Радасна і эмацыянальна

Культура

Удзельнікі, арганізатары шоу і бацькі канкурсантаў.

У апошнюю нядзелю кастрычніка ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбылася забаўляльная праграма “Шоу першакласнікаў”.

Гледачоў і балельшчыкаў — а сярод іх былі дарослыя і дзеці — сабралася шмат. Сцэну пакаралі Яна Пяткоўская (СШ №1), Нэлі Бандарэнка (СШ №5), Святаслаў Стрылец (СШ №4), Вікторыя Дзіль (СШ №2), Дар’я Гарбаценка (СШ №3) і Злата Ярашэвіч (Старадворская (БШ).

Нэлі Бандарэнка.

— Хто з першакласнікаў стане героем забаўляльнай праграмы, вырашалі непасрэдна ў школах, — расказвала аўтар праекта і вядучая, работнік Дома культуры Таццяна Кухальская. — За два месяцы, якія прайшлі з пачатку навучальнага года, настаўнікі паспелі пазнаёміцца са сваімі выхаванцамі і бацькамі, разгледзець іх схільнасці і здольнасці. Таму нават пры першым знаёмстве адзначыла для сябе, што гэта ўжо не малышы з дзіцячага садка, а школьнікі.

Каб рабяты не разгубіліся на сцэне, ім актыўна дапамагалі бацькі, адна­класнікі, настаўнікі, ­удзель­­нікі дзіцячых творчых калектываў і аб’яднанняў. Цікава праходзіў першы конкурс — “Візітка”, падчас якога юныя ўдзельнікі пазнаёмілі прысутных з мамамі і татамі, братамі і сёстрамі, cяб­рамі, расказалі пра свае захапленні.

Яна Пяткоўская.

У конкурсе “Мінута славы” кожны прадэманстраваў свой талент. Асабліва кранальным было выступленне Яны Пяткоўскай, якая разам з мамай выканала песню “Дачушка”. Дапамагалі ім салісты ўзорнай вакальнай студыі “Юні­та”.

Запальным атрымаўся спартыўны танец з удзелам дзевяцікласнікаў СШ №5, а “саліравала” ў ім разам з бацькам першакласніца Нэлі Бандарэнка. Любіць танцаваць і Святаслаў Стрылец. Яго падтрымалі першакласнікі чацвёртай школы.

Вікторыя Дзіль.

Вікторыя Дзіль нарадзілася і расце ў сям’і, дзе ўсе захапляюцца цыркавым мастацтвам. На шоу дзяўчынка прадэманстравала свае здольнасці разам з дарослымі. Выступленне атрымалася яркім.

Дар’я Гарбаценка грае на фартэпіяна, вабяць яе і танцы. На “Мінуце славы” адбылося дэбютнае выступленне Дашы ў складзе танцавальнага калектыву “Дзіцячы квартал”. Вельмі любіць спяваць Злата Ярашэвіч. Гледачы не шкадавалі дружных апладысментаў для дзяўчынкі.

Дар’я Гарбаценка.

— Усе нашы ўдзельнікі артыстычныя, знаходлівыя, валодаюць якасцямі лідараў і ўмеюць дабівацца поспеху, — адзначыла  Таццяна Кухальская. — Забаўляльную праграму яны завяршаюць незвычайнымі выступленнямі, падрыхтаванымі ў рамках апошняга конкурсу пад назвай “Зорны вобраз”.

Такімі і паўсталі ў акружэнні сваіх шматлікіх памочнікаў усе шэсць удзельнікаў шоу. У вобразе “Пеппи Длинный чулок» выйшла на сцэну Яна Пяткоўская з танцавальным калектывам “Карамелькі”. Таленавіта пераўвасобілася ў галоўную гераіню вядомай казкі “Чырвоная Шапачка” Нэлі Бандарэнка. Святаслаў Стрылец пераканаў гледачоў у тым, што ён сапраўдны Бураціна. У суправа­джэнні салістаў цыркавой студыі “Каскад” зоркавы палёт з песняй “Птушкі” салісткі ансамбля “Сябры” Алесі здзейсніла перша­класніца Вікторыя Дзіль. Царэўнай Забавай разам з аднакласнікамі і старэйшымі школьнікамі паўстала ­Дар’я Гарбаценка. Юныя старадворцы і іх галоўная гераіня Злата Ярашэвіч захапілі ўсіх інсцэніроўкай вядомай казкі Чукоўскага “Муха-Цакатуха”.

Святаслаў Стрылец.

Пакуль ішоў падлік глядацкага галасавання, на сцэне выступалі вядомыя юныя салісты і танцавальныя калектывы, а затым на яе былі запрошаны першакласнікі, іх сем’і, сябры.

Пад апладысменты прысутных дырэктар РДК Ала Чарнюк выказала шчырую ўдзячнасць усім за тое, што свята атрымалася яркім і цікавым, і ўзнагародзіла канкурсантаў дыпломамі і мяккімі цацкамі, якія выдзелілі спонсары праграмы — магазіны “Белоснежка”, “У Маруси”, “Ладушки” і гандлёвы павільён “Солнышко”. Пераможаных не было, а прыз глядацкіх сімпатый заслужана атрымала Злата Ярашэвіч.

Злата Ярашэвіч.

— Вялікае дзякуй арга­нізатарам за запрашэнне паўдзельнічаць у такім незвычайным мерапрыемстве, — адзначыла мама Златы Вольга Ярашэвіч. — Удзячна ўсім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы шоу, падтрымліваў у зале. Гэта было надзвычай радасна, эмацыянальна, чароўна.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.