Успомнілі маладосць. Супер!


dsc_9613

Каму не хочацца вярнуцца ў маладосць — вясёлы і імклівы час? У жыхароў Навасёлак-1 такая магчымасць была ў адну з лістападаўскіх субот. Усе, хто прыйшоў у мясцовы цэнтр культуры, акунуліся ў атмасферу далёкіх 80-ых. Рэтра-вечарынку арганізавалі работнікі Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай школы мастацтваў на чале з дырэктарам Аленай Міхайлаўнай Салавей. А ўдзел у ёй прынялі тыя, хто быў кумірам сцэны ў 80-ыя.

Праўда, спачатку на сцэну выйшла першакласніца Злата Ярашэвіч і песняй “Усміхайся” настроіла на пазітыў. Рэтра-вечар адкрыла Янія Яўгеньеўна Анкудовіч — менавіта яна ў той час была вядучай усіх мерапрыемстваў. Мілагучны голас, уменне трымацца на сцэне і заінтрыгаваць гледача не страціліся з гадамі.

Вялікай папулярнасцю ў 80-ыя карыстаўся вакальна-інструментальны ансамбль “Фаэтон”. Анатолій Анкудовіч іграў на сола-гітары, Леанід Пінчук — на бас-гітары, Славамір Шапель — на клавішных інструментах, Вячаслаў Салавей — на ўдарных. І вось больш як праз трыццаць гадоў зноў загучалі акорды любімых песень “Очарована-околдована”, “Аэропорт”, “Белые розы” і іншыя. А на танцпляцоўку выйшлі пары, каханне якіх зараджалася або ўмацоўвалася пад гэтыя мелодыі. Мужчыны шапталі на вуха сваім абранніцам нейкія магічныя словы, шчасцем ззялі вочы жанчын.

dsc_9700

У складзе ансамбля “Мара” ў свой час выступалі Юлія Дзісько, Алена Зубрыцкая, Алена Салавей і Алена Шапель. Яны з радасцю адгукнуліся на прапанову выступіць зноў. Ю. Дзісько і А. Зубрыцкая прыехалі для гэтага з Пастаў, а многія ўдзельнікі прыбылі на рэтра-канцэрт з Мінска, Наваполацка, іншых гарадоў.

Яшчэ ў чацвёртым класе арганізаваліся ў ансамбль “Пацаны” Вера­ніка Лібоза, Юля Прастаумава, Людміла Счасная, Сняжана Януш, Жэня Салавей і Юра Міцэвіч. Да цяперашняга часу не разумеюць, чаму далі такую назву, калі “пацаноў” было толькі двое. Але поспех ансамбль меў вялікі. На рэтра-канцэрт, на жаль, не змог прыехаць Юра, але выступленне атрымалася яркім і арыгінальным.

dsc_9485

Парадавала трыа ў складзе Марыны Машковай, Наталлі Мацур, Ірыны Лешчык. Іх кароннай песняй была і засталася “В саду гуляла”. Прыемна было ўспом­ніць іх выступленне і зноў убачыць на сцэне. Адчувалася, што і самі маладыя жанчыны атрымалі ад гэтага задавальненне.

Актыўныя гледачы добра памятаюць, якія сцэнкі ставіліся ў нашым клубе. Адну з іх, якая так і называлася “У сельскім клубе”, убачылі зноў. З ролямі ўдала справіліся Руслан Шымко, Віталій Дзіковіч, Дзяніс Бяляеў, Дзмі­трый Маціеўскі.

Быў такі ансамбль “Павятруля”. Да былых удзельнікаў далучыліся вучні Навасёлкаўскага філіяла школы мастацтваў і паказалі такі арыгінальны нумар! Новымі прыгожымі касцюмамі і танцам парадавалі ўдзельнікі ансамбля “Дзяцінства”. Доўга не змаўкалі апладысменты для Анатоля Анкудовіча і Кацярыны Казенка, якія выканалі песню “Мужичок с гармошкой”.

dsc_9742

Арганізатарам рэтра-вечарынкі няпроста было сабраць колішніх актыўных самадзейных артыстаў, тым больш удзельнікаў хору 80-ых. Але намаганні таго каштавалі. Выступленне ветэранаў гледачы сустрэлі авацыямі.

Падчас канцэрта, у якім было задзейні­чана больш за 60 чалавек, усе радаваліся за мясцовыя таленты. Найбольшая заслуга ў яго правядзенні дырэктара філіяла школы мастацтваў Алены Міхайлаўны Салавей. На старонцы “Аднакласнікаў” у яе адрас напісана мноства водгукаў. Вось некаторыя з іх: “Па шчаслівай выпадковасці трапілі на канцэрт. Цудоўна! Лена! Ты вялікая разумніца!  Дзякуй за талент!”, “Лена, ты — геній! І ўсе малайцы! Успомнілі маладосць. Супер!”, “Вельмі шкада, што не атрымалася прыехаць на канцэрт. Добра, што ў інтэрнэце можна паглядзець фотаздымкі і відэа. А ці спявалі “На теплоходе музыка играет”? Гэта ж была наша візітная картачка”. “Столькі адрэналіну атрымалі! Яго хопіць надоўга. Усё было здорава!”

А. ПІШЧ, Л. СНАПОК, в. Навасёлкі.

Фота з архіва А. М. Салавей.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.