У цэнтры ўвагі — ідэалогія

Местная власть

95_big

18 лістапада пад старшынствам кіраўніка раёна В. С. Гутарава адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. У яго рабоце прынялі ўдзел намеснік міністра інфармацыі У. А. Рабаволаў і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі абласнога выканаўчага камітэта П. У. Гнуценка.

Абмяркоўвалася пытанне “Аб ідэалагічным забеспячэнні развіцця культурнай галіны раёна, стане інфармацыйна-выхаваўчай работы ў працоўных калектывах, з насельніцтвам па месцы жыхарства”. З інфармацыяй па ім выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Г. М. Чаплінская.

Ідэалагічную работу ў раёне праводзяць у тым ліку 35 намеснікаў кіраўнікоў на прадпрыемствах і ў арганізацыях, з іх 5 — на прафесійнай аснове (у райспажыўтаварыстве, УП ЖКГ, лясгасе, ААТ “Навасёлкі-Лучай”, на малочным заводзе). На ўсіх прадпрыемствах і ў арганізацыях працуюць інфармацыйна-прапагандысцкія групы. На сустрэчах у працоўных калектывах і па месцы жыхарства асвятляюцца пытанні грамадска-палітычнага жыцця і сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі, вобласці, раёна. Штогод праводзіцца агляд-конкурс на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах. Адным з галоўных напрамкаў дзейнасці актыву сёлета было ідэалагічнае забеспячэнне выбарчай кампаніі па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Што да культуры, то на высокім узроўні прайшоў ХІХ Міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”, а ўсяго за 10 месяцаў бягучага года праведзена больш за 60 раённых грамадска значных і культурна-масавых мерапрыемстваў. Пры ўстановах культуры дзейнічаюць 162 клубныя фарміраванні. Праяўляюць сябе 4 узорныя, 13 народных і 1 заслужаны аматарскі калектывы. Бясспрэчным ачагом інфармавання насельніцтва з’яўляюцца бібліятэкі. Важкі ўклад у адраджэнне нацыянальнай культуры і развіццё народнай творчасці ўносяць работнікі Дома рамёстваў “Стары млын”. Шырока прапагандуе матэрыяльную і духоўную культуру раённы краязнаўчы музей.

Актыўна дзейнічаюць раённыя грамадскія арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага саюза жанчын, “Белай Русі”, ветэранская, раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Вялікую выхаваўчую ролю адыгрываюць установы адукацыі.

Шырока інфармуюць насельніцтва раённыя сродкі масавай інфармацыі. Пра гэта гаварыла не толькі дакладчык, але і галоўны рэдактар раённай газеты “Пастаўскі край” Ф. А. Касаткіна і выконваючая абавязкі рэдактара “Паставы-ТБ” Ю. В. Лазікевіч. Акрамя таго, мясцовыя тэлежурналісты падрыхтавалі дзесяці­хвілінны фільм пра дзейнасць раённых газет і тэлебачання, правядзенне ідэалагічнай работы на Пастаўшчыне, які і быў прадэманстраваны прысутным на пачатку пасяджэння. А пасля завяршэння абмеркавання пытання, вынесенага на парадак дня, намеснік міністра інфармацыі У. А. Рабаволаў сустрэўся з калектывам тэлестудыі, а намеснік начальні­ка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама П. У. Гнуценка — з калектывам рэдакцыі “Пастаўскага краю”.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.