Вядуць дарогай дабрыні і працавітасці


Як мы чакаем выхадных! І не таму, што не трэба спяшацца на работу, а каб паехаць да бацькоў у Ярэва. Яны ў гэты дзень стараюцца раней управіцца па гаспадарцы, мама гатуе вячэру на 10 чалавек — так разраслася сям’я. А яе аснову 40 гадоў таму заклалі нашы мама і тата — 22-гадовы Часлаў Міхалевіч з вёскі Норкавічы і 19-гадовая Ала Анішкевіч з Сіманаў. 

З маленства мы бачылі, як шмат бацькі працавалі, але ў іх хапала часу, каб і з намі пазабаўляцца. Пакуль мама раніцай пякла бліны або варыла кашу, тата прысаджваўся на наш ложак і расказваў розныя цікавыя гісторыі. Вечарам мы збіраліся каля тэлевізара, але не заўсёды гля­дзелі перадачы, часта пра­сілі, каб бацькі ўспомнілі сваё дзяцінства, гісторыю кахання.

Часлаў вярнуўся з арміі, уладкаваўся ў калгас імя Жданава вадзіцелем. Аднаго разу на танцах убачыў каравокую прыгажуню з доўгай чорнай касой. Думаў: як падступіцца да такой? А страла Амура пранікла і ў сэрца дзяўчыны. Яна ў той час працавала ў Оцкавіцкім сельскім Савеце. Ацаніла ўсмешлівага, сціплага, далікатнага, ураўнаважанага хлопца. Згулялі вяселле.

Абжывацца было няпроста. Абое нарадзіліся ў мнагадзетных сем’ях, таму стараліся не прасіць у бацькоў дапамогі, а разлічвалі на свае сілы і шчыравалі. Калі задумвалі купіць якую рэч, эканомілі, у нечым сябе абмяжоўвалі. Таму хутка ў кватэры, якую выдзеліла праўленне калгаса, з’явілася неабходная мэбля, у панадворку — “Жыгулі”.

У нашых бацькоў залатыя характары (золата ж — сімвал багацця). Мама і тата багатыя чуласцю, спагадай, шчырасцю. А яшчэ — двума зяцямі, трыма ўнукамі і ўнучачкай, людской павагай, якую заслужылі за свае дабрыню і працавітасць. Тата больш за 40 гадоў быў вадзіцелем. Мы ледзьве ўгаварылі яго пайсці на за­служаны адпачынак. Хапае спраў дома — ёсць дзве каровы, свінні, куры, гусі, індыкі, авечкі, конь. Усе патрабуюць догляду. Баць­кі ніколі не дзялілі работу на мужчынскую і жаночую. Тата можа і карову падаіць, і смачна есці зварыць. Мама па-ранейшаму апантаная сваім зерняскладам, кветкамі, цяпліцамі.

Мы таксама раслі не беларучкамі. Кожная мела свае абавязкі:  памыць посуд, паліць кветкі, заслаць ложкі, прыбраць у пакоях. Талакой садзілі і капалі бульбу, нарыхтоў­валі сена. З гадамі цяжкую ручную працу замяніла тэхніка. І хоць мы дзяўчаты, тата навучыў нас вадзіць машыну, забіваць цвікі і многаму іншаму. Сялянскую навуку спасціглі і нашы дзеці. Ім перадалася ў спадчыну працавітасць бабулі і дзядулі. Хлопцы шчапаюць дровы, косяць, разбіраюцца ў тэхніцы, ведаюць, як накарміць жывёлу, запрэгчы каня. Працаваць іх ніхто ніколі не прымушае, яны проста ідуць услед за дзядулем, які  для іх галоўны аўтарытэт.

За шматлікімі гаспадарчымі клопатамі бацькі не мелі часу на сваркі, але знаходзілі і знаходзяць яго на размовы з намі. Жыццю вучылі неяк недакучліва: ніколі не «чыталі лекцый». Тата ставіўся да нас як да прынцэс, тым самым выхоўваў жаночую годнасць, у кожнай бачыў  асобу, паважаў наша меркаванне. Нас рана сталі прывучаць да самастойнасці. Бацькі ніколі не навязвалі свой пункт погляду, напрыклад, пры выбары прафесіі ці спадарожніка жыцця. Раілі, падказвалі, але права выбару заўсёды было за намі. Мы проста капіравалі паводзіны бацькоў, іх руплівасць, акуратнасць, паважлівыя адносіны да нашых дзядуляў і бабуль, якія ў старасці цяжка хварэлі, бескарыслівасць у адносінах да іншых лю­дзей.

Мама — прыклад жаночай мудрасці. У яе свой падыход да кожнай з нас,  зяцёў і ўнукаў. У гасціннай бацькоўскай кватэры добрая аўра, тут часта бывае людна: любіць прыязджаць вялікая радня, шматлікія сваякі. Мы ўдзячны ма­ме і тату найперш за падоранае жыц­цё, бяссоныя ночы, праведзеныя ля калыскі, за клопат і ласку, бязмежнае цярпенне.

Дарагія нашы, дай Бог вам моцнага здароўя, нязменнага аптымізму, бадзёрасці, і каб яшчэ доўга-доўга нас сагравала цяпло вашых сэрцаў.

З любоўю, дочкі Таццяна і Святлана.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.