Спявалі ўсе ў зале

Образование

Свята восені, на якім мы падводзім вынікі працы, вызначаем планы на наступны год, у нашай школе звычайна праводзіцца ў другой палове кастрычніка. Вучні яго вельмі любяць і кожны раз з нецярпеннем чакаюць.

Каб папоўніць бюджэт школы, стараліся і працавалі ўсе. Праўда, свае карэктывы ўнесла нябесная канцылярыя, і на плануемы прыбытак выйсці не ўдалося. І ўсё ж, нягледзячы на цяжкасці, сабралі багаты ўраджай морквы, капусты, цыбулі… На нарыхтоўчую базу здалі 3 тоны яблыкаў.

Па традыцыі асенні баль праводзіцца ў форме кірмашу. Сцэнарый сёлетняга быў распрацаваны так, каб вучні пранікліся народнымі песнямі, азнаёміліся з гульнямі, забавамі, танцамі продкаў. Таму запрасілі на мерапрыемства народны калектыў аўтэнтычнай песні Андронаўскага сельскага клуба, якім кіруе Ніна Фёдараўна Буйло.

І вось загучала вясёлая музыка. На сцэне з’явіліся галоўныя героі андронаўскага кірмашу. З роляй Сымона ўдала справіўся Клімент Гінько. Бурнымі апладысментамі віталі кожны выхад Ганны, сапраўднай беларусачкі, у якую пераўвасобілася Наталля Пудзенка. Ролю дзеда-жартаўніка сыграў Аляксей Мароз.

Зладжана і натхнёна гучалі народныя песні ў выкананні ўдзельніц гурта А. С. Маслоўскай, Л. В. Шчаснай, Г. І. Бароўка, Н. Ф. Буйло. А якое ж свята без беларускай полькі? Прыемна, што дзеці з вялікім задавальненнем танцавалі разам з пявуннямі. Вядучыя Алена Жаўнярук і Яна Шуканава правялі забаўляльныя гульні і конкурсы. Самыя актыўныя атрымалі невялічкія прызы.

У той дзень у зале не было раўнадушных. А напрыканцы ўсе разам праспявалі песню “Колькі ў небе зор”.

Ю. КАТОВІЧ, настаўнік Андронаўскай ЯСБШ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.