Укладзеныя ў мадэрнізацыю грошы акупляюцца


Шліфавальшчыца Святлана Кардаш.
Шліфавальшчыца Святлана Кардаш.

У прасторным цэху прыемна пахне смалой, цяпло і святло праменяцца ад стосаў дэталяў будучай мэблі з сасны і бярозы, ціхі гул станкоў. І хоць распілоў­ваюць на іх дзясяткі розных па канфігурацыі і памерах нарыхтовак, пілавіння і пылу няма. Выцяжныя трубы вентыляцыі высмоктваюць адходы дрэваапрацоўкі з цэха. Гэта яшчэ не самая сучасная фабрыка, але і не паўкустарная вытворчасць, якая да 2014 года існавала тут не адно дзеся­цігоддзе.

Варапаеўскі дрэваапрацоўчы  камбінат — адно са старэйшых прадпрыемстваў на Пастаўшчыне. Яго калектыў вырабляе мэблю, якая да сёлетняга  года ішла ў асноўным на ўнутраны рынак. Пакуль існаваў дэфіцыт тавараў, пакупнікі не надта замарочваліся на іх якасці, функцыянальнасці, дызайне. У магазінах не застойваліся  шафы, ложкі, секцыі ды сталы ДАКа. Таму пра  мадэрнізацыю вытворчасці тут не задумваліся.  Да часу,  пакуль попыт не стаў дыктаваць свае ўмовы вытворцам спажывецкіх тавараў.

Станочнік Уладзімір Бароўка.
Станочнік Уладзімір Бароўка.

Ад банкруцтва варапаеўскіх мэбельшчыкаў  выратавалі райвыканкам і аблвыканкам. Па хадайніцтве раённай улады  ў канцы 2013 года  калектыву з абласнога інавацыйнага фонду выдзелілі  на стварэнне практычна новага цэха 5 мільярдаў рублёў.

— На гэтыя грошы нам хацелася максімальна поўна мадэрнізаваць вытворчасць, — расказвае дырэктар камбіната Ганна Седзюкевіч. — Таму па вопыт паехалі па розных адрасах. Вывучалі  тэхналогіі вырабу мэблі на дзяржаўным прадпрыемстве, у прыватніка і, урэшце, спыні­ліся на італьянскіх станках. 

Пакуль правялі тэндар, купілі і зманціравалі лінію, наладзілі яе,  вызначыліся, якую мэблю будуць вырабляць з масіву дрэва, навучылі людзей новай тэхналогіі, мінуў амаль год. Ганна Сцяпанаўна прызнаецца, што самай складанай аказалася кадравая праблема. У Варапаеве засталося мала моладзі. Вучыць жа людзей ва ўзросце рабоце на станках з праграмным кіраваннем — справа няпростая. Перашкаджаюць стэрэатып мыслення ды  шматгадовая практыка “ўзаемаадносін” станочніка і машыны, калі самым складаным інструментам для яе рамонту ці наладкі ў сталяра былі малаток ды ключ.  

Аддзелачніца Святлана Бакаўліс.
Аддзелачніца Святлана Бакаўліс.

З прэтэндэнтаў выбралі лепшых. Сёння Аляксандр Цыбульскі, Андрэй Снапок, Анатоль Шкорнік, Яўген Танана, Леанід Харко і Уладзімір Бароўка — станочнікі-прафесіяналы. “Раскройваюць” драўніну дакладна, дэталь у дэталь, з мінімумам адходаў. А для гэтага спатрэбіўся яшчэ амаль год набыцця вопыту. Толькі сёлета, зазначае кіраўнік камбіната, цэх набраў абароты і выйшаў на паказчыкі, абгрунтаваныя ў бізнес-плане. Мае прыбытак, адгружае прадукцыю на экспарт.

За дзевяць месяцаў прырост дасягнуты па ўсіх паказчыках. Папярэдні аналіз вынікаў вытворчай дзейнасці паказвае, што  гэта тэндэнцыя захаваецца і па выніках года. Будзе выпушчана прадукцыі на 1826 тысяч рублёў — на 300 тысяч больш, чым летась.

Камбінат мае шэраг дагавароў на пастаўку яе айчынным і замежным заказчыкам. Калектыў плённа супрацоўнічае з АЭС, для работнікаў якой мэбляваў інтэрнаты ў Астраўцы, іншымі беларускімі спажыўцамі, па заказе якіх вырабіў спецыялізаваную мэблю для офісаў, прадпрыемстваў грамадскага харчавання.

Станочнік Уладзімір Бароўка.
Станочнік Уладзімір Бароўка.

Дарэчы, варапаеўскую мэблю з цэльнай драўніны для кафэ, бараў ахвотна купляюць расіяне. Днямі яе камплекты адгрузілі  на Краснадар і атрымалі новы заказ. Спадабалася яна французам, немцам, скандынавам, якія пакуль невялікімі партыямі пачалі завозіць яе ў свае краіны, вывучаюць попыт. І калі вытворцы па цане і дызайне задаволяць  густ заходнееўрапейцаў, абяцаюць павялічыць заказы. Практычныя немцы, праўда, ужо застрахаваліся: заключылі дагавор на закуп у варапаеўскіх мэбельшчыкаў “спальных пакояў” на 500 тысяч еўра. Але першую партыю  ўзялі толькі на 50 тысяч. Потым  зрабілі другі заказ на такую ж суму.

Трывалыя табурэты, сталы, крэслы, лёгкасць якім надае разная спінка, пафарбаваныя ці пакрытыя толькі воскам — вока радуецца вытанчанасці іх форм, натуральнасці колеру.

— Для таго каб яны былі такімі, даво­дзіцца старанна працаваць усім — тэхнолагу, які займаецца ў тым ліку і дызайнам, станочнікам, зборшчыкам,  аддзелачніцам, — з павагай да падначаленых гаворыць дырэктар. — Напрыклад, ад работы аддзелачніц, іх адказнасці, акуратнасці  якасць гатовай прадукцыі часам залежыць нават больш, чым ад станочнікаў. Залатыя рукі маюць Людміла Станюш, Святлана Бакаўліс, Людміла Лаўрыновіч.

Зборшчыца мэблі Жанна Курыловіч.
Зборшчыца мэблі Жанна Курыловіч.

І так — амаль пра ўсіх работнікаў на тэхналагічным ланцугу. А яны ў сваю чаргу гэтак жа пра свайго кіраўніка. Маўляў, каб не Ганна Сцяпанаўна, яе арганізатарскія здольнасці, уменне знаходзіць партнёраў і пакупнікоў,  было б цяжка. 26 гадоў аддала яна вытворчасці. У 1990-м уладкавалася на камбінат галоўным бухгалтарам, а праз 10 гадоў узначаліла яго.  Так і кіруе прадпрыемствам, трымае яго на плаву. Узрост дазваляе ёй пайсці на адпачынак, але, кажа,  яшчэ не ўсе справы скончаны. Не паспелі наладзіць вытворчасць мадэрнізаванага цэха, як узнікла новая праблема: каб нарошчваць пастаўкі на экспарт, камбінату патрэбна новая сушылка. Яна ўжо і знайшла тую, што падыдзе пад іх патрэбы. Але дзе ўзяць 50 тысяч еўра на  пакупку? Здаецца,  грошы невялікія, але камбінат такіх не мае. Зноў дырэктар пачынае біць у званы, шукае падтрымкі ў мясцовай улады.

— З такой сушылкай маглі б стабільна вырабляць на экспарт штомесячна прадукцыі на 60 тысяч еўра, — сцвярджае Ганна Сцяпанаўна.

А цяпер за 9 месяцаў тэмп росту вытворчасці на ДАКу склаў больш за 24% да 2015 года, за год мяркуюць атрымаць 20%. Прадукцыйнасць працы — 132%, рэнтабельнасць продажу — 5,9%. Пачалі супрацоўнічаць з «Белітам», вацін з якога  выкарыстоўваюць для цэха матрасаў. Таму пакуль не да адпачынку. У камбіната замільгала  святло ў тым цёмным тунэлі, праз які ішоў калектыў апошнія 3-4 гады.

Тамара ІВАНОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.