Страхі нястрашныя?

Культура

_6

Усе мы нечага баімся. Адны — вышыні, другія — цемры, трэція — мышэй, пацукоў, павукоў. А як пазбавіцца ад страхаў?

Змрочным восеньскім вечарам у Пастаўскай дзіцячай бібліятэцы адбываліся незвычайныя прыгатаванні: змяншалася святло, з’яўляліся непрывычныя прадметы. А калі надышоў час закрыцця бібліятэкі, дзеці толькі пачыналі сюды збірацца. І не проста так, а на вечар “Такія нястрашныя  страхі”. Арганізатары імкнуліся не напужаць удзельнікаў мерапрыемства, а, наадварот, растлумачыць, што некаторыя істоты і рэчы, якія нас пужаюць, зусім не страшныя, а вясёлыя, забаўныя і нават карысныя.

Першым, хто сустрэў дзяцей, быў шкілет. Каля яго можна было  даведацца, якія косці ў чалавека самыя моцныя, скласці пазлы забаўнага шкілеціка. А калі манекен шкілета павітаўся і памахаў рукой, дзеці развесяліліся.

Далей прыгоды працягваліся ў Зачараваным лесе, дзе Баба Яга распавядала пра лясных духаў беларускага  фальклору. На вялікім экране можна было пабачыць, як выглядаюць міфалагічныя героі. А яшчэ дзецям удалося пагуляць з чароўнай  мятлой.

Пасля ўдзельнікі адгадвалі загадкі і пралазілі праз «павуцінне», каб трапіць у наступны пакой (многія, асабліва дзяўчынкі, вельмі пужаюцца павукоў і кажаноў). Але тут пры дапамозе  мультымедыйнай прэзентацыі  можна было пераканацца, што павукі і кажаны цікавыя, незвычайныя і карысныя істоты. А тыя ўдзельнікі, якія паказалі свае здольнасці ў чытанні скорагаворак,  атрымалі ў падарунак закладкі-павуцінкі.

У апошнім пакоі ўсіх чакала самая цікавая і загадкавая сустрэча. Пачыналася ўсё спакойна. Удзе­льнікі занялі свае месцы і ўважліва глядзелі мультымедыйную прэзентацыю пра знакамітыя прывіды з розных краін. Раптам пагасла  святло, і з’явілася незвычайная постаць з блакітным агеньчыкам. Прысутныя вельмі ўзрушыліся і здзівіліся. А калі святло зноў загарэлася, усе пазналі вясёлы і забаўны прывід з кнігі А. Ліндгрэн “Малыш і Карлсан”. “Самы лепшы ў свеце прывід” пазнаёміў дзяцей з кнігамі, у якіх сустракаюцца загадкавыя істоты. А самае галоўнае, што ў гэтым пакоі пазбаўляліся ад страхаў. Для гэтага трэба было выдзьмухнуць усе свае страхі ў паветраны шарык, намаляваць страх на шарыку, а потым лопнуць яго. Калі адначасова лопнулі  амаль дваццаць паветраных шарыкаў, то ўсе страхі разляцеліся.

М. ІВАНОВА, загадчыца 

дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.