Вечны горад застанецца ў сэрцы навечна


Перад аўдыенцыяй з Папам Рымскім Францыскам.

Уражанні пастаўчанкі Ганны Пятроўны Свірко ад наведвання Рыма пачула ў гарадскім аўтобусе. Жанчына так захапляльна апавядала знаёмай пра ўбачанае і перажытае, што я не ўтрымалася, папрасіла яе падзяліцца і з чытачамі “Пастаўскага краю”. Вось што яна расказала:

— Колькі сябе памятаю, марыла пабываць у самым старажытным горадзе свету — Рыме. У верасні мара збылася. Дзякуючы пробашчу новай пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага ксяндзу Андрэю Бульчаку група парафіян тры дні правяла ў гэтым горадзе. Старое, забытае мінулае і новае, ультрасучаснае тут цесна пераплятаюцца адно з адным. Уражанні ад убачанага застануцца ў сэрцы навечна.

Рым заварожвае сваёй прыгажосцю, гісторыяй, старажытнасцю. Быў вечар, калі мы першы раз адправіліся палюбавацца горадам. Яго візітная картка — Калізей, узведзены ў 80-ым го­дзе нашай эры. У старажытнасці там праводзіліся гладыятарскія баі, зараз гэта папулярнае месца для турыстаў.

Храмам усіх багоў называюць Пантэон. Звонку — глухі шэры цыліндр. А пераступаеш парог — і нібы трапляеш у іншы свет. Змрочны фасад змяняе багаты інтэр’ер. Ён асвятляецца праз дзевяціметровае акно ў цэнтры купала. Здаецца, неба непрыкметна апусцілася на зямлю. Пад зводамі Пантэона адчуваеш сябе ў цэнтры Сусвету.

Яркім прыкладам гістарычнага цуда з’яўляецца Іспанская лесвіца са 138 прыступак, якая пачынаецца з Іспанскай плошчы (раўназначная Краснай у Маскве) і заканчваецца ля французскага храма XVI стагоддзя. Па папулярнасці лесвіца займае другое ганаровае месца сярод славутасцей Рыма (на першым — фантан Трэві).

І яшчэ пра адну лесвіцу хачу расказаць — Святую. Сцвярджаюць, што па ёй Хрыстос падымаўся да пракуратара перад Галгофай. Пераадольваючы на каленях 28 прыступак, задумваешся пра вечнае жыццё, паспяваеш пакаяцца ва ўсіх грахах, папрасіць ва Усявышняга прабачэння і, нягледзячы на фізічную стомленасць, атрымаць душэўную палёгку.

Пабывалі ў Ватыкане. Уразіла сваёй веліччу базіліка Святога Пятра — самы вялікі хрысціянскі храм свету. Над яго ўнутраным убранствам працавалі вялікія майстры эпохі Адраджэння. З вышыні купала адкрываецца непаўторны від на Саборную плошчу. Адсюль мы палюбаваліся ватыканскімі садамі —  вяршыняй ландшафтнага мастацтва.

А якім шчасцем была імша ў капліцы Святога Себасцьяна, дзе знаходзіцца саркафаг з целам Папы Рымскага Яна Паўла II, а таксама трапіць на аўдыенцыю да Папы Рымскага Францыска!

Рамантычная аўра Рыма —  тое, што прыцягвае шмат­лікіх паломнікаў. Многія маладыя пары прыязджаюць сюды, каб заключыць шлюб. Мы  трапілі на такую ўрачыстасць. У касцёле Святога Станіслава клятву на вернасць далі нашы землякі Валерый і Маргарыта Лешчык. Маргарыта — мінчанка, Валера — наш актыўны парафіянін.

Рым уразіў шэдэўрамі скульптуры і архітэктуры, тут нам удалося дакрануцца да гісторыі Рымскай дзяржавы і адчуць італьянскую атмасферу. У думках часта праплываюць тыя шчаслівыя тры дні, не губляю надзеі калі-небудзь зноў пабываць у адным з самых багатых культурнымі і гістарычнымі месцамі гора­дзе свету.

Запісала Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота з сямейнага альбома Г. Свірко.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.