Вяселле залатое прычакалі

Личности

Як жа мне, 11-гадовай дзяўчынцы, хацелася тра­піць на вяселле сваёй стрыечнай сястры Лёдзі! Але бацькі пайшлі ў Анкуды адны, а нас з сястрой пакінулі дома ў Свідне. Вярнуўшыся, расказвалі, што маладыя выглядалі вельмі прыгожа, пара харошая. Некаторыя ж вяскоўцы сумняваліся ў трываласці іх шлюбу, маўляў, нявесце ўсяго 19, жаніху — 18, рана ствараць сям’ю. Але каханне, якое злучыла іх лёсы, аказалася моцным. Былі радасці і няшчасці, праз якія годна прайшлі, стваральная праца, клопат і ўвага адно да аднаго. І вось за плячыма Леакадзіі Тытусаўны і Мар’яна Францавіча Кузьміч, якія цяпер жывуць у Варапаеве, 50 гадоў сумеснага жыцця. Заўтра я паеду да іх на залатое вяселле.

Стрыечных маю нямала, але Лёдзя — найбліжэйшая. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, мы з ёй сышліся характарамі, нам лёгка гаварыць на любыя тэмы, разумеем адна адну з паўслова. Памятаю, як сястра з мужам будавалі ў Варапаеве дом і я часта ў іх бывала. Абое гасцінныя, прыветныя. Ад іх нярэдка хадзіла на работу на цагельны завод у Рудцы, на танцы, прыязджала і на святкаванні Дня будаўніка, Дня чыгуначніка.

Яны ўсё жыццё адпрацавалі ў Варапаеўскай дыстанцыі пуці. Карысталіся аўтарытэтам у кіраўніцтва і калег, не забыты ветэраны працы і сёння. Лёдзя — добрая, мудрая. З вялікай павагай да яе адносіцца мой муж Уладзімір, ды і для ўсёй маёй сям’і сястра — прыклад ва ўсім. З ёй раюся па любым пытанні, яна першая спяшаецца, каб падтрымаць або раздзяліць радасць. Здаецца, дабрыня сястры не мае межаў. Пры любой неабходнасці і ў любы час дапамагае не толькі радні, але і чужым людзям. Кузьмічы — сардэчныя, душэўныя, чулыя і працавітыя. Іх паважаюць гарпасялкоўцы.

Быць шчаслівымі ў дзень уступлення ў шлюб — заканамерна, а вось адчуваць сябе такімі праз паўстагоддзя сумеснага жыцця могуць далёка не ўсе, хто сустракае такі юбілей. Мае сястра і швагра па-ранейшаму жыццярадасныя, па-сапраўднаму шчаслівыя. Золатам іх сумеснага жыцця з’яўляюцца два сыны і трое ўнукаў.

Сёння я шчыра віншую дарагіх маёй сям’і людзей з залатым вяселлем, жадаю моцнага здароўя, аптымізму. Няхай старасць, якая заглядвае ў вокны, доўга не зможа пра­біцца ў вашу хату. Дай Бог вам яшчэ шмат гадоў крочыць поруч. Няхай і надалей вам спадарожнічаюць каханне, дабрабыт, шчасце.

З любоўю, Часлава МЕЛЕЦ,

г. Паставы.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.