, як самы  спагадны ў вёсцы чалавек нават сваёй смерцю паспрыяў, каб яго сусед выкараскаўся з алкагольнай багны.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.