“Серабро” і “бронза” — з Сусветнай кулінарнай алімпіяды

Местная власть

З 22 па 25 кастрычніка ў нямецкім горадзе Эрфурт праходзіла Сусветная кулінарная алімпіяда, якая сабрала больш за 2000 кандытараў, пекараў, повараў, работнікаў гасцінічнага і рэстараннага бізнесу амаль з 60 краін свету.

З вялікім поспехам выступілі беларускія         ўдзельнікі. У іх ліку майстар-кандытар Святлана Карандашова і майстар-повар Галіна Зямчонак з філіяла “Каапгандаль №1 райспажыўтаварыства” (на здымку). Яны былі адзінымі прадстаўніцамі сістэмы Белкаапсаюза і ў чарговы раз даказалі, што і ў сельскай глыбінцы працуюць спецыялісты сусветнага ўзроўню. За кветкі з цукровай масцікі Святлана Карандашова ўзнагароджана сярэбраным медалём, а мастацкая работа з цеста, выкананая Га­лінай Зямчонак, удастоена “бронзы”.

Сусветная  алімпіяда, якая з 1900 года праводзіцца раз у чатыры гады, з’яўляецца вяршыняй кулі­нарнага майстэрства. Трапіць на яе выпадае далёка не ўсім. Нашы майстры неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі прэстыжных рэспублі­канскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў і заслужана заваявалі пуцёўку на алімпіяду.

— Ехалі не толькі сябе паказаць, але і на вопытных калег паглядзець, — расказвала Святлана Карандашова. — Кандытары прэзентавалі сапраўдныя шэдэўры ў выглядзе тартоў, дэсертаў, вырабаў з шакаладу, карамелі. Я выставіла букет палявых кветак з цукровай масцікі. Два месяцы напружанай працы — у асноўным па вечарах — аказаліся недарэмнымі. Нашы васількі, рамонкі і іншая прыгажосць беларускіх лугоў і сенажацяў прываблівалі сотні людзей. Вялікую цікавасць праявілі і члены міжнароднага журы, арганізатары мерапрыемства.

— Перадаць словамі ўбачанае проста немагчыма, — дзялілася сваімі ўражаннямі Галіна Зямчонак. — Скульптуры з шакаладу, інсталяцыі са здобнай выпечкі, фігуры з карамелі і многае іншае сведчылі пра высокі ўзровень майстэрства ўдзельнікаў  алімпіяды. У параўнанні з імі мая работа падалася простай, бо расказвала пра быт, жыццё правінцыяльнага гарадка. Тым не менш кампазіцыя, скла­дзеная з разнастайных спечаных фігурак, знайшла шмат прыхільнікаў. Маю работу ацанілі, і гэта радуе, натхняе на новыя творчыя пошукі. А яны абавязкова будуць, бо кандытарскае мастацтва невычэрпнае.

Удзел у алімпіядзе для нашых майстроў стаў выдатнай школай прафесійнага майстэрства, адкрыў шмат тонкасцей сусветнай кандытарскай справы, пасадзейнічаў знаёмству з калегамі з розных краін, надаў упэўненасці, што яны і ў далейшым змогуць паказаць сябе, садзейнічаць прэстыжу працы кааператараў краіны. За гэта Святлана Карандашова і Галіна Зямчонак шчыра ўдзячны кіраўніцтву “Каапгандлю” і асабіста старшыні праўлення райспажыўтаварыства Рыгору Арсенцьевічу Леўкаўцу.

Што датычыць работ беларускіх прызёраў Сусветнай кулінарнай алімпіяды, то яны будуць прадстаўлены на спецыяльных подыумах у зоне майстар-класаў на міжнародным “Хлебным салоне”, які пройдзе ў рамках 22-й спецыялізаванай аптовай выстаўкі-кірмашу “Прадэкспа-2016” з 8 па 11 лістапада ў сталічным футбольным манежы.

А пакуль нашы алімпійцы прадаўжаюць атрым­ліваць віншаванні ад пастаўчан, з розных куткоў Беларусі і з-за яе межаў, застаюцца ў цэнтры ўвагі. Толькі за тры дні па інтэрнэце (у “Аднакласніках”) іх дасягненні ацанілі каля 4000 чалавек.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.