Шахматны калейдаскоп

Спорт

Schach

Прайшлі гульні другога этапа міжраённых спаборніцтваў па хуткіх шахматах сярод школьнікаў 2002 года нараджэння і старэйшых. Ужо трэці год турнір ладзіць  аддзел адукацыі, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама. Праводзіцца сем тураў па швейцарскай сістэме. У заяўцы — 38 хлопчыкаў і 24 дзяўчынкі з Глыбокага, Пастаў, Ушач, Браслава, Полацка…

Даволі паспяхова выступілі нашы хлопцы. Мацвей Курашэвіч (СШ №3), Яўген Літвіновіч (СШ №2) і Матфей Іваноў (СШ №2) занялі трэцяе месца і набралі па 5 ачкоў з 7 магчымых. Дадатковыя паказчыкі былі лепшыя ў М. Іванова. Юнак атрымаў бронзавы медаль і дыплом. Паў­ачка саступіў прызёрам Ігар Ханяўка (СШ №4). Гэта вялікі поспех, бо для хлопчыка спабор­ніцтвы такога ўзроўню былі дэбютнымі. Змястоўнай гульнёй парадаваў Андрэй Павініч (СШ №2), які замкнуў дзясятку мацнейшых. Сёлета Андрэй гуляе ў першай лізе першынства раёна сярод дарослых. Пакуль не ўсё атрымліваецца, але прагрэс бачны. Следам у турнірнай таб­ліцы размясціліся нашы самыя юныя ўдзельнікі — дзевяцігадовыя Саша Дзмітрыеў (12-е месца) і Яраслаў Недзведзь (14-е месца) з СШ №1. Поспех сваіх таварышаў падмацаваў Арсеній Леўшын (СШ №1), які заваяваў такія важныя ачкі ў агульнакамандную скарбонку.

Юныя шахматныя каралевы Ева Іванова (СШ №2) і Саша Крыванос (СШ №5) маладзейшыя за сваіх саперніц на некалькі гадоў, і тым не менш іх вынікі — у сярэдзіне турнірнай табліцы. Гэта не можа не радаваць. Застаецца дадаць, што ўсе дзеці займаюцца ў шахматным клубе “Віцязь” пад кіраўніцтвам кандыдата ў майстры спорту Рэспублікі Беларусь па шахматах Анатоля Васільевіча Салацінскага.

* * *

Набліжаюцца да завяршэння гульні першынства раёна як у вышэйшай, так і ў першай лізе. У мацнейшым дывізіёне з трох перамог стартаваў урач Андрэй Паўлаў, але ў далейшым саступіў Віктару Шастакову (ФК “Атлант”), Дзмітрыю Стахоўскаму (індывідуальны прадпрымальнік) і пенсіянеру Авеніру Чырванцу. На ўздыме завяршыў турнір ветэран Віктар Шастакоў. Пры дагульванні адкладзеных партый перамог А. Паўлава і згуляў унічыю з мінулагоднім чэмпіёнам Д. Стахоўскім. У выні­ку набраў 5 ачкоў і мае добры шанс стаць прызёрам. А наперадзе Д. Стахоўскі, у якога засталася незгуляная ключавая партыя яшчэ з адным з лідараў — Аляксандрам Сямёнавым (ЦРБ).

З вышэйшай лігай развітваюцца Віктар Лекарэвіч (ЗАТ “Спорт-пары”) і Уладзімір Пляшак (Глыбоцкая міжраённая інспекцыя аховы працы). Апошні без шансаў двойчы прайграў Д. Стахоўскаму і А. Сямёнаву. А вось В. Лекарэвіч упусціў перамогу ў гульні з аўтарам гэтых радкоў. У выніку — баявая нічыя, але яе аказалася мала, каб захаваць прапіску ў эліце. Трэці няўдачнік вызначыцца пазней.

Даволі заблытаная сітуацыя ў першай лізе. З лідарам усё зразумела: Сцяпан Дзяшук (УП ЖКГ) не прайграў ніводнай партыі і двойчы згуляў унічыю з Уладзімірам Краўчанкам (ваенны пенсіянер) і Леанідам Косавым (каледж). За астатнія прызавыя месцы, а з імі і пуцёўкі ў вышэйшую лігу барацьба разгортваецца нежартоўная. Шчыльнасць вынікаў гаворыць сама за сябе. 7,5 ачка маюць Жэня Ліпская (СШ №1), Аляксей Паўлаў (Віцебская абласная падатковая інспекцыя), Вайцех Сямашка (в. Ляхаўшчына). За  крок ад іх размясціліся Уладзімір Краўчанка, Дзмітрый Крупадзёраў (ААТ “Паставымэбля”), Ігар Бабчынскі (СШ №4).

* * *

Ранейшым застаўся рэгламент правя­дзення чэмпіянату раёна па хуткіх шахматах. Будзе праведзена сем адборачных турніраў, па выніках якіх васьмёрка мацнейшых у красавіку 2017 года па кругавой сістэме вызначыць чэмпіёна. Турніры праводзяцца ў 6 тураў (раней было на адзін больш) па швейцарскай сістэме. Першы адборачны турнір выйграў Аляксандр Мурзо (ПМЦ). У другім перамог Сцяпан Дзяшук. Другі вынік паказаў Віктар Шастакоў. Тройку мацнейшых замкнула Жэня Ліпская.

Юрый КАТОВІЧ,

няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.