У дурмане таксікаманіі


123

Што вы рабілі б, калі б у адчыненых дзвярах вашага гаража паўстала ўзбуджаная жанчына і пачала горача даказваць, што машына не ваша, і запатрабавала прад’явіць дакументы на яе? Менавіта ў такую сітуацыю трапіў жыхар райцэнтра, які, праўда, не разгубіўся і выклікаў міліцыю.

Нарад патрульна-паставой службы аператыўна прыбыў на месца здарэння. Аказалася, што гэта асоба добра вядомая супрацоўнікам праваахоўных органаў, бо не раз трапляла ў поле іх зроку. Прытым па адной і той жа прычыне. У мінулым годзе ў маі яе затрымалі на вуліцы Кастрычніцкай у райцэнтры, калі яна нешта ўдыхала з поліэтыленавага пакета, чым і выклікала падазрэнне ў відавочцаў. Праз два месяцы “адбівалася ад акулы” на беразе возера За­дзеўскае. У абодвух выпадках у жанчыны яўна адсутнічала арыентацыя ў часе і прасторы, адзенне было брудным, а знешні выгляд — неахайным. Як высветлілася, такі стан быў выкліканы ўжываннем таксічных рэчываў. Рашэннем суда двойчы падвяргалася штрафу, у адносінах да яе прымянялася прымусовае лячэнне ад таксікаманіі.

Але яно дапамагло толькі на кароткі час, і грамадзянка зноў узялася за старое.  У адзін са студзеньскіх дзён работнікі водазабора “Спорыца” нямала здзівіліся, калі ўбачылі непадалёк аб’екта маладзіцу, якая закрыла твар поліэтыленавым пакетам і дыхала паветрам з яго. Паведамілі ў міліцыю. Гісторыя зноў паўтарылася: тыя ж беспрычынныя рэзкія выкрыкі, неахайны знешні выгляд, візіт да нарколага ў суправаджэнні міліцыянераў, затрыманне на час для прасвятлення ад дурману, суд, штраф.

Заплаціць яго жанчына не змагла, бо не мела работы. Праўда, клей ужо не нюхала, імкнулася наладзіць жыццё. Зноў не ўдалося, і не па віне грамадства, а таму, што неадольна клікалі мроі таксікаманіі, у якіх яна адчувала сябе багатай і шчаслівай. Пратрымалася да жніўня. А ў пачатку месяца здарыўся інцыдэнт у згаданым вышэй гаражы (усё па той жа прычыне — таксікаманія).

Крымінальная справа, узбуджаная па гэтым факце, неў­забаве была перададзена ў суд. На яго пасяджэнні абвінавачваная прызнала, што на працягу года зноў ужыла так­січныя рэчывы і знаходзілася ў грамадскім месцы ў стане, які зневажаў чалавечую годнасць і нормы маралі, прад’яўляла неабгрунтаваныя прэтэнзіі чалавеку, не арыентавалася ў часе і прасторы.

На падставе арт. 328-2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзянцы назначана пакаранне ў выгля­дзе арышту тэрмінам на тры месяцы. Таксама поўнасцю далучана неадбытая частка пакарання па ранейшым прыгаворы суда па такім жа артыкуле і за такое ж парушэнне закону ў выглядзе штрафу на суму 1260 рублёў. Пройдзе жанчына і курс прымусовага лячэння ад таксікаманіі.

Н. ЖУКАВА, суддзя.  

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.