У нашай школе вучацца 84 дзіцяці з 46 мнагадзетных сем’яў. Сёння хачу расказаць пра адну з іх — сям’ю Пятровіч.
Наталля Пятроўна і Аляксандр Фадзеевіч пазнаёміліся на дыскатэцы ў Варапаеве, пакахалі адно другога і праз год, у 1998-ым, стварылі сям’ю. Неўзабаве нарадзіўся першынец — сын Арцём. Потым з’явіўся Дзяніс, а чатыры гады назад — доўгачаканая дачушка Валерыя. Паколькі гаспадар праз паўгода пасля вяселля стаў працаваць дальнабойшчыкам, маладой матулі прыйшлі на дапамогу бабулі Надзея Антонаўна і Галіна Панкрацьеўна.
Уся сям’я з радасцю чакае чарговага прыезду мужа і таты. Бо агульных захапленняў у Пятровічаў шмат: яны любяць парыбачыць, пагуляць у валейбол, зімой пакатацца на санках з горкі. Нават матулю, Наталлю Пятроўну, летась навучылі катацца на каньках. Любімае свята — Новы год. Усе рыхтуюць для кожнага падарункі, упрыгожваюць ёлачку. Хоць Аляксандр Фадзеевіч шмат часу знаходзіцца ў дарозе, стараецца як мага больш бываць з сям’ёй, штосьці змайстраваць, адрамантаваць, чамусьці навучыць сыноў, папесціць дачушку.
Наталля Пятроўна — цудоўная гаспадыня. Яна пячэ вельмі смачныя тарты, гатуе розныя стравы, рупіцца на агародзе, вырошчвае шмат кветак, захоўвае чысціню і парадак у доме. І абавязкова займаецца выхаваннем дзяцей, аддае ім цеплыню сэрца, сочыць за вучобай, паводзінамі, хвалюецца за кожнага з іх.
Арцём вучыцца ў 9 класе, Дзяніс — у 7-ым, Лера ходзіць у дзіцячы садок “Спадарожнік”. У кожнага ёсць свае інтарэсы і захапленні. Напрыклад, Арцёму падабаецца спорт, Дзяніс любіць гатаваць піцу, кексы. Хлопчыкі добра малююць, наведваюць мастацкую школу. Арцёму больш падабаюцца ўрокі фізкультуры, інфарматыкі, чарчэння, фізікі, Дзянісу — англійскай мовы, літаратуры, фізкультуры. Валерыя наведвае танцавальны і гурток англійскай мовы ў дзіцячым садку.
Каб матулі было лягчэй, сыны ва ўсім дапамагаюць ёй: гуляюць з сястрычкай, прыбіраюць у хаце, цепляць лазню, працуюць у агародзе. А яшчэ любяць дарыць матулі кветкі, і не толькі ў свята. Галоўнае для іх, каб на яе твары ззяла радасная ўсмешка.
У сям’і Пятровіч пануе атмасфера даверу, узаемапавагі, сяброўства. Яны з радасцю прымаюць гасцей. І дзеці, і бацькі не забываюць бабуль і дзядулю, якія жывуць у Савічах і Варапаеве, наведваюць іх, дапамагаюць у розных хатніх справах, віншуюць са святамі.
Вось ужо 18 гадоў крочаць па жыцці разам Наталля Пятроўна і Аляксандр Фадзеевіч, падтрымліваючы адно аднаго і выхоўваючы сваіх дзяцей. Хочацца пажадаць ім здароўя, радасці, шчасця і каб яны ганарыліся кожным сваім дзіцяткам.
Г. СІНІЦА,
настаўніца СШ №2.