Вечнае святло ім

Общество

Сёння той дзень, калі людзі зблізку і здалёку дабі­раюцца на могілкі, прыносяць кветкі, запальваюць свечкі, стаяць у задуменні каля магіл дарагіх лю­дзей і ўспамінаюць, як жылося побач з тымі, хто цяпер моўчкі пазірае з партрэтаў на помніках. Вось што расказалі напярэдадні Дня памяці карэспандэнту “Пастаўскага краю” Анне Анішкевіч жыхары райцэнтра:

Марыя Сільвестраўна ТУРЛА:

— Лісток з выпамінкамі заўсёды запаўняла мама, дакладней, акуратна перапісвала з бабулінага чарнавіка прозвішчы продкаў. Рабіла гэта ў нядзелю пасля абеду, мы з сястрой гэтым часам павінны былі сядзець побач. Пісала імя і расказвала: “Амброзій — прадзед маёй мамы. Рана аўдавеў: Марыя, яго жонка, памерла пры родах. Ён адзін паставіў на ногі пяцёра дзяцей. Лявон — мой прадзед, расказвалі, што быў гультай, любіў гуляць у карты, не размінаўся з чаркай. А яго жонка Анеля — мудрая і працавітая. Юзаф — іх сын, мой дзядуля — з залатым характарам і ўмелымі рукамі.  Антоні — ваш дзядуля. Вы яго добра памятаеце”.

І так пра пяць пакаленняў. Вечарэла, тата моўчкі збіраўся і ішоў адзін даглядаць гаспадарку, а мы заседжваліся ледзь не да поўначы. Цяпер выпамінкі запаўняе мая дачка. Аповед перадаецца далей па ланцужку. Праз столькі гадоў не захаваліся многія магілы, няма і фотаздымкаў прадзедаў, але, слухаючы ўспаміны, кожны з нас па-свойму ўяўляе далёкіх продкаў і іх жыццё. Такая памяць і звязвае сучаснае з мінулым.

Збыслаў Казіміравіч РАМАНОЎСКІ:

— Спіс дарагіх сэрцу людзей, якія адышлі з гэтага свету, з кожным годам павялічваецца: дзяды, бацькі, суседзі, сябры… Развітвацца з кожным было цяжка. Але найбалючэй, калі чалавек памірае ў росквіце гадоў. Іосіф Турон (або Зютак —  так мы яго звалі) невылечна захварэў у 44. Разумеў, што жыццё збягае, таму наказваў, каб пахавалі на могілках у Шурпі­ках, бліжэй да дарогі. Да гэтага працаваў на асфальтабетонным заводзе, жартаваў, што і на тым свеце будзе лічыць машыны. Калі праязджаю, заўсёды пасігналю. Шэсць гадоў назад раптам спынілася сэрца стрыечнага брата Іосіфа Сівіцкага. Месяц таму абарвалася жыццё Казіміра Храпуна. Абодвум толькі мінула пяцьдзясят. Мы землякі, разам гулялі, хадзілі на танцы, пазней жылі ў адным шматкватэрным доме, цесна сябравалі. Няхай іх вечны сон будзе спакойным.

Ірына Альфонсаўна ЖУКЯН:

— Пастаянна па-добраму зайздрошчу тым людзям, якія і ў 50 гадоў маюць бацькоў. Мне было 28, калі памерла мама. Праз шэсць гадоў пахавалі і тату. Іх вечны спачын — на лукашоўскіх могілках, побач з Геленай і Вінцусем Падгайскімі, з якімі дружна жылі па-суседстве. Крыху далей — аднавяскоўцы Пётр Танана, Часлаў Дашчынскі. Апусцелі нашы Сіманы. Толькі ў трох хатах свецяцца вокны — усе астатнія вяскоўцы “перабраліся” на могілкі ў Груздаве. Калі заязджаем туды, падоўгу затрымліваемся каля магіл Паўленкаў, Дашчынскіх, Сіманёнкаў, Сымановічаў, Федаронкаў, Журомскіх. Успамінаем, як хораша нам жылося ў невялікай, але вельмі дружнай роднай вёсачцы. Упэўнена, што мае чулыя, шчырыя землякі за тое дабро, што пакінулі пасля сябе на зямлі, заслужылі вечнае жыццё ў небе. Дапаможа ім у гэтым і наша малітва.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.