Саступіла толькі гаспадарам

Личности

09-34

У пачатку лістапада на базе 56-га асобнага палка сувязі, які дыслацыруецца ў сталіцы, адбыліся кулінарныя баталіі паміж ваеннымі поварамі “Палявая кухня-2017”. Удзел у спаборніцтвах прыняла і старшы повар гаспадарчага аддзялення 1-га радыётэхнічнага цэнтра пастаўчанка Ганна Кернер.

У першы конкурсны дзень майстры кухні дэманстравалі свой спрыт не ля пліты, а ў ціры, на бегавых дарожках і ў спартзале. Ім трэба было здаць нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы, якія ўключалі стральбу з аўтамата, бег на сто метраў і кіламетр, качанне прэса. Сваё ўменне смачна гатаваць ежу і сервіраваць стол повары ў пагонах паказвалі на наступны дзень: з энтузіязмам завіхаліся ля буржуек у армейскіх шатрах, шчыравалі на нарэзцы прадуктаў. Удзельнікаў, а іх было 15, па­дзялілі на чатыры каманды — прадстаўнікоў авіяцыі; войск тэхнічнага, тылавога і спецыяльнага прызначэння; зенітна-ракетных і радыётэхнічных войск.

— Наша каманда аказалася самай малалікай — у маім падпарадкаванні былі два ваеннаслужачыя (у іншых повараў — тры), — дзялілася ўражаннямі Г. Кернер. — Заданне ўсім далі аднолькавае: за тры гадзіны неабходна было прыгатаваць паўнавартасны абед, які складаўся б з супу са свежай капусты са смятанай, парцыённага тушанага мяса з грэцкай кашай і кампоту з разынак. Журы ўлічвала як тэхналогію прыгатавання страў, іх смак, так і сервіроўку стала.

Па ўсіх пазіцыях повары радыётэхнічных войск справіліся на выдатна. Падвёў толькі суп: як пазней высветлілася, у палявых умовах капусту ў яго трэба крышыць кубікамі, а бульбу — долькамі. За гэта каманда на  чале з Ганнай Кернер паплацілася адным балам і заняла другое месца, саступіўшы толькі гаспадарам. Па выніках спаборніцтва старшы повар гаспадарчага аддзялення 1-га радыётэхнічнага цэнтра ўзнагаро­джана граматай ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.