“Вобразы мілыя роднага краю…”

Личности

567-8

«Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў пісаў, што раней у нашых продкаў быў такі звычай: каб юнака лічыць мужчынам, давалі яму выпрабаванні: распаліць вогнішча ў залеву, пераплыць глыбокую і шырокую раку, упаляваць тура або мядзведзя, расказаць пра сваіх продкаў да пятага калена. І калі юнак не мог расказаць пра сваіх продкаў, яго выганялі з паселішча: не ганарыцца продкамі, можа здрадзіць. А каб ганарыцца продкамі, каб ведаць іх, трэба вярнуцца туды, дзе яны жылі, працавалі-гаравалі, дзе засталіся іх сляды, дзе захаваліся ў чыёй-небудзь памяці іх словы, выказванні…»

Так пачынаецца лірычнае адступленне пра прыцягненне душ у толькі што выйшаўшай у свет кнізе “Ясюкі — вёсачка над азёрамі”. Яе аўтары Аліна Латыш (Гінько), Ганна Венгура (Гінько) і Алеся Венгура маюць поўнае права ганарыцца продкамі, а ў іх мінулае заглянулі не толькі самі, але і павядуць кожнага, хто возьме ў рукі кнігу. Усё, што змясцілася на яе старонках, прагучала з вуснаў сведкаў розных часоў. А пра тыя часы гавораць ужо самі назвы раздзелаў: “Пры Польшчы”, “Тыя Саветы”, “Вайна”, “Калектывізацыя”, “Шчаслівыя шасцідзясятыя”, “Электрыфікацыя” і іншыя.

Пералічваць усе, а тым больш пераказваць змест твора не бачу сэнсу — яго трэба чытаць. І не толькі тым, чый лёс звязаны з Ясюкамі, а многім і многім выхадцам з вялікіх і малых вёсак. Затое пра прэзентацыю кнігі, якая нядаўна адбылася ў радзіннай хаце яе аўтараў, варта ўзгадаць падрабязней.

— Ідэя стварыць кнігу пра родную вёсачку ў мяне ўзнікла тады, калі я прысутнічала на прэзентацыі кнігі Ігара Пракаповіча і Мікалая Арэха пра Рымкі “Вёска на краі вечнасці”, — гаварыла Аліна Латыш. — Дзякаваць Богу, нашы Ясюкі яшчэ жывыя і ёсць шчырыя ясюкоўцы, якія захоўваюць памяць пра мінулае. Збіраць матэрыял нам было вельмі цікава і хвалююча, бо ён тычыўся далёкіх і бліжэйшых продкаў, суседзяў, людзей, якіх ведалі з дзяцінства. А яны расказалі шмат цікавага, некаторыя падзяліліся даўнейшымі фотаздымкамі.

Частка фотаздымкаў увайшла ў кнігу, многія былі паказаны на прэзентацыі. А як цікава падчас яе прайшла краязнаўчая віктарына! Даставалі з прабабулінага куфра старыя рэчы: верацяно, качалку, маслабойку, валак, лапату, на якой “садзілі” хлеб у печ, і многія іншыя, а прысутным трэба было назваць іх прызначэнне. Асаб­ліва радавала, калі адказвалі маладзейшыя. Значыць, яны ведаюць сваю спадчыну.

Ну а як абысціся без бяседы, калі і аўтараў, і чытачоў аб’ядноўвае многае? І яны сумесна выставілі на стол стравы, якія некалі гатавалі іх бабулі і дзядулі, — мучныя бліны з тварагом, дранку з печы, квашаную капусту, пячэнне і іншае. Апетыту садзейнічаў гумарыстычны летапіс вёскі — кожны ўзгадваў самую смешную гісторыю з жыцця сваіх продкаў.

Завяршылася прэзентацыя танцамі. Гучалі мелодыі, пад якія ў свой час танцавалі продкі сённяшніх ясюкоўцаў, і напаўнялася жыццём старая, але не закінутая радзінная хата аўтараў кнігі, якая, уваскрэсіўшы мілыя вобразы роднага краю, сагрэе сэрцы чытачоў.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.